Маршрут Міхалішкі >
Кропкі маршрута Міхалішкі
Былое мястэчка ВКЛ. Згадваецца з 1390 г. З XVIII ст. валоданні Бжастоўскіх. Крыжаўзвіжанскі касцёл быў пабудаваны з цэглы ў стылі барока і ракако ў 1701 г. Будаваўся ён па загадзе караля Жыгімонта Старога па праекце віленскага архітэктара. У 1864 г. касцёл быў перабудаваны пад праваслаўны храм. У 1918 г. святыня была вернута каталікам. У 1926 г. храм быў адноўлены з мэтай надання яму першапачатковага выгляду.
На месцы старадаўняй каталіцкай драўлянай святыні, якая згадваецца з 1671 г., у сярэдзіне XVIII ст. быў узведзены новы драўляны каталіцкі храм, асвячоны ў гонар Св. Юрыя. Пасля Другой сусветнай вайны ён быў зачынены савецкімі ўладамі і толькі ў 1998 г. вернуты вернікам. У кутку старажытнай каменнай агароджы – руіны двух'яруснай званіцы, пабудаванай з каменю і цэглы у 1920 г. Разбурана яна была ў канцы XX ст.
У абрамленні векавых дрэў на краі вёскі, на старадаўніх каталіцкіх могілках, у 1819 г. пабудаваны цагляны касцёл Маці Божай Шкаплернай у стылі гістарызму. У 1928 г. ён быў адноўлены. Пасля Другой сусветнай вайны быў зачынены да 1990 г. Сёння святыня адноўленая і адкрыта для каталікоў.
Побач з вёскай у старым пейзажным парку да нашых дзён шчасна дажыў драўляны сядзібны дом шляхецкага роду Янікоўскіх. Пабудаваны ён у 1810 г. Захавалася некалькі гаспадарчых пабудоў і лядоўня маёнтка. Доўгі час у гэтым доме шчасна працавала сельская школа. Цяпер у ім жыве дырэктар гэтай школы.
У 1781 г. у стылі барока з дрэва ўзведзены касцёл Нараджэння Дзевы Марыі. У 1931 г. пры касцёле існаваў манастыр місіянерак. У 1900 г. святыня была перабудавана і набыла рысы стылю неаготыкі. Побач з храмам – велізарная трох’ярусная драўляная званіца. Драўляныя храмы такога ўзросту варта берагчы.
У гэтым маляўнічым кутку на беразе невялікай, але вельмі шустрай рачулкі Рыценькі, якая недалёка адсюль упадае ў Вілію, у добрым стане захаваўся вадзяны млын. Цокальны паверх з бутавага каменю, сам млын з драўлянага бруса. Зараз у млыне жывуць людзі.
Рэшткі старадаўняга пейзажнага парку атачаюць велічныя руіны сядзібнага дома, складзенага з цэглы ў класічным стылі. Дом належаў шляхецкаму роду Котвічаў і адносіўся да іх радавога маёнтку «Турлы». У руінах сёння і велізарныя гаспадарчыя пабудовы, якія ў савецкі час паспяхова эксплуатаваліся.
Паселішча вядома з XV ст. З XVI ст. – мястэчка. Належала Осцікам, Кежгайлам (Кезгайлам), Радзівілам, Котвічам. У 1652 г. з цэглы ўзведзены касцёл Св. Міхала Арханёла ў стылі барока. Храм моцна пацярпеў у Першую сусветную вайну і быў адноўлены ў 1920 г. Сёння перад намі храм у стылі сармацкага барока з рысамі абарончай архітэктуры. Асаблівую ўвагу варта надаць унутранаму ўбранню храма. Выканана яно ў 1677-1684 гг. італьянскімі мастакамі.
Тут можна ўбачыць старадаўні сядзібны дом, пабудаваны з цэглы ў XVIII ст. Ёсць здагадка, што ён быў пабудаваны ў 1675 г. у маёнтку шляхціца Бжастоўскага. Руіны флігеля і дыхтоўная гаспадарчыя пабудовы з цэглы і каменю. Усе гэтыя будынкі эксплуатуюцца і сёння.
Маёнтак роду Шышко. Закладаўся ён у сярэдзіне XIX ст. Захаваўся жылы дом з мансардай, які некалі, магчыма, служыў флігелем сядзібнага дома. Ад гаспадарчых пабудоў засталіся толькі руіны. Варта звярнуць увагу на якасць пабудовы, каменнага мура, майстэрскае апраўленне цэглай арачных дзвярных і аконных праёмаў пабудоў. Руіны кузні, свірна, стайні і карэтнай.