Маршрут Вішнева >
Кропкі маршрута Вішнева
У 1424 г. на месцы, якое раней было паганскім капішчам, па ініцыятыве вялікага князя Вітаўта пабудаваны драўляны каталіцкі храм. У 1637 г. на сродкі ўладальнікаў Вішнева, роду Храптовічаў, узведзены новы мураваны касцёл. У 1771 г. ён аднаўляўся пасля пажару і дабудоўваўся. Пры савецкай уладзе касцёл дзейнічаў. У храме захаваліся роспісы пілонаў і скляпенняў, выкананыя знакамітым мастаком Фердынандам Рушчыцам.
Першыя прадстаўнікі гэтага народа сталі сяліцца ў былым мястэчку з самага пачатку XVIII ст. Больш заможныя габрэі мелі ва ўласнасці цэлыя вытворчасці розных гаспадарчых тавараў, больш бедныя гандлявалі ў невялікіх крамах. Старажытныя габрэйскія могілкі, магчыма, былі закладзеныя побач з паселішчам у сярэдзіне XVIII ст.
Не пашкадавала Першая сусветная вайна і гэтыя маляўнічыя мясціны нашай Беларусі. Пачынаючы з 1915 г. вёска апынулася на лініі фронту. Уздоўж лініі было збудавана мноства чыгунак, некаторыя з якіх, хоць і пашкоджаныя, захаваліся вакол Вішнева. Некалькі дотаў можна ўбачыць на хрысціянскіх могілках. Захаваўся дот і па дарозе да сядзібы Храптовічаў «Адрованж».
Былы прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс нарадзіўся ў Вішневе. Ад дома, дзе ён з'явіўся на свет у 1923 г., захаваліся толькі арыгінальныя падмуркі, складзеныя з каменю, і вельмі глыбокі калодзеж. Ва ўзросце 11 гадоў будучы палітык і дзяржаўны дзеяч эміграваў з Беларусі ў Палестыну. З 2007 па 2014 гг. ён быў прэзідэнтам Ізраіля. На радзіму ў Вішнева Перэс прыязджаў двойчы. У 1994 г. палітыку прысуджана Нобелеўская прэмія міру.
Парк былой сядзібы Храптовічаў з часам страціў свой першапачатковы выгляд. Захавалася ліпавая алея, якая вяла да сядзібнага дома. Нават цяпер можна заўважыць разнастайнасць дрэў і хмызнякоў. Адной са славутасцяў паркавай зоны з'яўляецца каменны арачны мост, перакінуты цераз адводны канал. Літая чыгунная агароджа моста даўно згублена, перасох і сам канал, а вось мост і сёння выкарыстоўваецца па прызначэнні.
Як сведчыць мясцовая легенда, у канцы XIV ст. на гэтым месцы адбылося з’яўленне Дзевы Марыі. Багародзіца папрасіла людзей пабудаваць тут храм, а каб яны не забыліся на яе просьбу, яна ўкленчыла і дакранулася да зямлі, і адразу з-пад яе далоні заструменіла гэтая крыніца, як напамін. У савецкі час яна была па-варварску засыпана пяском і каменнем. Зусім недаўна святая крыніца была адноўлена і яе ўрачыста асвяцілі падчас святочнай літургіі.
У свой час у гэтай сядзібе, закладзенай у самым пачатку ХХ ст., у поўную сілу працавалі тры вадзяныя млыны. Захаваўся двухпавярховы дом гэтай рэзідэнцыі роду Храптовічаў у стылі эклектыкі. Часткова захаваўся пейзажны парк з мноствам алей і маляўнічых палян, невялікая штучная сажалка. У руінах сціплая вартоўня, складзеная, як і дом, з бутавага каменю. На паляне ляжыць мемарыяльны камень часоў Першай сусветнай вайны.
Вядомая сядзіба з канца XIX ст. З 1600 г. – уласнасць знакамітага ў ВКЛ роду Храптовічаў. Пры канцлеры ВКЛ Іахіму Храптовічу Вішнева ператварылася ў адзін з найбуйнейшых вытворчых цэнтраў. Тут працавалі ганчарны, шкляны, цагляны заводы, фабрыка па вытворчасці сукна. Чыгуналіцейны завод лічыўся самым вялікім і вядомым на землях Літвы. Тут выраблялася зброя для ўдзельнікаў паўстання 1794 г. Часткова захаваліся пабудовы ліцейных цэхаў, дом кіраўніка або эканома.
Пры ўездзе ў былое мястэчка, побач з дарогай, знаходзяцца велізарныя хрысціянскія могілкі, акружаныя сасновым лесам. Тут захавалася старадаўняя капліца-надмагілле зусім юнай Г. Бракоўскай, якая пражыла ўсяго толькі 22 гады. Захавалася мемарыяльная дошка і малюнкі родавых гербаў на пліце. Тут жа знаходзіцца магіла Канстанцыі Буйло, беларускай паэткі, якая памерла ў 1989 г.
Адразу ж пасля паўстання 1863-1864 гг. пачалося будаўніцтва праваслаўнага храма, асвячонага ў гонар Св. Казьмы і Дзям'яна у рэтраспектыўна-рускім стылі. Пабудавана царква з палявога каменю, сабранага ў акрузе. Аконныя і дзвярныя праёмы святыні дыхтоўна атынкаваныя, іх пабеленыя сілуэты вылучаюцца на фоне манахромных каменных сцен. Царква пабудавана па тыпавым праекце т.зв. «мураўёвак».