Маршрут Жамыслаўль >
Кропкі маршрута Жамыслаўль
На заўсёды паўнаводнай і бурлівай рацэ Гаўя стаіць вадзяны млын са слаба апрацаванага палявога каменю і цэглы, узведзены прыкладна ў 30-я гг. ХІХ ст. У сярэдзіне 90-х гг. мінулага стагоддзя ён яшчэ працаваў на электрычным рухавіку. Сёння млын закінуты. Прадзіравіўся дах, разграбленыя ці пашкоджаныя рабочыя механізмы.
Захаваліся рэшткі вялізнага замка Альбрэхта Гаштольда. Пабудаваны ён з каменю і цэглы ў далёкім XV ст. Мясцовыя аматары даўніны змайстравалі над руінамі замка драўляныя навесы. Ад сядзібы захаваліся некаторыя гаспадарчыя пабудовы. Касцёл Св. Мікалая ў стылі барока таксама паважнага ўзросту. Пабудаваны ён у 1529 г. як капліца ўладара замка. У 1799 г. быў адноўлены пасля пажару.
У свой час тут квітнела багатая сядзіба Вольскіх. Да нашых дзён захавалася адна з двух пяціпавярховых вежаў сядзібнага дома, пабудаванага з цэглы ў 1854 г. Можна яшчэ ўбачыць вялізны, добра захаваўшыся будынак вадзянога млына з бутавога каменю. У цокальным паверсе млына выразаны арачныя праходы для водных патокаў. Захаваўся і будынак кузні з каменю і цэглы.
Палац Умястоўскіх з цэглы ў стылі неакласіцызму пабудаваны ў 1877 г. па праекце архітэктара Марконі. Гэта вельмі блізкая копія палаца, які быў узведзены ў Варшаве. У палацы ў Першую сусветную вайну размяшчаўся санаторый для нямецкіх салдат. Захаваліся лядоўня, свіран, бровар, два флігеля і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Нядаўна тут адбыўся пажар. Такі архітэктурны цуд без належнага догляду можа ў хуткім часе пераўтварыцца ў руіны.
Драўляны касцёл Адшукання Святога Крыжа ў класічным стылі пабудаваны ў 1788 г. Каралінай Радзівіл. Побач – драўляная званіца. Уражваюць каменная агароджа храма і брамы незвычайнай канструкцыі. Святыню клапатліва аднаўляюць, упарадкоўваюць тэрыторыю вакол храма, і перазвон зноў разліваецца па ваколіцы, зазывае вернікаў на імшу.
Тое, што засталося ад велічных пабудоў сядзібы Радзівілаў, знаходзіцца сёння ў напаўразбураным стане. Аднак і гэтыя руіны ўражваюць наведвальнікаў сваёй маштабнасцю і размахам. Захаваліся дзве афіцыны ў стылі класіцызму і ўязная брама, якая ўяўляе вялізны праём на дарычных калонах. У ніжняй частцы брамы ў глухіх нішах стаялі скульптуры, у верхнім ярусе былі памяшканні для бібліятэкі. Непадалёк ад руін палаца знаходзіцца капліца-пахавальня Св. І. Хрысціцеля, пабудаваная, магчыма, яшчэ да XVIII ст.
Фальварак “Гута” з сярэдзіны ХІХ ст. належаў маёнтку ў суседнім Жамыслаўлі, да якога некалі была высаджаная ліпавая алея. Цяпер тут захаваўся толькі дом аканома пасярод поля, пабудаваны з цэглы ў 1912 г. Побач з ім яшчэ ёсць невялікі занядбаны ставок. Хацелася б, каб гэтаму дому не давялося доўга стаяць без гаспадара.
Касцёл Св. Юрыя ў стылі неаготыкі ўзведзены з цэглы ў 1909 г. Касцёл можа пахваліцца алтарамі, таксама зробленымі ў стылі неаготыкі, і прасторнымі хорамі з арганам. Колер сцен храма гарманічна спалучаецца з зелянінай наваколля. Касцёл акружаны каменнай агароджай з брамамі. Побач – плябанія, пабудаваная, магчыма, крыху раней за храм. Падобныя архітэктурныя шэдэўры выглядаюць асабліва выразна, калі стаяць у акружэнні сціплых вясковых пабудоў, як у Осаве.
У Суботніках у 1944 г. нарадзіўся Зянон Пазняк. Касцёл Св. Уладзіслава ў стылі неаготыкі пабудаваны з цэглы ў 1904 г. пры фінансаванні графа Умястоўскага. Значна пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны. У 1947 г. быў адноўлены. Тут жа можна ўбачыць чарговы цуд на землях Беларусі – у крыпце касцёла знаходзіцца капліца-пахавальня Умястоўскіх. Варта абавязкова наведаць гэтае неверагодна прыгожае месца.
Касцёл Наведвання Дзевай Марыяй Елізаветы пабудаваны з дрэва ў стылі барока ў 1809 г. Закрыты ў 1961 г. У 1975 г. вернуты каталікам. Побач можна ўбачыць капліцу-пахавальню Шукевіча (ХІХ ст.) і двух’ярусную драўляную званіцу. Згодна легендзе, Ікона Тракельскай Божай Маці пасля некалькіх пажараў, якія поўнасцю знішчалі гэты храм, заставалася некранутай.