Маршрут Шэрашава >
Кропкі маршрута Шэрашава
З сярэдзіны XVIII ст. гэтым маёнткам валодалі Швыкоўскія, Каранеўскія, Чарнецкія. Захаваўся ўнікальны будынак сыраварні з цэглы і палявога каменю. У ім і сёння жывуць людзі. Надзвычай добра захаваўся цагляны свіран са скляпеністымі сутарэннямі. Сутарэнні маглі б выкарыстоўвацца як вінны склеп.
Мясцовы храм у стылі класіцызму ўзведзены з бутавага каменю і цэглы ў 1811 г. У 1864 г. святыню перабудавалі. Магчыма, ад першапачатковага храма засталіся толькі чатыры сцяны. Цяпер храм рамантуюць. Магчыма, пасля гэтага можна будзе ўбачыць, якім быў храм да перабудовы ў 1864 г, і да якой канфесіі ён належаў.
Маёнтак вядомы з XVI ст. як уласнасць шляхецкага роду Віславухаў. З канца XVIII ст. належаў роду Зянонаў. Прыкладна ў пачатку ХІХ ст. у маёнтку пабудавалі новыя будынкі. Некаторыя з іх – невялікі бровар і некалькі гаспадарчых пабудоў – дайшлі да нашых дзён. Часткова захаваўся пейзажны парк і ўязная алея.
Царква Св. Пятра і Паўла пабудавана па адным з тыпавых праектаў у 1873 г. Выканана царква з цэглы ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Да званіцы прымыкае трапезная, самы вялікі аб'ём складае малітоўная зала, якая завяршаецца паўкруглай апсідай гранёнай формы.
Магчыма, гэты дом застаўся ад сядзібы ці фальварка. Доўгі час у ім дзейнічала сельская школа, а ў мансардзе жыў дырэктар гэтай школы. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што нядаўна гэты дом намагаліся набыць інастранцы.
Пабудавана Пакроўская царква з цэглы ў рэтраспектыўна-рускім стылі ў 1869 г. на месцы драўлянага храма, які стаяў тут з пачатку XVIII ст. Тры арачных увахода прыкрыты фігурнымі парталамі. Зграбныя рысы званіцы і сціплыя цыбуліны купалоў надаюць царкве вытанчаныя і мілыя рысы.
Узведзена царква Св. Мікалая ў рэтраспектыўна-рускім стылі з цэглы ў 1903 г. Зусім нядаўна храм быў у запусценні, але ў самым пачатку ХХІ ст. царкву аднавілі. Сёння гэты храм з залатымі купаламі ўзвышаецца над ваколіцай ва ўсёй красе.
Пабудавана Крыжаўзвіжанская царква з цэглы ў рэтраспектыўна-рускім стылі ў цэнтральнай частцы вёсцы ў 1903 г. Старажылы сцвярджаюць, што раней на гэтым месца стаяў старажытны драўляны храм з трыма купаламі. Да якой канфесіі належаў папярэдні храм, невядома.
У гэтай вёсцы захавалася драўляная званіца ў стылі народнага дойлідства. Званіцу пабудавалі ў 1799 г. пры царкве, якая да нашых дзён не захавалася. Другая царква, Св. Мікалая, узведзена ў псеўдарускім стылі з цэглы ў 1872 г. Адрэстаўравана ў 1968 г. Троіцкі касцёл у стылі позняга класіцызму пабудаваны з цэглы ў 1830 г. Побач з касцёлам стаяць дзве цагляныя капліцы ў стылі ампір. Каля моста можна ўбачыць каменную прыдарожную капліцу ХІХ ст. Дамы радавой забудовы вёскі захаваліся з ХІХ ст.