Маршрут Ружаны >
Кропкі маршрута Ружаны
Крыжаўзвіжанская царква ў рэтраспектыўна-рускім стылі пабудаваная з цэглы ў 1914 г. Храм узвышаецца над драўлянымі дамамі вёскі і добра бачны здалёк. Асаблівасць святыні – велізарнае арачнае акно на ўсю вышыню малітоўнай залі. На краі селішча некалі стаяла драўляная святыня, з якой звязана некалькі найцікавейшых легенд.
Тут захавалася мемарыяльная калона ў гонар паўстання Каліноўскага (1863-1864 гг.). Па падмурку збудавання відаць, што некалі была зробленая спроба разбіць цагляную кладку, каб калона павалілася. Сёння патрабуецца тэрміновая кансервацыя мемарыяла і наданне яму статусу архітэктурнага помніка.
Паселішча вядома з 1516 г. З 1604 г. – фальварак. З 1687 г. – валодання Сапегаў, затым Мілачэўскіх. Захаваліся будынкі каменнай стайні і вадзянога млына. Можна ўбачыць руіны шасціграннай вяндлярні. У 1885 г. побач з могілкамі ўзведзеная царква Св. Аляксандра Неўскага. Часткова захаваліся фруктовы сад і пейзажны парк.
У 1878 г. тут пабудаваная Свята-Узвіжанская царква ў рэтраспектыўна-рускім стылі з часанага палявога каменю. Яе асноўны аб’ём, дэкараваны дастаткова проста, дапаўняецца прыгожай двух’яруснай званіцай, якая была пабудаваная адначасова з храмам з таго ж матэрыялу. Першы ярус званіцы прарэзаны скразным арачным праёмам.
У гэтым аграгарадку, які знаходзіцца побач з Аранчыцамі, захавалася нядаўна адрэстаўраваная чыгуначная станцыя. Пабудаваная яна з цэглы ў класічным стылі прыблізна ў першым дзесяцігоддзі XX ст.
Траецкі касцёл пабудаваны з цэглы ў стылі позняга барока ў 1763 г. на месцы старога драўлянага касцёла, які стаяў тут з 1527 г. У 1866 г. касцёл быў перададзены праваслаўнай царкве і перабудаваны. Пасля пажару ў 1880 г. ён яшчэ раз аднаўляўся і перабудоўваўся. Побач з руінамі касцёла захавалася надмагільная капліца над магілай польскага паэта і драматурга Ф. Карпінскага.
Сярод старажытнага парку на беразе ракі Мушкі захаваўся цагляны сядзібны дом Дзяконскіх у стылі барока, пабудаваны ў 1779 г. З часам дом быў значна перабудаваны. Цікавасць выклікаюць велізарныя скляпеністыя падвалы для захоўвання прадуктаў. Да нядаўняга часу ў доме працавала сельская бальніца. Часткова захаваліся службовыя пабудовы.
Аўтамагістраль Р85 рассякае масіў пушчы на дзве няроўныя часткі і злучае гэты біялагічны заказнік з Ружанамі, якія знаходзяцца непадалёк. Заказнік тут быў створаны ў 1986 г. з мэтай захавання ўнікальных і знікаючых відаў раслін, якіх тут налічваецца больш за чатырыста; шмат відаў занесена ў Чырвоную кнігу РБ. Плошча заказніка складае каля 3 тыс. га.
На могілках захаваліся руіны капліцы Св. Казіміра, пабудаванай з цэглы у 1792 г. У 1615 г. на плошчы збудаваны цагляны Траецкі касцёл у стылі барока. Побач, пры кляштары базыльянаў, у 1762 г. збудаваны яшчэ адзін цагляны касцёл у стылі барока. У 1839 г. ён быў аддадзены пад праваслаўны храм. Захаваліся манастырскі корпус (1675 года), сінагога (1755 года), радавая забудова (ХIХ ст.) Упрыгожанне пасёлка – палацавы комплекс Сапегаў (1598-1605 гг.), пабудаваны ў стылі барока. У дадзены момант комплекс рэстаўруецца.