Маршрут Быхаў >
Кропкі маршрута Быхаў
Першыя пахаванні на гэтых могілках, магчыма, сталі рабіць яшчэ ў сярэдзіне XVII ст. Да пачатку XX ст. палову насельніцтва Быхава складалі прадстаўнікі яўрэйскай народнасці. Дзейнічала габрэйскае вучылішча, бібліятэка, друкарня. Для вернікаў былі адкрыты каля дзесяці сінагог. Да канца 1930-х гг. частка іх была зачынена савецкімі ўладамі і прыстасавана пад пастой салдат. Праз некаторы час закрыты былі і астатнія сінагогі.
Гэты незвычайны архітэктурны помнік у стылі барока збудаваны з цэглы ў 20-я гг. XVII ст. Сінагога не толькі выконвала сваю асноўную функцыю, але і была часткай агульнай абарончай сістэмы горада нароўні з Быхаўскім замкам. Выносная кутняя вежа, тоўстыя сцены, вокны высока над зямлёй і наяўнасць байніц красамоўна кажуць пра яе абарончы характар. Сёння пабудова закансерваваны, уваходы перакрытыя.
У сярэдзіне 80-х гг. XIX ст. у горадзе існавала ўсяго каля пяці каменных жылых пабудоў. Паступова іх колькасць павялічвалася. З адкрыццём чыгуначнага руху з Магілёва ў Жлобін у 1902 г. у горадзе была пабудавана чыгуначная станцыя. Магчыма, у гэты ж час узнікае патрэба з’яўлення ў горадзе і будынка гасцініцы. Была яна пабудавана з цэглы ў адзін паверх і акрамя жылых нумароў мела невялічкую краму. З цягам часу будынак неаднаразова дабудоўваўся. Асабліва быў зменены выгляд даху і франтонаў.
Жаночая гімназія ўзведзена ў класічным стылі з цэглы ў сярэдзіне XIX ст. Пабудаваная яна на сродкі аднаго з гарадскіх манастыроў. Пасля рэвалюцыі 1917 г. будынак навучальнай установы ператварылі ў турму, дзе ў лістападзе 1917 г. часовы ўрад ўтрымліваў пад вартай генерала Карнілава. Сёння тут зноў знаходзіцца навучальная ўстанова.
Да канца XVI ст. Быхаўская цвярдыня была драўлянай. У 1590 г. вялікі гетман ВКЛ Ян Караль Хадкевіч пачаў будаўніцтва каменнага замка. Праз 30 гадоў, ужо пры новым уладальніку Льве Сапегу, работы былі скончаны. У замку працавала майстэрня па адліву гармат і ядраў. Падчас вайны з Масковіяй (1654-1667 гг.) замак год трымаў аблогу. Падчас Паўночнай вайны ён быў моцна разбураны. У пачатку XXI ст. у замку быў пажар. Сёння праводзяцца частковыя аднаўленчыя работы, частка пабудоў кансервуецца.
Упершыню Быхаў згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1430 г. У гэты час ён ужо быў досыць вялікім паселішчам, якое знаходзілася ва ўласнасці вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы. Пазней – уласнасць роду Гаштольдаў. Радавая забудова горада даволі разнастайная. Некаторыя з пабудоў захаваліся яшчэ з пачатку XIX ст. У іх ліку знаходзіцца і будынак былога казначэйства, пабудаваны ў 1883 г.
Пабудаваны будынак гімназіі ў 1903 г. Нават нягледзячы на тое, што будынак перажыў рэвалюцыю і дзве сусветныя вайны, ён практычна не змяніўся. Знік толькі парапет на краі даху, які складаўся з дэкаратыўных цагляных слупкоў і жалезнай рашоткі. Пры канчатковай рэстаўрацыі ён, магчыма, будзе адноўлены.
Драўляная Траецкая царква ўзведзена ў стылі народнага дойлідства ў самым канцы XIX ст. Царква мае пяцігранную апсіду. Над агульным аб'ёмам бабінца велічна ўзвышаецца стройная васьмігранная званіца, якая гарманічна спалучаецца з галоўным купалам храма. Дэкор вонкавых ашалёваных сцен царквы даволі лаканічны.
Частка гэтых старажытных могілак некалі была адведзена пад пахаванні хрысціян каталіцкай веры. Як мяркуецца, менавіта на гэтай тэрыторыі захаваліся дзве капліцы-пахавальні заможных і паважаных жыхароў горада. Сёння капліцы, на жаль, ляжаць у руінах і выкарыстоўваюцца для звалкі смецця.
Аднапавярховы будынак чыгуначнай станцыі ўзведзены з цэглы ў 1898 г. Хутчэй за ўсё, гэты год быў толькі пачаткам будаўніцтва. У сакавіку 1903 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё руху цягнікоў на адрэзку чыгуначнай галіны Орша-Жлобін. Як мяркуецца, падчас Другой сусветнай вайны пабудова станцыі зведала значныя пашкоджанні, а пасля была адноўлена без бакавых крылаў, у выніку чаго яна страціла палову сваёй першапачатковай даўжыні.