Маршрут Беразавец >
Кропкі маршрута Беразавец
Вядомае паселішча з XVI ст. як валоданні Кмітаў, потым Радзівілаў, Гогенлоэ, Путкамераў. Тут захаваліся маляўнічыя руіны яшчэ адной Узнясенскай царквы. Храм пабудаваны ў 1882 г., але пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны. Мясцовыя жыхары даглядаюць руіны, даюць яму другое жыццё.
Можна толькі ўявіць, якім неверагодна прыгожым быў бы будынак гэтага храма, калі б не Першая сусветная вайна. Так і стаіць па сённяшні дзень гэтая царква недабудаванай. Аднак яна пакідае фотамастакам, майстрам пяра і пэндзля ўнікальную магчымасць праявіць свой талент.
Маёнтак Рута згадваецца з 1515 г. Валодалі маёнткам Руцкія, Растоцкія. Сюды да Медарда Растоцкага часта прыязджаў Адам Міцкевіч. Згодна легендзе, у ХІІІ ст. гэтыя мясціны былі рэзідэнцыяй Міндоўга. Захавалася пабудаваная ў 1936 г. цагляная царква Усіх Святых у неарускім стылі. Нядаўна яна была належна адрэстаўраваная.
Першая згадка пра паселішча датуецца 1395 г. Валодалі ім Вітаўт, роды Чартарыйскіх, Абуховічаў, Радзівілаў. Пакроўская царква ў рэтраспектыўна-рускім стылі з цэглы пабудаваная тут у 1877 г. У 1936 г. у стылі класіцызму ўзведзены касцёл у гонар Божай Маці. Варта паглядзець радавую забудову ХІХ ст. Захаваліся руіны бровара і свіран у выдатным стане, пабудаваны ў 1842 г.
Тут, на мяжы двух вёсак, Малой Абрыны і Боўцічаў, у выдатным стане захавалася невялікая былая каталіцкая капліца. Узведзеная капліца з палявога каменю прыкладна ў 40-я гг. ХІХ ст. Перад Другой сусветнай вайной яе пераасвяцілі як праваслаўную святыню.
У невялікім шляхецкім маёнтку побач з гэтай вёскай нарадзіўся знакаміты фалькларыст і паэт, блізкі сябра Адама Міцкевіча і Томаша Зана – Ян Чачот. Адзін з заснавальнікаў тайных студэнцкіх суполак філарэтаў і філаматаў. Непадалёк ад вёскі можна ўбачыць вялізныя руіны былой абарончай пабудовы часоў Другой сусветнай вайны.
Старажытная назва паселішча – Абрына. Вядомае яно з 1522 г. Землі належалі Харытонавічам, Абрынскім. З 1812 г. – Кашыцам. Капліца-пахавальня Кашыцаў, пабудаваная ў 1911 г., цяпер у руінах. Ад сядзібы захаваліся трохпавярховая афіцына, арачны мост, велічны будынак канюшні.
Паселішча вядомае з XV ст. Валодалі маёнткам Кміты, Мацкевічы, Несялоўскія. Цагляная капліца-пахавальня ўзведзеная ў рэтрагатычным стылі графіняй Аннай Несялоўскай у 1851 г. У ёй пахаваны апошні ваявода Навагрудка Юзэф Несялоўскі.
У пісьмовых крыніцах паселішча згадваецца з 1276 г. Належала Альгердавічам, Радзівілам, Хадкевічам. Выдатна дэкарыраваная цагляная Пакроўская царква ўзведзеная ў рэтраспектыўна-рускім стылі ў 1888 г. Побач з храмам стаяць невялікія каменныя крыжы, якія глыбока ўраслі ў зямлю. Згодна легендзе, тутэйшая сядзіба славілася вырабам “літоўскай вэнджаніны”.
На ўездзе ў вёску гасцей сустракае мілы будынак прыдарожнай капліцы ў стылі класіцызму, узведзены ў 1872 г. У 1867 г. на цэнтральнай плошчы пабудаваная цагляная Узнясенская царква ў рэтраспектыўна-рускім стылі. У 1879 г. побач пабудаваная прыходская школа і двух’ярусная брама-званіца. З вёскі адкрываюцца прыгожы від на Нёман з яго лукавінамі і старыцамі.