Маршрут Мураванка >
Кропкі маршрута Мураванка
Пры дарозе Беліца-Жалудок недалёка ад вёскі Баярка на старадаўніх могілках яшчэ стаіць мемарыяльны абеліск, збудаваны з цэглы ў канцы XVII ст. Існуе некалькі версій таго, каму пастаўлены гэты салідны манумент, а таксама некалькі легенд.
Знакаміты магнацкі род Хадкевічаў валодаў гэтым маёнткам з пачатку XVIII ст. Захавалася велізарная колькасць гаспадарчых пабудоў: вартоўня, лядоўня, дом для працоўных, свірны і лямус. У флігелі і сёння жывуць людзі. Адна толькі агароджа і брама з цэглы і каменю даюць уяўленне аб тым, наколькі багаты быў гэты маёнтак.
Сядзіба графскага роду Грабоўскіх вядомая з XVIII ст. Захаваўся ў руінах велічны сядзібны дом з чатырохкалонным порцікам і нішай пры ўваходзе для скульптуры Маці Божай, а таксама свіран і гаспадарчыя пабудовы. Паміж Дзікушкамі і Агароднікамі ў 1841 г. пабудавана Спаса-Праабражэнская царква з цэглы. Першапачаткова храм быў каталіцкім, у 1864 г. быў пераасвячоны ў царкву. Побач з храмам – званіца, каменны мур.
Вядома мястэчка з XV ст. Валодалі ім Сапегі, Урускія, Тызенгаўзы. Па праекце архітэктара В. Марконі ў 1908 г. збудаваны палац Чацвярцінскіх у стылі мадэрн. У палаца, на шчасце, сёння з'явіліся новыя гаспадары. Побач – флігель з каменю, жылы дом, стайня, бровар і іншыя пабудовы. У 1853 г. з цэглы і каменю збудаваны касцёл Ушэсця Дзевы Марыі ў стылі класіцызму. Будынак сінагогі, яўрэйскія могілкі.
У 1755 г. з цэглы пабудаваны Траецкі касцёл у стылі позняга барока. Званіца пры храме была пабудавана значна пазней, у 1886 г., але пры гэтым агульная цэласнасць двух будынкаў, збудаваных у розны час, не была парушаная. Прыгожай канструкцыі брама. Велізарны будынак плябаніі з цэглы (1819 г.). Ля касцёла можна ўбачыць сонечны гадзіннік XVII ст. На могілках руіны капліцы-пахавальні (XVIII ст.).
У зацішным кутку пад шатамі старажытнага парку захаваўся, магчыма, яшчэ з сярэдзіны XVII ст. маёнтак Кастроўскіх. Невялікі сядзібны дом, збудаваны з цэглы ў класічным стылі, стаіць у самай глыбіні парку. У руінах велічныя пілоны ўязной брамы. Таксама ў руінах захавалася гаспадарчая пабудова. У савецкі час у доме дзейнічала сельская школа.
Зусім побач з вясковай вуліцай захавалася дыхтоўная каменная пабудова былой стайні ад шляхецкай сядзібы, якая некалі квітнела ў гэтых месцах. Узведзена яна прыкладна ў канцы XIX ст., як мяркуецца, у 1865 г. Захаваліся таксама фрагменты сядзібнага парку.
Праваслаўны храм Св. Мікалая ў псеўдарускім стылі збудаваны з цэглы ў другой палове XIX ст. (як мяркуецца, у 1875-1895 гг.). У 2010 г. хупавы белы сілуэт святыні праглядаўся праз лістоту стогадовых дрэў. Сёння гэтых зялёных караляў каля храма ўжо няма. У 1990-я гг. храм капітальна аднаўляўся.
Маёнтак Рамэраў, які ствараўся ў пачатку XIX ст., прадстаўлены сядзібным домам з цэглы, жылым домам, стайняй і будынкам маслабойні ў два паверхі. Усе гэтыя будынкі адноўленыя, маюць дагледжаны знешні выгляд і эксплуатуюцца ў сучасных мэтах. Маёнтак акружае старадаўні парк.
Царква Раства Багародзіцы з цэглы пабудавана ў стылі готыкі і рэнесансу ў 1516 г. Пашкоджана падчас вайны 1656-1674 гг. У 1871 г. відазменены знешні выгляд будынка. У 1920 г. гэты храм быў касцёлам. У 1988 г. святыня адкрыта для вернікаў як царква. Недалёка ад царквы знаходзіцца старадаўні драўляны дом святара з каменнымі скляпамі і прасторным ганкам.