У ваколіцах Нясвіжа >
Кропкі У ваколіцах Нясвіжа
З канца XVIII ст. – уласнасць роду Ваньковічаў, затым, магчыма, з сярэдзіны XIX ст., фальварак належыць роду Радзівілаў. Магнаты адразу заклалі тут каля 10 вялікіх аранжарэй, якія выкарастоўваліся для азелянення і рэзідэнцыі, і самога Нясвіжа. Захаваліся драўляныя жылыя пабудовы і вялікі гаспадарчы будынак, побач з якім мы можам бачыць самы стары у Беларусі дуб чарэшчаты. Дрэва мае 13 моцных ствалоў. Сёння гэты помнік прыроды знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
Ля дарогі Р91 (Нясвіж–Асіповічы), за вёскай Слаўкава, стаіць гара Іванава, ці гара Святога Яна. Вышыня яе складае 209 м. Некалі на яе вяршыні існавала паганскае капішча з вялізным каменем-следавіком. Пасля на яго месцы пабудавалі царкву, а камень хацелі былі сцягнуць з гары. Але калі верыць легендзе, тыя людзі, якія гэта рабілі, былі пакараны старажытнымі багамі. Камень і сёння ляжыць каля падножжа гары, а ад царквы засталіся толькі рэшткі падмурку.
Перад намі не што іншае, як месца, дзе першапачаткова існаваў Нясвіж. Належала гэтае месца родам Салтанаў, Мантыгердавічаў, Кішкаў. У пачатку ХVI ст. – уласнасць роду Радзівілаў. Менавіта пры іх Нясвіж быў перанесены адсюль на бераг ракі Ушы. Як сведчаць архіалагічныя звесткі, паселішча на гарадзішчы існавала яшчэ у IV–V стст. Тут быў узведзены драўляны замак і царква. А само паселішча з’яўлялася цэнтрам воласці Клецкага княства. Курган-магільнік Х ст. да нашых дзён не захаваўся.
Побач з дарогай Р107, што вядзе на Цімкавічы, захавалася найпрыгажэйшая вяршыня ваколіц Нясвіжа. Вышыня яе 236 м. На яе вяршыні некалі на сродкі Яна Караля Хадкевіча быў узведзены касцёл у гонар Архангела Міхаіла, таму гара і сёння носіць імя Анёльская. Існаваў тут драўляны, а затым і мураваны кляштар езуітаў. Усё гэта было разбурана маскоўскімі ўладамі. А за савецкім часам гару наогул хацелі зрыць, пасля чаго тут застаўся вялізны кар’ер. У 2019 г. ля гары была праведзена літургія ў гонар св. Міхаіла, а на яе вяршыні ўсталяваны камень з мемарыяльнай шыльдай.
На правым беразе р. Лань, побач з вёскай Лань, амаль што паралельна бягуць дзве доўгія вуліцы вёскі Чанавічы. Прыкладна ў сярэдзіне той вуліцы, што бліжэй да ракі, цудам захаваліся курганныя магільнікі, узведзеныя у ІХ–ХІІІ стст. Шмат якія з іх моцна пашкоджаныя, некаторыя нават зусім нядаўна. Паміж вуліцай і курганамі расце магутны дуб. Лягенда сцвярджае, што гэта сын таго дуба, які быў аднагодкам курганаў і ў свой час выступаў як абярэг. Існуюць тут і больш познія пахаванні.
Курганы стаяць за вёскай, на могілках. Але яны з’явіліся тут нашмат раней, чым гэтае паселішча. Хутчэй за усё, яны тут з таго часу, што і курганы у Чановічах, а можа, і яшчэ старэйшыя, з тых часоў, калі тут былі паселішчы нашых далёкіх прашчураў: ятвягаў, дрыгавічоў і крывічоў. Гэтыя археалагічныя помнікі трэба было б узяць пад ахову дзяржавы. У самой вёсцы захавалася некалькі дубоў узростам прыкладна па 200–250 гадоў, якія авеяныя вельмі цікавымі легендамі.
Вялізнае гарадзішча датуецца V ст. да н.э. Як сведчыць старажытная легенда, на ім некалі рос вельмі магутны дуб, які нават адважыўся паспрачацца ці падужацца сілай з Перуном. У час навальніцаў са сваіх галін кідаў ён маланкі ў неба, у бок Перуна. Уладар нябёсаў нейкі час цярпеў гэта, а потым спаліў і дуб, і само паселішча на гарадзішчы. З тых часоў гэтае ўзвышша носіць яшчэ адну назву – Перуновая Гара, а месца, дзе рос дуб, – Магіла Волата.
Я упэўнены, што некалі даўным-даўно і сваё нараджэнне, і першыя дзесяцігоддзі жыцця гэты волат правёў у атачэнні леса-бору. Потым пры нейкіх абставінах лес той знік, а дуб застаўся у адзіноце. Цяпер ён уладар шырокай бязлеснай ваколіцы. Кажуць, што яму, можа, нават болей за 500 гадоў. Вышыня дрэва складае 35 метраў, дыяметр ля зямлі каля 3 метраў. Уражвае магутны стан дуба, яго ствалы, галіны, вольна раскінутыя ўшыркі. Прыхіліцеся да ягонай кары, прыслухайцеся, можа, і вам ён нашэпча адну са сваіх цудоўных легенд.
Даволі вялікая вёска на ўскрайку Гарадзеі. Не абдзяліў яе час і на багатую гісторыю мінуўшчыны. Але, на жаль, да нашых дзён усё тое вынішчана чалавекам ды часам. І толькі дзякуючы мясцоваму краяведу Александру Абрамовічу сёе-тое ды і усплывае з сівой даўніны. Не паляніцеся знайсці яго хату, вуліца Новая, 31, ды распытаць і пра надмагільны помнік Віктару Каліноўскаму, і пра мемарыяльны камень, прысвечаны Адаму Міцкевічу. Я ўпэўнены, вы будзеце ўражаны і пачутаму і ўбачанаму.
На вялікі жаль, Альба, якая пачынала будавацца яшчэ у сярэдзіне ХVI ст. як загарадная рэзідэнцыя Радзівілаў, да сёняшняга часу захавалася у вельмі дрэнным стане. Акрамя воднай сістэмы, можна ўбачыць і рэшткі старажытных паркаў, дзе мы з вялікім задавальненнем паглядзім на вельмі старыя дубы, якія захаваліся побач з уязной алеяй, у яе пачатку з правага боку. Таксама дубы захаваліся па берагах закінутых альбінскіх каналаў і вакол штучных сажалак.