Маршрут Вострава >
Кропкі маршрута Вострава
У 40-я гг. XVIII ст. побач з могілкамі ўзведзены драўляны храм у стылі народнага дойлідства з рысамі класіцызму. Магчыма, святыня, цяпер праваслаўная, першапачаткова была каталіцкай ці ўніяцкай. У другой палове ХІХ ст., хутчэй за ўсё, у 1867 г., храм перабудавалі. Тады і з'явіліся апсіда, прытвор са званіцай і рызніца.
Храм у Збочна ўзведзены з дрэва ў стылі народнага дойлідства ў 1850 г. У другой палове ХІХ ст. яго нязначна перабудавалі і абнеслі каменнай агароджай. Сёння гэта Крыжаўзвіжанская царква. Побач з вёскай знаходзіцца старажытнае гарадзішча XII - XV стст.
Гэты драўляны храм падобны да храмаў у Вострава і Збочна. Узведзена святыня ў другой палове ХІХ ст. Па адной з версій, пабудавалі святыню раней, а ў другой палове ХІХ ст. толькі перабудоўвалі. Царкву акружае невысокая каменная агароджа. Захавалася брама, якую, магчыма, пабудавалі раней за агароджу.
На шляху цераз гэтае месца немагчыма не спыніцца, каб палюбавацца гэтай строгай драўлянай пабудовай. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што гэты ўмяшчальны свіран узведзены ў 1920-я гг. Іншыя кажуць, што ён быў пабудаваны ў 1912 г.
Ад старажытнай сядзібы, якая існавала тут з ХІХ ст., у цярпімым стане захавалася гаспадарчая пабудова з мелкага палявога каменю. Аконныя і дзвярныя праёмы па-мастацку абрамлены чырвонай цэглай. Галоўны фасад пабудовы ўмацаваны масіўнымі кантрфорсамі з цэглы, якія былі змайстраваны крыху пазней за сам будынак.
Узведзены храм у 30-я гг. ХІХ ст. Невядома, да якой канфесіі ён належаў першапачаткова. У 1867 г. храм перабудавалі і асвяцілі як царкву Раства Багародзіцы. У той жа час храм набыў рысы народнага дойлідства, а перад храмам з'явілася двух'ярусная драўляная званіца.
Тут некалі ўзвышаўся драўляны храм, пабудаваны ў сярэдзіне XVII ст. Сёння на гэтым месцы можна ўбачыць цагляны храм у псеўдарускім стылі, узведзены ў 1868 г. Магчыма, каменная агароджа і каменная брама арыгінальнай канструкцыі захаваліся яшчэ з часоў старога храма.
Царква Св. Іллі пабудавана ў 1864 г. Магчыма, яна была ўзведзена раней, а ў 1864 г. яе толькі перабудоўвалі. Магчыма таксама, што менавіта пры перабудове храм набыў рысы народнага дойлідства, а яго купальная сістэма была зменена. У 1990 г. храм аднавілі і ўрачыста адкрылі для вернікаў.
Гэтае невялікае паселішча ўпрыгожвае скромная праваслаўная капліца Раства Багародзіцы. Пабудавана капліца з бутавага каменю ў стылі народнага дойлідства з рысамі неакласіцызму. Хутчэй за ўсё, першапачаткова яна была каталіцкай, а пасля паўстання 1863-1864 гг. яе пераасвяцілі ў праваслаўе. Пры перабудове быў нязначна відазменены дах капліцы. Тады ж былі дабудаваныя новыя купалы.