Маршрут Вялікая Бераставіца >
Кропкі маршрута Вялікая Бераставіца
Паселішча вядомае з XV ст. як маёнтак на землях ВКЛ. Валодалі ім Хадкевічы, Мнішкі, Патоцкія. Благавешчанскі касцёл у стылі барока пабудаваны ў 1741 г. У 1886 г. ён быў перабудаваны і пераасвечаны як царква. У храме спачывае сэрца Яна Караля Хадкевіча – аднаго з вядомых военачальнікаў Рэчы Паспалітай. Сёння храм у руінах. Яшчэ адна культавая пабудова – касцёл Ператварэння Гасподняга, узведзены ў стылі неаготыкі ў 1908 г. Царква Св. Мікалая пабудаваная ў псеўдарускім стылі ў 1860 г. Адкрытая ў 1988 г.
У 1849 г. на месцы драўлянага касцёла, які некалі стаяў тут, з палявога каменю ўзведзены новы касцёл Дзевы Марыі ў стылі класіцызму з элементамі готыкі. Пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. царскія ўлады закрылі касцёл. У 1912 г. праводзіліся рамонтныя і аднаўленчыя працы. Побач з храмам стаіць двух’ярусная званіца, якая была пабудаваная на некалькі гадоў пазней. Непадалёк ад касцёла знаходзіцца драўляны будынак адміністрацыі гміны (1906 г.).
Касцёл Дзевы Марыі пабудаваны ў стылі класіцызму ў 1848 г. Улады хацелі не дапусціць, каб святыню пабудавалі, але дзякуючы А. Светчыну храм быў узведзены. У 1868 г. касцёл перабудавалі пад царкву. У 1952 г. храм быў закрыты і толькі да 1990 г. адноўлены і зноў адкрыты як касцёл. Захаваўся сядзібны дом і некалькі гаспадарчых пабудоў ХІХ ст. На могілках можна ўбачыць драўляную каталіцкую капліцу.
Храм з мелкага палявога каменю і цэглы ў рэтраспектыўна-рускім стылі ўзведзены тут у 1903 г. і, як відаць, спраектаваны па аднаму з тыпавых праектаў. Цэнтральная, ці малітоўная, зала ў выглядзе куба мае невялікія напаўкруглыя прыбудовы з таго ж каменю, упрыгожаныя праёмамі і фігурнымі фрызамі. Месца вакол гэтай праваслаўнай святыні добра дагледжанае.
Прыкладна ў сярэдзіне XVIII ст. маёнтак стаў уласнасцю Валовічаў, потым Масольскіх. З канца XVIII ст. маёнтак знаходзіўся ва ўласнасці роду Гаўвальтаў, потым Глязераў. Да канца ХІХ ст. маёнтак перайшоў у валоданне Залюцінскіх, якія ў 1900 г. пабудавалі комплекс будынкаў спіртзавода з апрацаванага каменю. Да нашых дзён ад маёнтка дайшло некалькі драўляных і цагляных гаспадарчых пабудоў.
Сядзібны дом шляхецкага роду Вірыёнаў цярпеў ад агню ў 1831 і 1850 гг. У 1875 г. пры Станіславе Вірыёне быў пабудаваны новы дом з рысамі італьянскай вілы, вежай у чатыры паверхі і вялізным дамашнім салонам. Падчас Першай сусветнай вайны дом зноў пацярпеў, але яго аднавілі ў 1923 г. Сёння гэтая прыгожая пабудова ў акружэнні прасторнага цяністага парку паступова знішчаецца часам і людзьмі.
Царква Св. Дзмітрыя ў псеўдарускім стылі пабудаваная з каменю і цэглы ў 1866 г. Касцёл Св. А. Падуанскага ў стылі класіцызму ўзведзены з цэглы ў 1851 г. У 1864 г. храм быў закрыты, а ў 1919 г. зноў адкрыты для каталікоў. Дзякуючы свайму вялізнаму гранітнаму цокалю, касцёл велічна ўзвышаецца над ваколіцай.
Ад былога сядзібнага дома Біслінгаў, пабудаванага з цэглы ў 1830 г., у першапачатковым выглядзе захаваліся толькі крылы. Таксама тут можна ўбачыць вялізны будынак бровара і некалькі гаспадарчых пабудоў. У 1855 г. пабудаваная каталіцкая капліца Дзевы Марыі ў стылі мадэрн. Праваслаўная царква Раства Багародзіцы, якая працуе і сёння, пабудаваная ў стылі позняга барока з каменю і цэглы ў 1796 г. як каталіцкая святыня. У 1865 г. храм быў перабудаваны і перададзены праваслаўным вернікам.
У XVI ст. маёнтак належаў Я. Валовічу – канцлеру ВКЛ. Потым гэта былі валоданні Дуніна-Юндзілы, Салтанаў. Сядзібны дом узведзены ў 1743 г. Пасля некалькіх перабудоў ён набыў рысы класіцызму. Франтон дома ўпрыгожаны гербамі знатных радоў – уладароў гэтага маёнтка. Сёння дом закінуты, без даху. Яго акружае парадзелы пейзажны парк са штучнымі стаўкамі.