Маршрут Гомель-2 >
Кропкі маршрута Гомель-2
На вул. Савецкая, 17 і Савецкая, 9 можна ўбачыць два прыгожыя будынкі. Першы – гэта камерцыйны банк. Пабудаваны ён з цэглы ў стылі мадэрн ў 1901 г. Банк Руска-Азіяцкі ўзведзены ў стылі неакласіцызму з цэглы ў 1910 г. Будынкі банкаў з’яўляюцца часткай радавы забудовы Гомеля, а таксама цікавыя як самастойныя архітэктурныя помнікі.
У 1898 г. па праекце архітэктара С. Шабунеўскага пабудаваны цагляны двухпавярховы будынак мужчынскай гімназіі. Будынак мае форму літары П. Пасля Другой сусветнай вайны ён быў рэканструяваны, надбудаваны трэці паверх. Першапачаткова ў гімназіі мелася невялікая царква, якая падчас аднаўленчых работ захаваная не была.
Гэты дом знаходзіцца па вул. Савецкай, 8. Збудаваны ён у стылі мадэрн з цэглы у 1894 г. Першапачаткова ён належаў аднаму з найбагацейшых купцоў Гомеля, Лейбу Маянцу. Першы паверх дома выкарыстоўваўся пад розныя крамы і аптэку. Другі быў адведзены пад навучальную ўстанову. Жылыя кватэры, якія здаваліся ўнаймы, размяшчаліся на трэцім паверсе.
Гомель вядомы з 1142 г. як уласнасць чарнігаўскага князя. З 1161 г. – уладанне роду Вольгавічаў. У складзе ВКЛ з 1335 г. Па прывілеі Жыгімонта II Аўгуста з 1560 г. карыстаўся пячаткай і гербам. Магдэбургскае права атрымаў у 1670 г. Радавая забудова горада захавалася з пачатку XVIII ст. Зараз гэта жылыя дамы і грамадскія ўстановы, утульныя рэстараны і кафэ.
У сучасным мужчынскім манастыры, які быў заснаваны ў Гомелі ў 1994 г., стаіць яшчэ адзін праваслаўны храм, асвячоны ў гонар Св. Мікалая. Пабудавана святыня ў рэтраспектыўна-рускім стылі з цэглы ў 1905 г. па праекце С. Шабунеўскага. З прыходам савецкай улады храм быў ператвораны ў збожжасховішча. Падчас Другой сусветнай вайны святыня была зноў перададзена вернікам і да канца XX ст. з’яўлялася адзіным дзеючым праваслаўным храмам у горадзе.
Пабудавана сінагога ў 1895 г. За апошнія сто з лішнім гадоў будынак гэтай культавай пабудовы пацярпеў значныя змены. Асабліва гэта закранула вонкавы дэкор сцен. Унутранае ўбранне таксама ўяўляе цікавасць. Сінагога дзейнічае і ў наш час і знаходзіцца па вул. Чырвонаармейская, 1А.
Першыя звесткі,пра гэтае паселішча датуюцца сярэдзінай 17ст. як вёска у складзе Мінскага ваяводства ВКЛ. Уладанне знакамітага княжацкага роду Чартарыйскіх,пад уладай якога быў і суседні Гомель.У канцы 70х гадоў,новы уласнік Румянцаў,пераносіць у С.Беліцу адміністрацыю Гомельскага павета. Святамікалаеўская царква пабудавана з дрэва у 1772г. у стылі барока,магчыма якуніяцкая святыня. Пасля паўстання 1863-64гг. Перабудавана пад праваслаўны храм. У выніку чаго у царквы з’явіўся прытвор і бакавыя прыдзелы. Драўляная званіца пры святыні не захавалася.
Цудоўна захаваліся цагляныя пабудовы сядзібы Багуслаўскіх, якія можна ўбачыць па вул. Лепяшынскага. Дзве велізарныя стайні, аздобленыя велічнымі франтонамі, стылізаваныя пад крапасныя муры. Захаваліся таксама гаспадарчая пабудова і невялікія фрагменты парку. Усе пабудовы ўзведзеныя прыкладна ў сярэдзіне XIX ст. Адзін з будынкаў, пабудаваных у 1849 г., многія прымаюць за сядзібны дом, аднак, хутчэй за ўсё, гэта адна з афіцын.
На гэтым месцы некалі стаяў стараверскі храм Спаса. У 40-я гг. XVIII ст. на яго месцы была ўзведзеная новая царква, якая прастаяла да 1793 г. Існуючая цяпер драўляная царква была выкананая ў 1793 г. у стылі народнага дойлідства і асвечаная ў гонар Св. Іллі. Званіца гэтай царквы мае ўнікальную канструкцыю: верхні яе ярус, дзе знаходзяцца званы, мае адкрытую прастору, падзеленую апорнымі слупамі.
Адна з цэркваў у гонар Св. Мікалая знаходзіцца на краі горада, у былой вёсцы Волатава, на беразе аднайменнай ракі. Збудаваны храм з цэглы ў стылі класіцызму ў 1805 г., магчыма, як каталіцкі. У канцы XIX ст. ён быў перабудаваны, а яшчэ раней, у 1834 г., была праведзена рэканструкцыя інтэр’еру храма, у тым ліку быў абноўлены алтар. У 1935 г. савецкія ўлады адкрылі ў храме клуб, а пазней краму.