Маршрут Новая Мыш >
Кропкі маршрута Новая Мыш
Тут знаходзіцца ўнікальная культавая пабудова – трохвугольны храм. Троіцкая царква з цэглы пабудавана ў 1823 г. на сродкі мясцовага шляхціца Незабытоўскага. Паводле легенды, будавалася царква для масонаў. Першапачаткова храм быў драўляным з трыма ўваходамі і алтаром пасярэдзіне. Гэтая святыня таксама была адрэстаўраваная дзякуючы святару Рыгору Сапуну. Ад сядзібы Незабытоўскіх засталіся руіны некалькіх гаспадарчых пабудоў.
Чым вам не маленькі беларускі Парфенон? Гэта капліца-пахавальня роду Вольскіх, якія валодалі гэтымі землямі ў XVIII ст. Пабудавана капліца ў стылі класіцызму. Цяпер гэтая ўнікальная пабудова ляжыць у руінах.
У пачатку ХІХ ст. на старажытных каталіцкіх могілках узведзена цагляная капліца-надмагілле. Капліца пабудавана ў выглядзе піраміды ў стылі гістарызму. Такіх помнікаў у нашай краіне засталіся адзінкі. Неабходна захаваць гэтыя аб'екты для наступных пакаленняў. Побач з капліцай-надмагіллем знаходзіцца яшчэ адна напаўразбураная драўляная капліца ў стылі народнага дойлідства. Каля сцяны капліцы стаіць драўляная скульптура анёла.
З пачатку XVI ст. на гэтым месцы ўзвышаўся драўляны ўніяцкі храм. У якім годзе ён быў разбураны, пакуль невядома. Цяперашняя Успенская царква з'явілася тут у 1865 г. Пабудавана святыня з цэглы ў псеўдарускім стылі на сродкі мясцовых прыхаджан. Захавалася вельмі вытанчаная цагляная брама, якая, магчыма, з'яўляецца равесніцай храма.
Згадваецца паселішча з XV ст. З 1486 г. – мястэчка ВКЛ. У 1869 г. з каменю і цэглы ўзведена царква Св. Пятра і Паўла ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Пабудавана царква па тыпавым праекце. Варта ўдзяліць увагу арыгінальнай забудове паселішча, якая захавалася з канца XVIII ст. Будынкі сінагогі і карчмы дайшлі да нас у добрым стане. На могілках можна ўбачыць склеп-пахавальню і капліцу.
У 1859 г. на цэнтральнай плошчы паселішча пабудавана драўляная Спаса-Праабражэнская царква ў стылі эклектыкі. Захаваліся будынкі карчмы і сінагогі. У 1825 г. пабудаваны цагляны касцёл Ператварэння Гасподняга ў стылі класіцызму. Варта паглядзець унікальнае ўнутранае ўбранне храма.
Вядома паселішча з XV ст. Да падаўлення паўстання 1830-1831 гг. тут квітнеў манастыр дамініканцаў. У 1881 г. з дрэва пабудавана царква Св. Параскевы Пятніцы ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Захаваліся габрэйскія могілкі. Храм стаіць на ўзвышшы каля ракі Іссы, адкуль адкрываецца прыгожы від.
У 1867 г. з палявога каменю пабудавана царква ў гонар Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Да 2005 г. храм ляжаў у руінах. Дзякуючы святару Рыгору Сапуну святыня адноўлена і прымае вернікаў. У каменную агароджу храма ўбудаваны арыгінальныя вуглавыя каплічкі.
Тут у выдатным стане захавалася частка сядзібнага дома шляхецкага роду Велічкоўскіх. Пабудаваны ён з цэглы ў класічным стылі ў самым пачатку ХХ ст. Храм стаіць на пакатым узвышшы, з якога адкрываецца чароўны від на наваколле. У дома стаіць некалькі дабротных каменных гаспадарчых пабудоў.
Паселішча вядомае як каралеўскія ўладанні ВКЛ з XV ст. Ад велічнага драўлянага замка роду Хадкевічаў засталіся толькі маляўнічыя пагоркі, парослыя дрэвамі і кустоўем. Замак спалілі расійскія войскі падчас вайны з Рэччу Паспалітай (1654-1667 гг.). Сёння тут можна ўбачыць будынкі бровара і спіртасховішча (ХІХ ст.) у выдатным стане. Захаваліся рэшткі пейзажнага парку.