Маршрут Дуброва >
Кропкі маршрута Дуброва
Дастаткова прыгожы аднапавярховы будынак чыгуначнай станцыі пабудаваны з чырвонай якаснай цэглы ў 1924 г. на сучаснай лініі Мінск-Пасажырскі–Маладзечна. Гэта былая Любава-Ровенская чыгунка, якая ішла праз Гомель і Мінск на Вільнюс і Коўна. Той кавалак чыгункі, на якім сёння стаіць станцыя ў Аляхновічах, быў пракладзены з 1880 па 1881 гг. Першапачаткова тут існаваў невялічкі драўляны будынак станцыі, і толькі ў 1924 г. тут з’явіўся цагляны будынак — сёння мы разглядаем яго ўжо як помнік грамадзянскай архітэктуры тых часоў.
Узвышша, на якім стаіць праваслаўны храм Св. А. Неўскага, здаўна лічыцца святым месцам. Па легендзе, тут некалі было паганскае капішча, а з канца XVIII ст. стаяла драўляная ўніяцкая царква. У 1864 г. з дрэва ўзведзена цяперашняя святыня. Цераз дарогу можна ўбачыць руіны склепа-пахавальні роду Свентаржыцкіх (ХІХ ст.). У вёсцы з-пад невялікай капліцы выцякае крыніца.
Троіцкая царква ў рэтраспектыўна-рускім стылі ўзведзеная па тыпавым праекце ў 1884 г. Да 1990 г. не дзейнічала. Захапляе агароджа царквы, складзеная з вялізных валуноў, магчыма, яна захавалася ад папярэдняга храма. Таксама ў горадзе можна ўбачыць руіны старажытнай брамы, дзіўны чатырохпавярховы вадзяны млын, сінагогу, пабудаваную ў пачатку ХІХ ст. Варта паглядзець габрэйскія могілкі, літаратурны і этнаграфічны музей.
У 1796 г. па праекце архітэктара з Рыма Карла Спампані пабудаваны цагляны касцёл Узнясення Дзевы Марыі ў стылі барока. У 1868 г. ён перададзены праваслаўным, а ў 1919 г. вернуты каталікам. У 60-я гг. ХХ ст. касцёл пацярпеў ад пажару. Цяпер ён у напаўразбураным стане. Насупраць касцёла стаіць драўляная плябанія (ХІХ ст.). У выдатным стане захаваўся каменны бровар, пабудаваны ў ХІХ ст. Непадалёк ад вёскі знаходзіцца Дзявочая Гара – вядомае свяцілішча.
У 1906 г. з драўлянага брусу пабудаваны млын, які першапачаткова працаваў на паравым рухавіку. Пасля Другой сусветная вайны гэты працаўнік працягваў дзейнічаць ужо як уласнасць мясцовага калгаса. На змену часткова пашкоджанаму паравому рухавіку прыйшоў новы электрычны. Зруб млына ў добрым стале, але даху патрэбны рамонт.
Ад уладанняў роду Кучынскіх (ХІХ ст.) захаваўся драўляны сядзібны дом, кузня і частка парку. Магчыма, сёння дом знаходзіцца ва ўласным уладанні. Тэрмінова патрабуецца ўмяшанне дзяржаўных структур па выратаванні архітэктурнага помніка нашай нацыянальнай спадчыны.
Выдатна захаваўся вадзяны млын, пабудаваны з палявога каменю і цэглы ў 1826 г. Перад дамбай, узведзенай разам з млыном, утварыўся маляўнічы ставок з берагамі, ухутанымі невялікімі ляснымі масівамі. Ад сядзібы захаваліся вялізныя гаспадарчыя пабудовы з каменю і цэглы. Ад старога парку да нашых дзён дажылі стагадовыя камлюкаватыя дубы і ліпы.
Як і ўсе старыя паселішчы, вёска вельмі кампактна і ўтульна ўпісваецца ў навакольны ландшафт. Унікальны драўляны касцёл Дзевы Марыі ўзведзены ў стылі народнага дойлідства з рысамі барока ў 1738 г. У 1866 г. прыстасаваны пад царкву, але ў 1930 г. вернуты каталікам. Побач у добрым стане захавалася цагляная капліца-пахавальня ўладароў мясцовага маёнтка Язвінскіх, узведзеная ў класічным стылі ў 1864 г.
На краі вёскі, ля прасёлкавай дарогі, у 1868 г. з палявога каменю пабудаваны праваслаўны Узнясенскі храм у псеўдарускім стылі. Узведзены храм па адным з тыпавых праектаў, якія актыўна выкарыстоўваліся ў той час на землях Беларусі. Храм акружае агароджа з таго ж матэрыялу. Упрыгожаннем святыні з'яўляюцца высокія арачныя вокны.