Маршрут Расна >
Кропкі маршрута Расна
Вядомая вёска з XVI ст. Царква Св. Мікалая ў рэтраспектыўна-рускім стылі пабудавана з цэглы на ўскраіне вёскі ў 1903 г. на месцы, дзе калісьці стаяў храм XVIII ст. У 1960 г. святыня была перабудавана пад клуб. У 1993 г. храм вярнулі вернікам. У той жа час царкву зноў значна перабудавалі, канчаткова знікла званіца над прытворам.
Узведзены млын з якаснай цэглы ў 1901 г. Мясцовыя жыхары ўжо не памятаюць, хто быў першым гаспадаром гэтага млына. У савецкі час ён яшчэ працаваў на калгас, і многія вяскоўцы малолі на ім зерне. Сёння млын стаіць занядбаны, пасярод непралазнага зарасніку. Унутры часткова захаваліся рабочыя механізмы і жорны.
Успенская царква ў рэтраспектыўна-рускім стылі пабудавана з цэглы ў 1903 г. Падобны праект культавай пабудовы быў выкарыстаны і для храма ў Благавічах. Толькі мясцовы храм не настолькі пацярпеў ад перабудовы і рэстаўрацыі, і знешні дэкор святыні яшчэ дае ўяўленне пра яе першапачатковы выгляд.
Гэтая сціплая драўляная Траецкая царква, магчыма, некалі была жылым домам. Пабудаваны храм у 1940 г. На беразе ракі, якая пакрысе перасыхае, стаіць дабротны каменны млын (1884 г.), а на краі вёскі знаходзяцца габрэйскія могілкі, нядаўна адноўленыя мясцовымі жыхарамі, якія паднялі перакуленыя надмагільныя пліты і прыбралі тэрыторыю могілак.
Калі рухацца, напрыклад, ад Дрыбіна па шашы Р123 у бок горада Горкі, мы неўзабаве будзем праязджаць праз гэтую даволі вялікую вёску. Амаль па яе ўскрайку прабягае рака Хуткая. У цэнтры вёскі, на ўзгорку, можна ўбачыць каменны крыж. Ён да нядаўняга часу хаваўся ад чалавечага вока, але быў знойдзены падчас земляных работ на адным з прыватных участкаў. Жыхары сцвярджаюць, што некалі на гэтым месцы існаваў драўляны ўніяцкі храм, а побач з ім — невялічкія могілкі. Паміж хатамі на лузе ляжыць незвычайнай формы пясчаны кангламерат.
Вялікія зямельныя валы і глыбокія равы, калісьці запоўненыя вадой, захавалі сваю веліч да нашых дзён. Старажытнае гарадзішча ў гэтым населеным пункце датуецца ХІІ ст. У адным з завулкаў вёскі можна ўбачыць маляўнічыя руіны каменнага млына, які быў пабудаваны ў 1834 г.
Вядомае паселішча з 1335 г. З 1785 г. – мястэчка. Захавалася сядзіба Спытковых у стылі неакласіцызму, закладзеная ў 1895 г. Сядзібны дом захаваўся ў добрым стане. Больш пацярпелі гаспадарчыя пабудовы, бровар і вадзяны млын. У 1819 г. з цэглы ўзведзены касцёл Св. Казіміра ў стылі класіцызму. Трохнефнай базіліке храма патрабуецца тэрміновая кансервацыя.
Вядомае паселішча з 1560 г. Згодна з легендай, на гэтым месцы некалі быў паганскі курган. Папярэдні храм стаяў тут ажно да канца XVIII ст. Успенская царква, якая стаіць тут сёння, пабудавана з цэглы ў рэтраспектыўна-рускім стылі ў 1907 г. Малітоўная зала храма ўзведзена ў два ярусы, да яе кампактна прымыкаюць прытвор і апсіда.
Фойна вядомае як сяло з 1604 г. Каля магістралі М8 знаходзіцца цагляная паштовая станцыя ў стылі класіцызму, пабудаваная па адным з тыпавых праектаў у 1842 г. Казырок над уваходнымі дзвярыма станцыі трымаецца на арыгінальных літых чыгунных апорах. Сцены пабудовы багата ўпрыгожаныя рустам. Захавалася частка агароджы станцыі.
Першая згадка пра Чавусы адносіцца да сярэдзіны XVI ст. У 1604 г. паселішча зрабілася мястэчкам. У 1634 г. Чавусы атрымалі магдэбургскае права і герб. Па вул. Факельнай захавалася аптэка, пабудаваная ў 1833 г. На вул. Ленінскай можна ўбачыць будынкі гімназіі і паштовай станцыі (1839 г.). Сучасны музей горада размясціўся ў былым будынку казначэйства (1902 г.) на вул. Савецкай.