Маршрут Відзы >
Кропкі маршрута Відзы
Хаця спецыялісты і кажуць, што гэты храм пабудаваны ў рэтраспектыўна-рускім стылі, можна смела сцвярджаць, што тут прысутнічае ўплыў і іншых архітэктурных стыляў, у асаблівасці тых, якія былі шырока распаўсюджаныя на беларускіх землях у XV-XVI стст. Пабудавана Пакроўская царква з цэглы ў 1892 г. на месцы больш старога драўлянага храма.
Варта наведаць магілу Томаша Ваўжыцкага – актыўнага ўдзельніка паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі 1794 г. Цагляная стараверская Успенская царква (1904 г.). Руіны каталіцкай капліцы (1861 г.). Па-майстэрску складзены з каменю і цэглы будынак вяндлярні (1881 г.). Разнастайная радавая забудова (ХІХ ст.). Безумоўна, упрыгожаннем не толькі пасёлка, але і ваколіцы з'яўляецца вытанчаны каменны каталіцкі храм Раства Дзевы Марыі, пабудаваны ў стылі неаготыкі ў 1914 г.
У атачэнні старажытнага парку захаваўся каменны сядзібны дом шляхецкага роду Ваўжыцкіх, пабудаваны ў класічным стылі з выкарыстаннем элегантных форм мадэрну ў сярэдзіне XVIII ст. Ад сядзібы таксама захаваліся пілоны ўязной брамы і некалькі гаспадарчых пабудоў. У самой вёсцы можна ўбачыць каменную пабудову карчмы, узведзеную ў сярэдзіне ХІХ ст.
Касцёл Св. Станіслава ў стылізаваных формах мадэрну і канструктывізму ўзведзены з дрэва ў 1930 г. З 1994 г. і па сённяшні дзень пакрысе ідуць аднаўленчыя работы, добраўпарадкоўваецца тэрыторыя вакол касцёла. Нізкія бакавыя нефы надаюць будынку ўстойлівы выгляд, а двух'ярусная званіца ўзносіць прысадзісты будынак да неба і надае яму больш лёгкія абрысы.
Ад старажытнага Дрысвятскага замка XVI ст. да нашых дзён дайшлі земляныя ўмацаванні. На шчасце, захавалася Петрапаўлаўская царква, пабудаваная з цэглы ў неарускім стылі ў 1908 г. А бліжэй да возера Дрысвяты можна ўбачыць велічны храм, узведзены ў рысах народнага дойлідства ў спалучэнні са стылем мадэрн. Пабудаваны ён у 1929 г. У 1964 г. храм быў закрыты і толькі ў пачатку 1990-х гг. вернуты вернкікам.
Тут некалі стаяў драўляны ўніяцкі храм, пабудаваны на сродкі вядомага шляхецкага роду Пацаў. Магчыма, цяперашні праваслаўны храм пабудаваны якраз на месцы старой святыні. Царква Св. Духа ў неарускім стылі ўзведзена з цэглы ў 1901 г. З 1967 г. і да 1990-х гг. храм быў закрыты і нейкі час служыў складам.
Тут можна ўбачыць манументальную пабудову катаіцкай святыні. А ўзведзены касцёл Св. Апостала Якуба з чырвонай цэглы ў 1907 г. Пасля Другой сусветнай вайны, насуперак калектыўнай просьбе прыхаджан, мясцовыя ўлады закрылі святыню. Толькі ў 1994 г. касцёл адрэстаўравалі і адкрылі для вернікаў. У старажытнай сядзібе захавалася каменная каталіцкая капліца ХІХ ст.
Вакол раскінуліся прасторы сапраўднай віцебскай глыбінкі. Гэта балоцісты край, пранізаны мноствам рэк, рачулак і азёр. Самае буйное возера носіць назву Муйса. Вось на беразе гэтага возера і знаходзіцца невялікая вёска Мінкавічы. Тут захаваўся стараверскі Пакроўскі храм, пабудаваны ў стылі народнага дойлідства ў 1903 г. Драўляны храм вылучаецца сціплым унутраным і знешнім дэкорам.
Першапачатковая назва паселішка – Ясенішкі. Непадалёк ад вёскі, на старых каталіцкіх могілках узвышаецца маналітная пабудова капліцы з груба абчасанага палявога каменю. Простыя формы стылю народнага дойлідства і манахромныя бутавыя сцены з 1935 г. не пакідаюць абыякавымі тых, хто наведвае гэтыя месцы і бачыць гэтую каталіцкую святыню.