Маршрут Сар’я >
Кропкі маршрута Сар’я
Перад намі вялізныя руіны. Гэта рэшткі былога палаца Гільзенаў. Узведзены ён з цэглы ў стылі класіцызму ў далёкім 1782 г. Вакол руін – маляўнічы пейзажны парк, адзін з лепшых на Віцебшчыне. Будынак шпіталя, які захаваўся ад былога манастыра місіянераў, узведзены з цэглы ў 1759 г. Да нашых дзён таксама дайшлі драўляная царква Св. Георгія (1878 г.) і руіны фундаменту Троіцкага касцёла, пабудаванага ў 1783 г.
На пустцы прыкладна ў цэнтры вёскі ў 1826 г. пабудаваная цагляная каталіцкая капліца ў гонар Найсвяцейшай Троіцы ў стылі класіцызму. На першы погляд – простая, невялікая, блізкая па форме да куба пабудова. Але, калі прыгледзецца да нешматлікіх дэталяў вонкавага дэкору, можна адкрыць раней нябачныя вытанчаныя рысы класічнага стылю архітэктуры, якія вокамгненна змяняюць храм.
У 1846 г. гэтую святыню, магчыма, узвялі як каталіцкую. Пабудаваны храм з цэглы ў класічным стылі ў гонар Св. Еўфрасінні. У канцы ХІХ ст. пры царкве дзейнічала прыходская школа для дзяўчынак. У 1937 г. храм быў закрыты і прыстасаваны пад склад. У памяшканні царквы адзін час нават працаваў сельскі клуб. У 1992 г. храм быў вернуты вернікам.
Збудаваны чыгуначны вакзал, які здалёк нагадвае старажытны сярэднявечны замак, у 1924 г. з цэглы па ўнікальным для Беларусі праекце. У будове яўна праглядваюцца стылізаваныя рысы стылю мадэрн. Бакавыя крылы вакзала ў два паверхі надаюць пабудове яшчэ большую маштабнасць і манументалізм.
З культавых пабудоў у горадзе захаваўся касцёл Раства Дзевы Марыі, узведзены ў стылі класіцызму ў 1809 г. У савецкія часы ён выкарыстоўваўся як склад і быў вернуты вернікам толькі ў 1990 г. Захавалася некалькі будынкаў радавой забудовы. У 1819 г. у стылі класіцызму ўзведзены праваслаўны храм у гонар Св. Мікалая, у 1895 г. ён быў значна відазменены. Ёсць меркаванне, што гэтая святыня першапачаткова ўзводзілася як каталіцкая.
Гэтыя маштабныя руіны яшчэ можна выратаваць, каб памножыць нашу нацыянальную скарбонку яшчэ адным архітэктурным шэдэўрам. У старажытным парку захаваліся руіны сядзібнага дома Нітаслаўскіх, які быў пабудаваны ў стылі неакласіцызму з цэглы ў 1862 г. У добрым стане да нашых дзён дайшло некалькі жылых дамоў і невялікая гаспадарчая пабудова.
Вялізны сядзібны дом шляхецкага роду Лапацінскіх сёння выкарыстоўваецца як касцёл. Пабудаваны ён у 1750 г. Захаваліся пілоны брамы і два флігеля. У лесе можна знайсці мемарыяльную калону ў гонар Канстытуцыі РП 1791 г. Уражвае драўляная царква Св. Троіцы ў стылі барока, пабудаваная ў 1774 г. як касцёл. Згубленыя вежы святыні. Побач з храмам знаходзіцца драўляная званіца і каменны крыж. Таксама захавалася вясковая школа (1928 г.).
Ад каменнай царквы засталіся толькі маляўнічыя руіны – нават назва забылася. У вёсцы высяцца сцены вялізнага каталіцкага храма. Пабудаваны Троіцкі касцёл у неараманскім стылі ў 1906 г. на месцы драўлянага касцёла. Адразу пасля 1917 г. быў закрыты. Пасля Другой сусветнай вайны выкарыстоўваўся як склад. Адноўлены і вернуты вернікам у 1988 г.
Ад сядзібы Лапацінскіх захавалася толькі ўязная брама, якая нядаўна была адноўленая ва ўсёй красе. Успенская царква, якая вылучаецца вытанчанымі рысамі неаготыкі, узведзеная ў 1852 г. па праекце архітэктара Г. Шахта як радавая пахавальня шляхціцаў Лапацінскіх. У 1865 г. канфіскаваная і перададзеная царскімі ўладамі праваслаўнай царкве. Адноўлены падвесны мост цераз раку Сар’янку.
У 1882 г. у вёсцы ў псеўдарускім стылі ўзвялі цагляную царкву ў гонар Св. Мікалая Цудатворца. Храм невялікі, але пабудаваны па ўсіх канонах. Будынак храма ўключае малітоўную залу, пяцігранную апсіду, трапезную і званіцу, якая складаецца з некалькіх аб’ёмаў.