Маршрут Ліпнішкі >
Кропкі маршрута Ліпнішкі
Яшчэ гадоў пяць таму тут, на скрыжаванні вясковых вуліц, у суцэльных густых зарасніках гэты храм, па ўсёй бачнасці, дажываў свой век. Аднак сёння святыня адроджана жыхарамі вёскі. А пабудаваны храм Святой Тройцы з дрэва ў рысах народнага дойлідства ў 1883 г. Кубападобны аб'ём малітоўнай залі накрыты чатырохсхільным дахам, над якой узвышаецца невялікі купал.
Паміж чыгуначнымі станцыямі Пецюны і Воранава стаіць пабудова станцыі Бастуны, збудаваная ў 1884 г. з цэглы ў стылі класіцызму з элементамі барока. Магчыма, гэта адзін з тыпавых праектаў, у які пры пабудове былі ўнесеныя адмысловыя, уласцівыя толькі гэтай станцыі рысы. Станцыя некалькі разоў нязначна перабудоўвалася, асабліва пасля Другой сусветнай вайны.
У 1870 г. з часанага палявога каменю ўзведзена Пакроўская царква ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Агароджа царквы таксама з каменю, з двух'яруснай брамай-званіцай, пастаўленай на двух апорах. Падобная канструкцыя брамы ўнікальная для Беларусі. Вельмі вытанчаны фрыз па перыметры храма, афармленне кутоў і аконных праёмаў адназначна ўпрыгожваюць гэты тыпавы праект.
Чыгуначная станцыя ў Гаўі пабудавана ў 1886 г. і ў свой час лічылася адной з найпрыгажэйшых сярод падобных сабе на адрэзку шляху ад Юрацішкаў да Ліды. Перад Першай сусветнай вайной яе знешні дэкор быў нашмат больш багаты і разнастайны: сцены, складзеныя з трывалай чырвонай цэглы, былі фактурнымі, атынкаваныя ж пад руст былі толькі куты і адхоны аконных праёмаў. Гаспадарчыя пабудовы станцыі былі разабраны пасля Другой сусветнай вайны.
Гэта паселішча вядома з пачатку XV ст. як валоданні Манівідаў, падораныя ім вялікім князем Вітаўтам ў 1407 г. Наступныя ўладальнікі – Гаштольды, Радзівілы. У 1904 г. у самым цэнтры вёскі з цэглы і часанага палявога каменю збудаваны касцёл Св. Тадэвуша і Сымона ў неараманскім стылі. Каменная агароджа з брамай у стылі мадэрн. Трохнефавая базіліка з дзвюма вежамі безумоўна з'яўляецца ўпрыгожаннем усёй ваколіцы.
Паселішча вядома з XIV ст. Уладальнікі – Вольскія. У 1910 г. з часанага каменю ў стылі неаготыкі пабудаваны касцёл Св. Казіміра. Каменная агароджа з вытанчанай неагатычнай аркай. На могілках і ў вёсцы захаваліся каменныя капліцы (XIX ст.). У памяркоўным стане сядзібны дом Вольскіх, флігель і старая габрэйская пякарня. Усе гэтыя пабудовы былі ўзведзены прыкладна ў 40-х гг. XIX ст.
Зусім побач са стромкім пясчаным берагам Нёмана ў 1869 г. з дрэва пабудавана Пакроўская царква ў стылі народнага дойлідства. Побач, у суседняй вёсцы Барава, туліцца яшчэ адна драўляная царква або капліца. Сёння яна закінутая. Капліца варта таго, каб яе перанеслі ў Строчыцкі музей драўлянай архітэктуры і побыту.
Гэтая прыдарожная капліца, па словах старажылаў, калісьці ўзвышалася ў боку прасёлкавай дарогі ці нават на скрыжаванні, адна з дарог якога вяла ў тутэйшы невялікі шляхецкі маёнтак. Сёння яна стаіць за вёскай на краі калгаснага двара ў запусценні і адзіноце. Магчыма, у канцы XIX ст. яна і была складзеная з цэглы ў класічным стылі ўладальнікамі гэтага маёнтка на мяжы сваіх валоданняў. У цяперашні час капліца аднаўляецца.
У цудоўным стане захаваўся мемарыяльны знак нямецкага штаба 85-га пяхотнага дывізіёна. Пастаўлены ён быў у часы Першай сусветнай вайны. З 1532 г. захавалася царква Св. Мікалая, пабудаваная з дрэва ў стылі народнага дойлідства. У 1840 г. аднаўлялася. Сядзібны дом Радкевічаў, пабудаваны з дрэва ў 1869 г., з часам зведаў некаторыя змены.