Маршрут Радчыцк >
Кропкі маршрута Радчыцк
Старажытных будынкаў у гэтай вёсцы захавалася няшмат. Яшчэ можна ўбачыць драўляную званіцу, пабудаваную на пачатку XIX ст., магчыма, побач з каталіцкай святыняй, што некалі таксама стаяла тут. Недалёка ад званіцы знаходзіцца безназоўная цагляная капліца-надмагілле (XIX ст.). Застаецца толькі спадзявацца, што калі-небудзь мы даведаемся, над чыёй магілай яна ўзведзена. Магчыма, тут спачывае хтосьці з уладальнікаў мясцовага маёнтка Райскіх.
Гэты храм узведзены як уніяцкая або каталіцкая святыня у 1720 г. Пабудаваны ён з дрэва ў стылі класіцызму. Пасля 1864 г. храм быў перададзены праваслаўнай царкве, а ў 1869 г. перабудаваны. Страчана першапачатковая купальная сістэма святыні. Да галоўнага фасаду храма прыбудаваны невялікі драўляны бабінец. Сёння храм вядомы як царква Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.
Прыклад гэтай святыні паказвае, што, на жаль, многія факты з нашай слаўнай беларускай гісторыі страчаныя назаўсёды. Узведзена гэтая культавая пабудова ў 1788 г., аднак невядома, да якой канфесіі яна адносілася першапачаткова і які лёс чакаў яе пасля 1864 г. Вядома толькі, што ў 1937 г. царква Св. Іллі была значна перабудавана, яе першапачатковы выгляд быў істотна зменены.
Калісьці на месцы гэтага храма ўзвышаўся старажытны драўляны ўніяцкі храм. Лёс яго невядомы. Крыжаўзвіжанская царква знішчана савецкімі ўладамі ў 1960 г. Мы нават не ведаем, як яна выглядала і да якой канфесіі адносілася. А сёння адкрытая царква Св. Мікалая ў псеўдарускім стылі была пабудаваная з дрэва ў 1906 г. Яна па праву лічыцца адной з найпрыгажэйшых культавых пабудоў Брэстчыны.
Маёнтак Скірмунтаў вядомы з сярэдзіны XV ст. Калоднае – радзіма вядомай мастачкі Гелены Скірмунт, чыя магіла знаходзіцца на каталіцкіх могілках у Пінску. Ад сядзібы захаваліся фрагменты парка і паравы млын. На могілках стаіць драўляная царква Св. Дзмітрыя, збудаваная ў стылі народнага дойлідства прыкладна ў 1872 г. Побач з храмам стаіць невялікая драўляная званіца (XIX ст.).
Пабудавана Пакроўская царква з дрэва ў стылі народнага дойлідства ў 1781 г. Як святыня выглядала першапачаткова і што было перабудаванае ў ёй у 1873 г., невядома. Хутчэй за ўсё, раней гэтая культавая пабудова мела крыжападобную форму, а ў другой палове XIX ст. да кутоў прамянёў крыжа былі прыбудаваныя чатыры аднапланавыя памяшканні. Побач з царквой стаіць драўляная званіца, якая з'яўляецца равесніцай царквы.
У 1841 г. ўладальнікі тутэйшых маёнткаў з роду Скірмунтаў ўзвялі манументальны будынак храма з цэглы ў стылі класіцызму. Асвечаны храм у гонар Раства Багародзіцы. Над крыжападобным будынкам узвышаецца масіўны купал на васьмігранным барабане. Пасля Другой сусветнай вайны храм быў адноўлены і адрэстаўраваны. Побач з храмам знаходзіцца магіла А. Скірмунта.
Пакроўская царква пабудавана з дрэва ў 1857 г. Вядома, што ў пачатку ХХ ст. храм перабудоўваўся, і толькі тады ён набыў рысы псеўдарускага стылю. У якім жа стылі была пабудаваная святыня першапачаткова, пакуль невядома. Можна з упэўненасцю сказаць, што пры перабудове была перайначаная купальная сістэма храма і прыбудаваны бакавыя аб'ёмы.