Маршрут Вілейка >
Кропкі маршрута Вілейка
Будынак бальніцы ў стылі эклектыкі з элементамі класіцызму і готыкі ўзведзены з каменю і цэглы ў 1906 г. Знаходзіцца ён па сучаснай вул. Вадап’янава. Двухпавярховы будынак упрыгожвае неглыбокі рызаліт з цэнтральным уваходам і спічастымі вокнамі над ім, які падзяляе будынак прыкладна напалову. У тым жа стылі аформленыя і астатнія вокны. Будынак і сёння выкарыстоўваецца па прызначэнні.
Сумна вядомая вілейская турма ў стылі класіцызму пабудавана з цэглы ў 1854 г. Першымі зняволенымі яе былі ўдзельнікі паўстання 1863-1864 гг., затым матросы з браняносца «Пацёмкін», беларускія палітычныя дзеячы, паэт В. Таўлай, сусветна вядомы вучоны Б. Кіт, адзін з кіраўнікоў БНР А. Луцэвіч. На лясных могілках у памяць аб загінулых вязнях Вілейскай турмы ўсталяваны мемарыяльны камень.
Паміж вул. Партызанскай і зав. Лугавым знаходзяцца могілкі некалі буйной яўрэйскай абшчыны Вілейкі. Каб убачыць могілкі, лепш праехаць да канца Лугавога завулка і падняцца на стромкае ўзвышша. Закладзены яны, хутчэй за ўсё, у сярэдзіне XIV ст.
Будынак гасцініцы ўзведзены ў 1903 г. Магчыма, з часам ён быў нязначна перабудаваны, асабліва відазменены знешні дэкор, які першапачаткова быў значна цікавейшы у мастацкім плане. На будынку маецца шыльда, якая абвяшчае, што будынак з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
На вул. Чырвонаармейскай, 28 можна ўбачыць дом, пабудаваны ў 1912 г. з цэглы ў стылі мадэрн для заможных жыхароў горада. Да нашых дзён ён дайшоў практычна без змен. Іншы дом знаходзіцца па адрасе зав. Школьны, 11. Узводзіўся ён у 1920-я гг. і таксама быў прызначаны для заможных грамадзян – у асноўным для прадстаўнікоў выкладчыцкага саставу адной з польскіх гімназій Вілейкі.
Стары будынак польскіх казармаў у простых формах з элементамі архітэктуры класіцызму ўзведзены з цэглы для пастаяннага пражывання ўланаў польскага войска ў 1922 г. З прыходам у 1939 г. савецкай улады ўланы былі расстраляныя, іх магілы знаходзяцца на гарадскіх могілках у польскім сектары. Паводле легенды, і сёння па калідорах казармаў блукаюць прывіды ў белых строях.
Гэтая каталіцкая святыня пачала ўзводзіцца яшчэ ў 1862 г. Пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. па загадзе царскіх уладаў недабудаваны касцёл быў пераасвечаны як царква. У 1913 г. касцёл дабудаваны ў стылі готыкі і раманскім стылі. Пасля Першай сусветнай вайны аднаўляўся. Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады ператварылі касцёл спачатку ў склад, затым у карцінную галерэю. У 1990 г. каталіцкая святыня адноўленая, на званіцы пастаўлены крыж, узведзена новая агароджа.
Першапачаткова гэты камень быў усталяваны ва ўрачыстай абстаноўцы ў вёсцы Будзько Вілейскага раёна ў 1935 г. Сёння адзіны захаваны ў Беларусі помнік, прысвечаны Ю. Пілсудскаму, знаходзіцца ў горадзе Вілейцы, куды ён быў перанесены ў самым пачатку ХХ ст. і захоўваецца на тэрыторыі адміністрацыі раённых электрасетак. Доступ да помніка, на жаль, абмежаваны па невядомых прычынах.
На могілках у асноўным пахаваныя польскія салдаты, якія загінулі ў час савецка-польскай вайны 1919-1920 гг. Колькасць пахаванняў дасягае двух сотняў. Да 1939 г. могілкі былі ў ідэальным стане. У 1930 г. паміж пахаваннямі быў усталяваны чатырохгранны абеліск у памяць аб загінулых воінах. Недалёка знаходзіцца таксама помнік польскім памежнікам, якія загінулі у 1939 г.
Царква ў рэтраспектыўна-рускім стылі з цэглы ўзведзена адразу пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. пад кіраваннем К. Каліноўскага. Асаблівасць дадзенай праваслаўнай царквы ў тым, што на шатровых гранях даху званіцы, над бабінцам, устаноўлены гадзіннік. Падобная дэталь вонкавага дэкору ў архітэктуры праваслаўных храмаў з'яўляецца, магчыма, адзінай у Беларусі.