Аўтарскі праект Уладзіміра Цвіркі
250 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі

КОТКА СТАРОЙ ПАНІ >

КОТКА СТАРОЙ ПАНІ

Некаторыя яе недалюблівалі, за вочы называлі старой пшэчкай. Але ў асноўным людзі і нават мясцовыя прадстаўнікі ўлады клікалі яе «пані Ванда». У каго яшчэ захавалася трохі сумлення, разумелі і ведалі, што менавіта з-за гэтай самай улады пані Ванда страціла ўсё: і велізарную гаспадарку, і мужа, і сыноў. І калі б не адна служанка, якая раней працавала ў доме пані і памятала яе дабрыню, яна б так і памерла з голаду, без кавалка хлеба. Жанчына прыняла старую гаспадыню і не брала ад яе грошай і не чакала падзяк. У чалавека было добрае сэрца – гэта галоўнае.

Пані Ванда і да прыходу бальшавікоў была ўжо немаладая, а тут яшчэ столькі гора прынеслі ёй апошнія гады... Негаманлівая яна была, жыла ціха. Моўчкі сядзела на лаўцы ля плота ў вялікім садзе, стараючыся не сустракацца вачыма з мінакамі. І толькі са сваёй выратавальніцай яна вяла кароткія гутаркі – і то ў асноўным зімой, калі ўвесь час была ў хаце.

Але была яшчэ адна істота, з якой яна размаўляла і нават ўсміхалася ёй, заўсёды была ласкавая, – котка. Пані яе любіла, і жывёла адказвала ёй узаемнасцю. Котку пані Ванда ўзяла з сабой са свайго спустошанага дома яшчэ зусім кацянём. Котка ды некалькі старых сукенак – вось і ўвесь яе скарб.

Кацянят, якіх прыносіла кошка, яна прасіла не тапіць. І малыя, пажыўшы нейкі час у двары, разыходзіліся па іншым гаспадаркам. І толькі старая котка заўсёды заставалася з пані Вандай, ніколі не злазіла з яе каленяў...

Справа была ўвесну. Вярнулася гаспадыня і пабачыла, што ўсё як звычайна: на лаўцы ў садзе пані Ванда, а на яе каленях ляжыць котка. І толькі калі яна павіталася з пані, а тая не адказала, адчула нядобрае. Так і ёсць – Ванда памерла. Ціха і ў адзіноце. Сабраўшы крыху грошай, людзі ўсе разам яе пахавалі. Знайшла пані свой спачын на мясцовых могілках, што былі зусім побач, праз два дамы.

На пахаванні многія заўважылі, што побач з магілай нерухома сядзела котка.

Яна не варушылася, неадрыўна глядзела на труну, у якой ляжала яе гаспадыня, і нават не палохалася дзяцей, што мітусіліся побач.

Людзі з могілак сышлі, а котка засталася. Не прыйшла яна ў вёску і назаўтра. Былая служанка пані Ванды, занятая паўсядзённымі справамі, толькі праз тыдзень узгадала, што котка так і не вярнулася. Пайшла на могілкі і ўбачыла яе там. Котка сядзела на магіле, якая была ўся стаптаная яе лапкамі.

На руках жанчына прынесла котку дадому, накарміла, і жывёла тут жа знікла з дому. Знайшла яе зноў на могілках, але зараз ужо котка не далася ў рукі. Усёй вёскай яе спрабавалі злавіць, але тая нібы здзічэла, бегла ад людзей. Насілі ёй корм і малако, спрабавалі вярнуць дадому.

Колькі часу гэта доўжылася, ужо і не ўспомніць. Але аднойчы знайшлі людзі гэтую котку мёртвай на магілцы сваёй гаспадыні. Параіўшыся са святаром, закапалі яе зусім побач з тым месцам, дзе ляжала для адных старая шляхцянка, а для іншых проста пані Ванда.