Маршрут Віцебск-1 >
Кропкі маршрута Віцебск-1
Двухпавярховы будынак акружнога суда ў стылі класіцызму, які знаходзіцца на вул. Леніна, 32, пабудаваны з цэглы ў 1883 г. Галоўны фасад будынка выходзіць на плошчу Свабоды, якая некалі называлася Саборнай плошчай. У цэнтральнай частцы галоўнага фасада знаходзіцца трохпавярховы рызаліт, аформлены невысокімі франтонамі. Другі паверх мае арачныя вокны. Дапаўняюць дэкор фасада руставыя вуглы на ўсю вышыню пабудовы.
Невялікі куток Віцебска знакаміты, магчыма, на ўвесь свет. Дом, у якім жыў Марк Шагал, знаходзіцца на вул. Пакроўская, 11. Пабудаваны дом у 1903 г. бацькам мастака. Музей у ім адкрыўся ў дзень нараджэння Марка Шагала – 6 ліпеня 1997 г. Пакоі дома-музея аформлены ў адпаведнасці з архіўнымі матэрыяламі і аўтарскімі работамі майстра. Асабліва ўтульны дворык музея з мноствам кветнікаў і арыгінальнымі скульптурамі.
Былое жаночае епархіяльнае вучылішча знаходзіцца на вул. Гогаля, 6. Пабудавана вучылішча ў 1906 г. Знешні дэкор сцен пабудовы мае стрыманы, але ўрачысты характар, уключае элементы русту, дэкаратыўных ліштваў і карнізаў. Даволі вялікая адкрытая прастора перад будынкам дае магчымасць цалкам ацаніць яго маштаб і архітэктурныя асаблівасці.
Цагляны будынак банка знаходзіцца на вул. Даватара, 7. Пабудаваны банк у стылі мадэрн у 1917 г. На франтоне над галоўным уваходам размяшчаецца мазаічнае панно з выявай старажытнага герба горада. Будынак мае форму літары "Е" і ўпрыгожаны вуглавой вежай з арыгінальным масіўным карнізам у выглядзе мамікулей і высокім клінападобным шатром. Сёння ў будынку былога банка дзейнічае навучальная ўстанова.
На вул. Чайкоўскага, 3 да нашых дзён захаваўся рэдкі архітэктурны комплекс былых лабазаў-складаў, якія некалі служылі для захоўвання разнастайных прамысловых і прадуктовых тавараў, зерня і солі. Пабудаваны комплекс з цэглы ў стылі класіцызму ў 1774 г. Асноўныя пабудовы лабазаў злучаныя прасценкамі з шырокімі брамамі, праз якія сюды ўязджалі гружаныя таварамі падводы.
У 70-я гг. XVIII ст. на беразе Заходняй Дзвіны пабудаваны цагляны палац у стылі класіцызму. Ён і сёння ўражвае манументальнасцю і багаццем вонкавага дэкору, у тым ліку пампезнымі чатырохкалоннымі порцікамі. У 1812 г. у палацы каля двух тыдняў жыў Напалеон. У скверы каля палаца стаіць абеліск у гонар герояў вайны 1812 г.
Вершнік з сокалам на руцэ, на кані, які ўпэўнена крочыць наперад, – гэта помнік князю ВКЛ Альгерду, які ў 1320 г. атрымаў Віцебскае княства ў спадчыну. Падчас яго княжання тэрыторыя ВКЛ павялічылася ў два разы. У пачатку вул. Пакроўскай усталяваны рамантычны помнік мастаку Марку Шагалу, а ў скверы горада на расшчэпленым пастаменце з чырвонага граніту стаіць помнік беларускаму пісьменніку Уладзіміру Караткевічу.
Віцебск – адзін з найстаражытнейшых гарадоў на тэрыторыі Беларусі. Заснаваны горад княгіняй Вольгай у 974 г. З 1320 г. горад уваходзіў у склад ВКЛ. У 1597 г. горад атрымаў Магдэбургскае права і свой герб. Захавалася мноства разнастайных будынкаў радавой забудовы, некаторыя з якіх захаваліся з сярэдзіны XVIII ст. Большасць старажытных будынкаў захавалася ў цэнтральнай частцы Віцебска. Кожны дом тут – старонка ў кнізе гісторыі гэтага горада.
Яшчэ ў канцы XVI ст. у Віцебску ўзвышалася драўляная ратуша. У 1775 г. узведзена новая каменная ратуша. У 1911 г. ратуша была перабудаваная ў стылі позняга барока. Тады над двухпавярховай пабудовай з'явіўся яшчэ адзін паверх і шмат'ярусная вежа з шатровым дахам. У будынку ратушы ў свой час размяшчаліся разнастайныя дзяржаўныя ўстановы. Сёння тут працуе краязнаўчы музей з мноствам экспанатаў.