Маршрут Полацк-1 >
Кропкі маршрута Полацк-1
Заснаваны Богаяўленскі мужчынскі манастыр у сярэдзіне XVI ст. У сярэдзіне XVII ст. пры манастыры працавала драўляная царква і драўляная брацкая школа, у якой некалькі гадоў выкладаў беларускі пісьменнік і філосаф Сімяон Полацкі. Новы каменны храм у стылі барока пабудаваны ў 1761 г., прыкладна ў той жа час былі ўзведзеныя новыя карпусы манастыра. У 30-я гг. XIX ст. храм быў перабудаваны. З 1981 г. у царкве дзейнічала карцінная галерэя, але ў 1991 г. яна была вернута вернікам.
Строгі трохпавярховы будынак жаночага вучылішча з чырвонай цэглы можна ўбачыць на вул. Еўфрасінні Полацкай, па левым баку, зусім побач са шматлікімі карпусамі Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра. Пабудавана вучылішча ў стылі класіцызму ў 1886 г. Вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў пад яго дахам дзейнічае тэхнікум лясной гаспадаркі.
У Полацку ў цудоўным стане захавалася цагляная капліца-пахавальня. З трох бакоў яе апраўляюць дарычныя порцікі на вытанчаных спараных калонах. Капліца ўзведзена ў стылі ампір ў 1828 г. Знаходзіцца яна на тэрыторыі старажытных лютэранскіх могілак, якія размяшчаюцца недалёка ад чыгуначнага моста, на выездзе з горада ў бок Расонаў.
У 1769 г. пры кляштары бэрнардынаў узведзены цагляны касцёл у стылі барока. У 1831 г. карпусы кляштара былі зачыненыя, а праз некалькі гадоў касцёл быў значна перабудаваны і перададзены праваслаўнай царкве. Некалі аднанефны храм з дзвюма вежамі-званіцамі сёння ляжыць у руінах. У карпусах кляштара працуе лячэбная ўстанова.
Пабудавана гэтая лютэранская царква з цэглы ў стылі неаготыкі ў 1888 г. на месцы драўлянага лютэранскага храма. З часам будынак быў перабудаваны і нязначна відазменены. Сёння пад скляпеннямі былой царквы размясціўся Краязнаўчы музей Полацка, які пераехаў сюды ў 1927 г. з Сафійскага сабора.
Яшчэ ў пачатку XVII ст. тут дзейнічаў манастыр, пабудаваны з дрэва на сродкі роду Храпавіцкіх. Пасля паўстання 1831 г. манастыр быў зачынены, а яго тэрыторыя і будынкі былі перададзены праваслаўнай царкве. Да нашых дзён захаваўся толькі двухпавярховы жылы корпус манастыра, пабудаваны ў стылі барока з цэглы. Знаходзіцца ён на вул. Леніна, побач з корпусам Богаяўленскага манастыра.
Паводле пісьмовых крыніц, гэты храм пабудаваны ў 1066 г. Першы раз святыня пацярпела ад пажару ў 1607 г. У 1710 г., падчас Паўночнай вайны, храм быў разбураны рускімі войскамі пад камандаваннем Пятра I. У саборы захоўвалася багатая і ўнікальная бібліятэка. У 1738 г. касцёл быў адноўлены ў стылі віленскага барока. Рамонтныя работы працягваліся і ў 1913 г. Пасля Другой сусветнай вайны ў храме знаходзіўся архіў. У 1985 г. святыня была адрэстаўраваная і прыстасаваная пад канцэртную залу.
Гэты манастыр – найстаражытнейшы дзеючы манастыр на землях Беларусі. Заснаваны ён у 1120-я гг. як праваслаўны. Пасля 1579 г. ён быў ва ўласнасці манахаў ордэна езуітаў. З сярэдзіны XVII ст. манастыр зноў стаў праваслаўным. А з 1841 г. быў канчаткова зацверджаны як праваслаўны жаночы манастыр. У 1910 г. сюды з Кіева-Пячэрскай лаўры перавезеныя моцы Святой Еўфрасінні Полацкай. У 1928 г. савецкія ўлады зачынілі святыню, а ў 1990 г. яна зноў была адкрыта для вернікаў.