Маршрут Шклоў >
Кропкі маршрута Шклоў
Як мяркуецца, першыя пахаванні пачалі праводзіцца на могілках у сярэдзіне XVIII ст. Прадстаўнікі яўрэйскага народа і сёння называюць гэты пагост «Бесхаім», што на мове ідыш азначае «дом жыцця». Захавалася ўнікальная, вельмі рэдкая ў архітэктурным плане старажытная лесвіца, якая вядзе ў гару на могілках да спецыяльнага памяшкання, дзе пахавальная працэсія спынялася перад тым, як ажыццявіць пахаванне памерлага.
Гэтае прадпрыемства пабудавана ў 1898 г. i прызначалася для вытворчасці абгортачнай паперы розных гатункаў і кардона для вырабу ўпаковачнай тары. З прыходам савецкай улады прадпрыемства было нацыяналізаванае. Сёння па вул. Фабрычнай, 26 можна убачыць некалькі арыгінальных пабудоў фабрыкі ў стылі мадэрн. Гэта вытворчы корпус, двухпавярховы будынак канторы і невялікая гаспадарчая пабудова.
Першапачаткова паркавыя насаджэнні займалі каля 30 га. Парк быў значна пашкоджаны падчас Другой сусветнай вайны. Закладзены ён быў у сярэдзіне XVIII ст. Праз паўтары сотні гадоў былі зроблены новыя пасадкі, аформленыя алеі, парк быў абнесены агароджай з чатырма брамамі, з якіх сёння захаваліся толькі дзве. Ацалелая частка паркавага масіву добраўпарадкавана гарадскімі службамі і актыўна выкарыстоўваецца для адпачынку гараджан.
Храм у стылі класіцызму з элементамі псеўдаготыкі ўзведзены з цэглы ў сярэдзіне XIX ст. Яго паставілі на падмурку больш старой пабудовы. З прыходам савецкай улады святыня была адведзена пад памяшканне кінатэатра, а пазней пад склад прамысловых тавараў. Прыкладна ў гэты час з касцёла бясследна знік арган. Храм адноўлены і адкрыты для вернікаў у 1999 г.
Шклоў вядомы з 20-х гг. XVI ст. Ён неаднаразова знішчаўся рускімі войскамі. З XVIII ст. – уласнасць роду Хадкевічаў, затым Сапегаў. Магдэбургскае права атрымаў у 1762 г. Захавалася мноства драўляных і каменных дамоў радавой забудовы прыкладна сярэдзіны XIX ст. Большая частка з іх адносіцца да так званай габрэйскай спадчыны. Старыя пабудовы і сёння пасля аднаўлення паспяхова выкарыстоўваюцца ў жылых і гаспадарчых мэтах.
Збудаваны будынак ратушы ў той час, калі Шклоў быў ва ўласнасці знакамітага шляхецкага роду Чартарыйскіх. Пачынаючы з 1770 г. на працягу двух-трох гадоў будаваўся будынак ратушы і велізарны комплекс гандлёвых радоў на новай рынкавай плошчы. З часам ратуша нязначна перабудоўвалася, зменшылася колькасць гандлёвых месцаў. У самым канцы XX ст. усе пабудовы былі ўдала адноўленыя і адведзеныя пад навучальныя ўстановы.
Магчыма, будаўніцтва праваслаўнай святыні пачалося яшчэ ў канцы XIX ст. А вось дата завяршэння будоўлі вядомая дакладна – 1905 г. Храм мае правільную крыжападобную форму і нясе ў сваёй архітэктуры псеўдавізантыйскі стыль. З часу пабудовы знешні выгляд царквы практычна не змяніўся. Як сцвярджаюць жыхары горада, храм заўсёды быў адкрыты для вернікаў.
Перад Другой сусветнай вайной трэць жыхароў горада складалі яўрэі. Акрамя адзінай каменнай сінагогі ў Шклове, якая захавалася, дзейнічала яшчэ чатыры адносна невялікія сінагогі, якія да нашых дзён не дайшлі. Савецкія ўлады зачынілі ўсе гэтыя храмы, а ў каменнай сінагозе адкрылі навучальную ўстанову. З часам яна была значна перабудавана. Больш аўтэнтычнае яе аблічча бачнае са двара. Сцвярджаюць, што пабудавана сінагога ў сярэдзіне XVIII ст.
Добра агледзеўшы пабудову Спаса-Праабражэнскай царквы ў Шклове, на хвіліначку затрымаемся ў яе добраўпарадкаваным і дагледжаным двары. Тут сярод шматлікіх вечназялёных кустоў і мноства розных кветак мы можам убачыць і некалькі старажытных помнікаў нашай даўніны — каменных крыжоў. Ёсць пашкоджаныя, а ёсць і тыя, якія добра захаваліся да нашага часу. Паспрабаваў распытаць людзей, якія служаць пры храме, — адкуль крыжы? Адказы былі розныя, але, на жаль, ніводнага дакладнага.
Жалезная дарога прыйшла ў Шклоў у 1903 г. Гэта была частка Пецярбургска–Адэскага чыгуначнага шляху, які пралягаў з Віцебска праз Оршу і Шклоў да Жлобіна, дзе разбягаўся ў двух напрамках: на Мозыр і на Гомель. Першапачаткова станцыя ў Шклове мела драўляны аднапавярховы будынак, але падчас Першай сусветнай ён значна пацярпеў ад пажару, і ў 1916 г. на старых падмурках быў узведзены новы будынак станцыі, цагляны. Пасля Другой сусветнай вайны быў крыху зменены дах станцыі.