Сведкі стагоддзяў >
Кропкі Сведкі стагоддзяў
Вялікі камень Навіноўскі ляжыць ва ўрочышчы Букаты, якое ўяўляе сабой унікальнае месца з чароўнымі відамі, пералескамі, ярамі, спадзістымі ўзвышшамі і павойнымі палявымі сцяжынкамі. А гэты валун прынёс сюды ледавік.
Тут, побач з дачным пасёлкам, знаходзіцца помнік прыроды – Вялікі камень Бузуноўскі. Адзін з мясцовых жыхароў з асцярожнасцю пагадзіўся паказаць, дзе ляжыць гэты цуд. Яно і зразумела: некалькі гадоў таму мясцовы «дзялец» вырашыў перацягнуць волата ў свой агарод. Але нават звышмагутная тэхніка не прынесла выніку, і камень па-ранейшаму ляжыць на сваім законным месцы.
Пры дарозе М7 (Е28), недалёка ад вёскі Забярэззе, у полі ляжыць гэты камень. Да яго пратаптаная непрыкметная сцяжынка. Камень агароджаны тонкімі жэрдкамі, усталяваная шыльда. Яго не перашкодзіла б ачысціць, зрабіць аглядную дарожку, уладкаваць падыходы ад вялікай трасы, а таксама далучыць скульптараў і кавалёў для добраўпарадкавання тэрыторыі, якая прылягае да гэтага ўнікальнага аб'екта.
Гэты волат ляжыць у цені дрэў каля дарогі, якая вядзе з вёскі Залессе на вёску Гіневічы. Яго так і завуць – Вялікі камень Залескі. З гэтым унікальным помнікам прыроды звязана мноства легенд і павер'яў, што прыпісваюць яму, як і многім яго субратам, гаючыя якасці. Да гэтага каменя таксама не зарастае народная сцяжынка.
На дамінуючай вышыні ужо якое тысячагоддзе ляжыць гэты камень. Мясцовыя жыхары называюць яго «Чортаў камень», аднак такія назвы, на мой погляд, неапраўданыя. Падобныя назвы прыйшлі з хрысціянствам, якое падобным чынам спрабавала «перабіць» веру нашых продкаў-язычнікаў, што панавала на гэтых землях сотні гадоў.
Недалёка ад скрыжавання дарогі, левы рукаў якой сыходзіць на вёску Крыніца, а правы – на вёску Забярэззе, знаходзіцца Васькаў камень. Ляжыць ён у прыгожым змяшаным лесе на невялікім узвышэнні. Высокія хвоі і стройныя бярозы, абступіўшы яго з усіх бакоў, як быццам абараняюць сабой і гэты камень, і гэта месца, таямнічае, вядзьмарскае.
Выязджаючы з Ракава на вёску Стары Ракаў, варта ўважліва прыгледзецца да невялікага поля, якое ляжыць злева ад дарогі. Новы наш знаёмы ляжыць сабе пасярод гэтага поля, прыкладна метраў за дзвесце. Асноўная частка гэтага каменя, верагодна, знаходзіцца ў зямлі. У вёсцы Стары Ракаў можна пачуць некалькі легенд аб гэтым волаце.
Каб убачыць гэты камень, неабходна прайсці ў канец вёскі, і, узяўшы трошкі правей, спусціцца да невялікай безназоўнай рачулцы, якая ўпадае ў Іслач. Аб гэтым месцы існуе прыгожая легенда пад назвай «Крэсла для Параскі». Камень на самай справе падобны да велізарнага крэсла. Побач, на краі гэтай рачулкі, захаваліся, магчыма, рэшткі паганскага капішча, якія таксама складаюцца з вялікіх і маленькіх валуноў.
Калі ехаць з Мінска на Вільню па дарозе М7, то, праязджаючы міма Ракава, з правага боку, на адхоне дарогі з зямлі можна ўбачыць магутныя бакі гэтага незвычайнага каменя. Ён зноў убачыў свет дзякуючы будаўніцтву дарогі, па якой мы і прыехалі да яго. Ледніковы кангламерат з плошчай у 32,5м2 адназначна здзівіць вас і пацешыць, што вы змаглі сустрэцца з падобным цудам прыроды.
Тут знаходзіцца яшчэ адзін «чортаў» камень. Каб яго знайсці, у канцы вёскі трэба прайсці праз невялікае поле і метраў на дзвесце паглыбіцца ў лес. Тут заўсёды пратаптана невялікая сцяжынка, да каменя заўсёды ідуць людзі, нясуць велікану дары: цукеркі, печыва, каляровыя стужачкі і кавалачкі пірагоў па святах. Вось вам і «чортаў» камень.