Маршрут Крупкі >
Кропкі маршрута Крупкі
Паселішча вядомае з пачатку XVIII ст. У вёсцы мелася досыць вялікая яўрэйская абшчына. Захаваліся старажытныя яўрэйскія могілкі, яшчэ на адных могілках суседнічаюць праваслаўныя і каталіцкія пахаванні. Побач знаходзіцца пахаванне воінаў, якія загінулі ў Першай сусветнай вайне. Можна таксама пабачыць надмагіллі ў выглядзе каменных крыжоў, на многіх з якіх бачныя надпісы і даты. На жаль, некаторыя крыжы ўжо сыходзяць пад зямлю.
Першыя згадкі пра Бобр датуюцца 1516 г. Маёмасць родаў Хадкевічаў, Пацаў, Сапег, Агінскіх. З 1762 г. мястэчку надаецца Магдэбурскае права. Касцёл, цэрквы і тры сінагогі мястэчка знішчаныя часам і людзьмі. Захаваліся старажытныя габрэйскія могілкі, закладзеныя прыкладна ў сярэдзіне XVII ст. У пачатку ХХ ст. габрэі складалі каля 80% ад агульнай колькасці жыхароў былога мястэчка. На сёння захавалася каля шасцісот надмагільных помнікаў. У 1995 г. намаганнямі жыхароў паселішча вакол могілак усталявана жалезная агароджа.
Тут можна ўбачыць Свята-Праабражэнскі храм, магчыма, пачатку XVII або XIX ст. Царква ўзведзена з дрэва ў стылі класіцызму з элементамі барока і першапачаткова, хутчэй за ўсё, была ўніяцкай. Побач з царквой знаходзіцца некалькі вельмі старых каменных крыжоў, усталяваных, магчыма, да пабудовы самога храма.
Паселішча вядома з канца XVIII ст. Першапачатковая назва вёскі – Смаркі. Дзеючы цяпер праваслаўны Успенскі храм, па наяўных звестках, быў разбураны французамі падчас вайны 1812 г. Па іншых дадзеных, святыня была пашкоджана толькі часткова і адноўленая ў 1842 г. Храм пабудаваны з дрэва ў стылі народнага дойлідства з элементамі барока.
На мясцовых старажытных могілках можна ўбачыць каменныя надмагіллі, а таксама каменны падмурак былой уніяцкай царквы, разбуранай пасля Другой сусветнай вайны. Яшчэ тут можна паглядзець велізарны каменны крыж, моцна нахілены і на траціну ўрослы ў зямлю. Існуе мноства легенд пра крыжы, якія растуць з зямлі. Гэты ж, наадварот, нібы хаваецца ад вачэй чалавека.
З сярэдзіны XVII ст. згадваецца як мястэчка ва ўласнасці шляхецкага роду Сангушкаў. Апошнімі ўладальнікамі гэтага былога мястэчка быў род Свяцкіх, адзін з прадстаўнікоў якога, Карл Свяцкі, у 1903 г. пабудаваў на ўскраіне паселішча невялікі цагляны сядзібны дом у стылі мадэрн. Дом стаіць на беразе ракі Бобр у атачэнні пейзажнага парку, пасля Другой сусветнай вайны ён быў значна перайначаны.
З 50-х гг. XV ст. вядома як вялікакняская ўласнасць. Затым уласнасць родаў Кязгайлаў, Шэметаў, Нонгартаў. У 1638 г. заснаваны манастыр кармелітаў, а ў 1703 г. – манастыр дамініканцаў, ад якога да нашых дзён захаваўся перабудаваны жылы корпус і касцёл. Помнік, прысвечаны адмене прыгоннага права (другая палова XIX ст.). Недалёка ад цэнтра пасёлка – руіны Успенскай царквы, пабудаванай у 1866 г. Праведзеныя кансервацыйныя работы.
Праваслаўная царква Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў стылі народнага дойлідства з элементамі псеўдарускай архітэктуры пабудавана ў 1894 г. Па адной з легенд, на гэтым месцы да 1864 г. стаяў старажытны драўляны храм. На вясковых хрысціянскіх могілках можна ўбачыць некалькі каменных крыжоў, адзін з якіх мае вытанчаную правільную форму.
Царква Св. Георгія пабудавана з дрэва ў 1872 г. Падчас дзвюх сусветных войнаў яна не пацярпела моцна. Савецкія ўлады зачынілі царкву і прыстасавалі яе пад сельскі клуб, а пасля пабудова была занядбаная і пазней знішчаная.
Могілкі знаходзяцца практычна ў чыстым полі паміж невялікімі вёскамі Навасёлкі і Шацькі. Тут можна ўбачыць некалькі каменных крыжоў, адзін з якіх пашкоджаны – незразумела, часам або чалавекам. Такія крыжы варта было б узяць пад ахову дзяржавы.