Маршрут Вялікая Мядзвядка >
Кропкі маршрута Вялікая Мядзвядка
З 1840 г. мясцовы маёнтак належаў шляхецкаму роду Булгакаў. 6 кастрычніка 1876 г. тут нарадзіўся знакаміты беларускі фатограф і фотамастак Ян Булгак. Ад маёнтка захавалася некалькі флігеляў, якія былі перабудаваны пад гаспадарчыя памяшканні ў савецкі час, пабудовы гаспадарчага двара, частка пейзажнага парку і мноства сажалак, у якіх і сёння разводзяць рыбу.
Паселішча вядома з пачатку XVI ст. Маёнткам валодалі Ільінічы, Радзівілы, Віттэнштэйны, Зассы, Тамілоўскія. Захаваўся толькі пейзажны парк і пілоны ўязной брамы ў руінах. На высокім беразе Нёмана размясціліся могілкі. Тут захавалася былая ўніяцкая царква. Сёння гэта храм ў гонар іконы Казанскай Божай Маці. Пабудавана святыня ў першай палове ХІХ ст.
У гэтай вёсцы захавалася драўляная Узнясенская царква, узведзеная ў самым пачатку ХІХ ст. Магчыма, першапачаткова гэта быў уніяцкі храм. Ад сядзібы Дамейка захаваўся толькі флігель у добрым стане і руіны гаспадарчых пабудоў. У 1802 г. тут нарадзіўся этнолаг, географ, геолаг, нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка. У вёсцы ўсталяваны бюст і мемарыяльны камень у гонар Ігната Дамейка.
У 1745 г. на сродкі Карла Радзівіла пабудаваны драўляны храм у стылі народнага дойлідства. Пакуль невядома, да якой канфесіі ён належаў першапачаткова. Магчыма, пасля 1864 г. храм значна перабудавалі, а побач з ім узвялі званіцу з бутавага каменю. Сёння храм вядомы як Петрапаўлаўская царква. Храм аднавілі ў 1993 г.
Па наяўных звестках, гэты драўляны храм у стылі народнага дойлідства з элементамі класіцызму пабудаваны ў 1898 г. Магчыма, у 1898 г. яго толькі перабудоўвалі, ці яго ўзвялі на фундаментах папярэдняга драўлянага храма. Цяпер гэта Уваскрасенская царква. Стаіць святыня на мясцовых могілках. Нядаўна царкву пакрылі сайдынгам.
Гэтая культавая пабудова выглядае дастаткова проста, але ў той жа час вылучаецца вытанчанымі выверанымі прапорцыямі. Пабудавана капліца Св. Міхаіла Арханёла ў стылі народнага дойлідства з сасновага часанага бруса ў пачатку ХІХ ст. Стаіць яна на могілках на невялікім пакатым пагорку непадалёк ад вёскі.
Першапачаткова царква Нараджэння Іаана Прадцечы была ўніяцкай. Лічыцца, што царква пабудавана ў 1783 г., але яе маглі ўзвесці і раней. У 1878 г. храм быў значна перабудаваны, пасля чаго з'явіўся невялікі аб'ём прытвора. Купальная сістэма была відазменена і дапоўнена новымі элементамі. Яшчэ адну перабудову храм перажыў у пачатку ХХ ст.
Вядома, што Пакроўская царква ўзведзена ў 70-я гг. ХІХ ст., аднак больш дакладная дата будоўлі дагэтуль не вызначана. У пачатку ХХ ст. храм нязначна перабудавалі. Гэты цагляны храм стаіць у цэнтры вёскі. Побач з Сімакова прайшоў першы бой вайны 1812 г.
У 1846 г. на старажытных могілках вёскі ўзвялі драўляную царкву Раства Багародзіцы ў стылі народнага дойлідства. У 1990-я гг. царкву аднавілі. На вуліцы ў самой вёсцы можна ўбачыць цагляную прыдарожную капліцу, пабудаваную ў канцы ХІХ ст. Магчыма, капліцу некалькі разоў перабудоўвалі, так як значна зменена пакрыццё капліцы.
Вядома паселішча з 1514 г. Цырын быў цэнтрам староства, тут стаяў драўляны замак. Лічыўся горадам, як Навагрудак ці Ляхавічы, меў свой герб. Цырын моцна пацярпеў падчас вайны 1654-1667 гг. Сёння гэта проста беларуская вёска, у якой з гістарычных месцаў захаваліся толькі габрэйскія могілкі, якія бяруць пачатак з сярэдзіны XVII ст.