Маршрут Усялюб >
Кропкі маршрута Усялюб
Невядома, для чаго прызначалася адзінокая каменная пабудова, якая стаіць тут. Магчыма, некалі гэта была дыхтоўная лядоўня з велізарным падвалам, якая стаяла ў тутэйшым маёнтку Далгарукіх з сярэдзіны XIX ст. Захаваліся таксама фрагменты старажытнага парку.
У густым невысокім сасонніку побач з вёскай Вераскава затаілася адзінае ў Гродзенскай вобласці возера Святое, якое ўваходзіць у басейн ракі Нёман. На жаль, на момант складання маршруту непасрэдна да берага возера прайсці было практычна немагчыма. На фотаздымках – пачатак сцежкі, што вядзе па залітай вадой грэблі да возера. На ствале хвоі, якая стаіць побач, маецца адзнака аб тым, куды вядзе гэтая сцежка.
Аднанефная каталіцкая святыня з дрэва ўзведзена ў стылі барока ў 1772 г. Першы ж касцёл на гэтым месцы пабудаваны ў пачатку XVII ст. Цяпер дзеючы храм у савецкі час быў ператвораны ў калгасны склад. У 1990 г. адноўлены і адкрыты для вернікаў. Касцёл здалёку дзівіць сваёй постаццю, строгасцю формаў і адначасова вытанчанасцю. У кутку каменнай агароджы стаіць двух’ярусная драўляная званіца.
На беразе невялікай рачулкі, каля дарогі, стаіць драўляны вадзяны млын канца XIX ст. Яшчэ ў 1990-я гг. млын быў цалкам працоўным. Гэтая пабудова – яшчэ адзін каштоўны архітэктурны помнік беларускага драўлянага дойлідства, варты перанясення ў музей у Строчыцах.
Міма вёскі, шустра пятляючы па раўніннай ваколіцы, бяжыць рака Пліса, якая ўпадае ў Нёман. На краі вёскі, ля моста праз Плісу, можна ўбачыць вадзяны млын, пабудаваны з каменю і цэглы ў 1873 г. Валодаў ёю мясцовы багаты шляхціц, які, хутчэй за ўсё, загінуў дзесьці ў Сібіры ў пачатку мінулага стагоддзя. Доўгі час млын працаваў на мясцовую калгасную гаспадарку. Сёння ён закінуты.
Калі пайсці ад вёскі Лаўскія праз поле і трохі паглыбіцца ў лес, можна ўбачыць руіны яшчэ аднога каменнага вадзянога млына ў два паверхі. Узведзены ён у сярэдзіне XIX ст. і стаіць у вельмі маляўнічым месцы, дзе пад шатамі лесу цячэ рака Пліса.
На старажытных каталіцкіх могілках на ўскрайку вёскі ўзвышаецца каталіцкая капліца сярэдзіны XVIII ст. (па словах мясцовых жыхароў – канца XVIII ст.). Пабудавана святыня з драўлянага бруса ў стылі класіцызму і народнага дойлідства. Асвечана ў гонар Св. Антонія. Франтон, што выступае, магчыма, раней падтрымлівалі драўляныя калоны.
Храм Св. Тройцы пабудаваны ў стылі народнага або драўлянага дойлідства з тонкімі рысамі стылю мадэрн адразу пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. Вельмі кампактная культавая пабудова захапляе сваёй лаканічнасцю і вельмі ўдалым дэкорам вонкавых сцен, гарызантальна абабітых вагонкай. Адкрытая прастора вакол храма дае магчымасць добра разгледзець гэты архітэктурны шэдэўр з усіх бакоў.
Маёнтак належаў Навасельскім, Радзівілам, Пацеям, О’Руркам. Цагляны касцёл Св. Казіміра ў гатычным стылі ўзведзены ў 1433 г. на сродкі Яна Няміры. Гэта самы стары помнік каталіцкай архітэктуры ў Беларусі. У 1576 г. тут пабудаваны кальвінскі збор. Перабудоўваўся ў XVIII ст. У 1986 г. пацярпеў пры пажары. У 1980 г. быў адноўлены. Побач стаіць плябанія (XVIII ст.). За касцёлам знаходзіцца капліца-пахавальня О’Руркаў у стылі класіцызму, пабудаваная ў 1837 г. Ад сядзібы захаваліся гаспадарчыя пабудовы і парк. У 1838 г. тут пабудаваная царква Св. М. Архангела ў стылі барока.