Маршрут Студзенка >
Кропкі маршрута Студзенка
На мясцовых старажытных могілках захавалася невялікая драўляная царква Св. А. Неўскага ў стылі народнага дойлідства. Узведзена святыня ў самым канцы ХІХ ст. Доўгі час царква не дзейнічала, і толькі ў 1990 г. адкрылася для вернікаў. Побач з царквой знаходзіцца склеп-пахавальня, пабудаваны ў 1904 г.
Тут, на правым беразе ракі Бярэзіны, у лістападзе 1812 г. адбылася пераправа Вялікай арміі Напалеона, якая суправаджалася лютымі баямі паміж французскай і рускай арміямі. Першы помнік на знакамітым Брылеўскім полі ўсталяваны ў 1912 г. Разбураны ў 1920 г. У 1997 г. на беразе ракі ўсталявалі помнік загінулым французскім салдатам.
З 1980 г. у мясцовай школе дзейнічае музей беларускага пісьменніка Янкі Маўра. У свой час ён працаваў тут настаўнікам. Троіцкая царква ў рэтраспектыўна-рускім стылі пабудавана з цэглы ў 1891 г. Да нядаўняга часу царква ляжала ў руінах. Святыня пацярпела ў гады Другой сусветнай вайны. Адноўлена ў 1990 г.
Па сутнасці, гэта частка ракі Бярэзіны. Але менавіта ў гэтым лясным запаветным месцы яна як быццам прыпынілася і разлілася ў прыгожае лясное возера, а адпачыўшы, пабегла далей, што адлюстравана і ў дастаткова цікавай легендзе. Плошча возера складае амаль 7,6 км2, а даўжыня трошкі болей за 6 км. Сярэдняя глыбіня — каля 2 м. Гэтая прыродная перліна паступова зарастае, але ёсць і пясчаныя берагі, з якіх нескладана зрабіць адмысловыя здымкі ў скарбонку свайго фотаальбома.
Тут выдатна захаваўся будынак былой польскай школы ў стылі класіцызму, пабудаваны з чырвонай цэглы ў 1905 г. Інфармацыю пра падобныя помнікі архітэктуры варта распаўсюджваць, каб яны знаходзілі новых гаспадароў.
Бывае, што да іншага Святога возера дайсці цяжка, а даехаць тым болей. Гэтыя вельмі сакральныя і таямнічыя прыродныя скарбонкі ў большасці сваёй выбіраюць вельмі зацішныя і нават глухія мясціны. Святое возера ў Дубянях жа ляжыць літаральна за агародамі паселішча. Цікава, што яго берагі дзе-нідзе ўпрыгожаны жоўтымі касачыкамі. Яшчэ побач з вёскай, у лесе, захаваўся вялізны камень. Як камень, так і само возера згадваецца ў мностве захапляльных лягенд і паданняў. Глядзіце, вандруйце і шукайце, і кожны з вас абавязкова знойдзе тое, што шукае.
Сядзібны дом роду Цюндзявіцкіх пасля пажару стаіць занядбаны. Пабудаваны дом на вялікім фундаменце прыкладна ў 1886 г. Цераз дарогу знаходзіцца драўляная каталіцкая капліца, пабудаваная ў стылі народнага дойлідства ў 1811 г. У 1930-я гг. капліцу закрылі, а ў пачатку 1980-х гг. прыстасавалі пад гандлёвую кропку. Капліца вылучаецца сваім васьмігранным зрубам.
Вядомае паселішча з канца XVII ст. З сярэдзіны XVIII ст. маёмасць магнацкага роду Радзівілаў. На той час у мястэчку існавалі вытворчыя прадпрыемствы, працавала карчма, паштовая станцыя. Сёння мы можам толькі ўбачыць на могілках драўляную царкву Св. Мікалая (1869 г.), якая першапачаткова ўзводзілася як уніяцкая. Пасля паўстання 1863–1864 гг. святыня была значна перабудаваная, а вежы, адна з якіх была званіцай, знішчаныя. У 1937 г. савецкія ўлады выкарыстоўвалі храм пад зернясховішча, і толькі ў пачатку 90-х гг. ХХ ст. святыня была вернутая вернікам.
Магчыма, тут некалі і зарадзіўся горад Барысаў. Захавалася старажытнае гарадзішча ХІІ ст. У 1907 г. на гэтым гарадзішчы з цэглы пабудаваны сядзібны дом князёў з роду Раманавых у стылі мадэрн. У падножжа дома раскінулася невялікая сажалка, акружаная рэшткамі пейзажнага парку.
Вёска знаходзіцца на левым беразе ракі Бярэзіны. У Студзёнцы пачыналася маштабная пераправа французскіх войскаў. У 1960-я гг. тут былі ўсталяваныя мемарыяльныя знакі і помнікі загінулым воінам французскай і рускай армій. У 2002 г. усталявалі яшчэ адзін манумент у гонар загінулых французаў.