Маршрут Зельва >
Кропкі маршрута Зельва
Паселішча вядома з XV ст. У 1569 г. – мястэчка. У 1867 г. на пакатым узвышшы на ўскрайку вёскі пабудаваная цагляная царква Св. Мікалая Цудатворца ў псеўдарускім стылі. Уваход царквы ўпрыгожаны арачным навесам на чатырох фігурных слупах. Яшчэ адно ўпрыгожанне храма – яго званіца з мініяцюрным купалам наверсе. Храм акружаны каменнай агароджай з брамай з чатырма калонамі.
Здалёк здаецца, што гэта проста зарослы кустоўем невялікі пагорак. Толькі прабраўшыся далей, можна ўбачыць руіны капліцы-пахавальні ўладароў маёнтка Пабоева Калінкевічаў. Узведзеная гэтая капліца ў канцы ХІХ ст. з цэглы і палявога каменю ў выглядзе ратонды, па знешняму перыметры якой размяшчаюцца нішы для пахаванняў. Калі расчысціць вакол кустоўе, зроку вандроўніка будзе адкрывацца неверагодная прыгажосць, няхай і ў руінах.
Гэты храм узвышаецца на крутым пагорку, ля чыстага сасновага бору на краі вёскі з 1883 г. Царква Раства Багародзіцы пабудаваная з палявога каменю ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Да нядаўняга часу царква была ў руінах. Дзякуючы святарам і прыхаджанам сёння храм аднаўляецца.
Згадваецца ў складзе ВКЛ з XV ст. Валодалі мястэчкам Радзівілы, Язерскія, Сапегі. Захаваўся вадзяны млын у тры паверхі. Троіцкая царква ў стылі класіцызму (1815 г.) была пабудаваная як касцёл. Храм перабудавалі ў 1904 г. У 1908 г. ў неараманскім стылі пабудаваны Троіцкі касцёл з цэглы. У 1950 г. храм быў закрыты. Побач з царквой знаходзіцца дом паэтэсы Ларысы Геніюш, а на гарадскіх могілках – яе магіла.
Прыкладна ў кіламетры ад вёскі, глыбока ў лесе, на старажытных уніяцкіх могілках у 1812 г. пабудаваны невялікі драўляны ўніяцкі касцёл у гонар Св. Троіцы ў стылі народнага дойлідства. У канцы ХІХ ст. касцёл перадалі праваслаўным вернікам, крыху пазней яго значна перабудавалі, таму ўжо цяжка сказаць, якія рысы першапачатковага ўніяцкага храма захаваліся да нашых дзён.
У 1829 г. на каталіцкіх могілках пабудаваная цагляная капліца-пахавальня ўладальнікаў сядзібы Калупайла у гатычным стылі. Побач з ёй стаіць вежа – уваход у крыпту. У 1786 г. ўзведзены цагляны касцёл Св. Пятра і Паўла ў стылі барока. У 1866 г. ён быў закрыты, а ў 1896 г. перабудаваны пад царкву. У 1920 г. храм быў вернуты каталікам. Перад храмам можна пабачыць руіны званіцы (1790 г.). Ад сядзібы Слізняў захавалася афіцына, канюшня і гаспадарчыя пабудовы.
У 1819 г. ў стылі народнага дойлідства пабудаваны драўляны касцёл Св. Варвары. Захавалася каменная агароджа вакол касцёла. Сумежная з храмам тэрыторыя дагледжаная, удала высаджаны вечназялёныя кусты. Вельмі мілае і ўтульнае ўнутранае ўбранне касцёла. Над фасадам высіцца невялікая васьмігранная вежа-званіца ў два ярусы.
Сёння ўжо немагчыма з упэўненасцю сказаць, да якой канфесіі першапачаткова належала гэтая святыня. У пачатку XVIII ст. цагляны праваслаўны храм наўрад ці сталі ўзводзіць у стылі барока. І толькі ў другой палове ХІХ ст. яго перабудавалі і асвяцілі як праваслаўны. Менавіта ў той час зніклі яго першапачатковыя рысы, а на двухсхільным даху з’явіўся купал складанай канструкцыі. Тут таксама выдатна захаваўся каменны вадзяны млын.
Незвычайны драўляны будынак царквы Св. Параскевы Пятніцы ўзведзены ў стылі класіцызму ў 1820 г. Побач з храмам знаходзіцца драўляная брама-званіца, пабудаваная пазней, магчыма, у 1861 г. Храм быў адкрыты для вернікаў у 1990 г. Верагодна, што гэты культавы будынак быў пабудаваны як касцёл.