Маршрут Міжэрычы >
Кропкі маршрута Міжэрычы
Тут захаваўся аднапавярховы сядзібны дом у стылі неакласіцызму з элементамі мадэрн, пабудаваны з цэглы ў 1860 г. Адносіўся ён да былой сядзібы, якой папераменна валодалі роды Белянковых, Мураўскіх, Озеравых. Пасля Другой сусветнай вайны ў доме доўгі час працавала сельская школа. Была спроба аднаўлення дома, аднак з-за збегу абставін цяпер ён зноў закінуты.
На краі вясковых могілак стаіць драўляны храм у стылі народнага дойлідства з элементамі класіцызму, збудаваны, мяркуючы па афіцыйных дадзеных, у 1897 г. Аднак, мяркуючы па бабінцы са званіцай, царква мае больш сталы ўзрост. Дыхтоўная мураваная агароджа, магчыма, з'яўляецца аднагодкай храма. Асвечана царква ў гонар Св. Антонія.
У гэтым пункце маршруту гаворка пойдзе пра ўнікальнае рукатворнае збудаванне – дугу Струвэ. Захавалася каля трох дзясяткаў арыгінальных пунктаў гэтай дугі, якія былі ўнесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Дуга была створана з мэтай вынайсці дакладную форму Зямлі, што пасля дало б магчымасць складаць дакладныя геаграфічныя карты. Адзін з пунктаў дугі Струвэ размешчаны побач з вёскай Дзергілі.
На прыгожым узвышшы, якое некалі было старажытнымі могілкамі, стаіць цагляны храм, збудаваны прыблізна ў канцы XVIII ст. Па словах старажылаў, раней на гэтым месцы стаяла драўляная царква. Падчас Другой сусветнай вайны храм быў разбураны. Побач з храмам – званіца з палявога каменю. Да якой канфесіі святыня належала першапачаткова, невядома, аднак да разбурэння гэта была праваслаўная Пакроўская царква.
У 30-я гг. XIX ст. гэтым даволі вялікім і багатым маёнткам валодаў род Біспінгаў. За ўдзел у паўстанні 1863-1864 гг. уся ўласнасць і землі былі канфіскаваныя, аднак праз некаторы час былі вернутыя законным уладальнікам. Захаваліся фрагменты паркавых насаджэнняў, каменная пабудова свірна, а таксама каменная лядоўня з вялізнымі спічастымі вокнамі і цокальным паверхам. Пабудове тэрмінова неабходная кансервацыя.
Паселішча ўзнікла не пазней за сярэдзіну XV ст. Уваходзіла ў склад ВКЛ як уласнасць родаў Іллінічаў, Вішнявецкіх. З сярэдзіны XVIII ст. – мястэчка. У 1909 г. узведзены грандыёзны Благавешчанскі касцёл у стылі неаготыкі. У самой вёсцы захавалася велізарная камяніца свірна. Ад сядзібы «Мяштовічы» захаваліся невялікія гаспадарчыя пабудовы, сядзібны дом, каменны лямус. У цэнтры вёскі ў 1909 г. з цэглы ў рэтраспектыўна-рускім стылі пабудаваны праваслаўны храм Св. Ганны. На могілках можна ўбачыць трохарачную браму XIX ст.
Мемарыяльная калона ўзведзена, магчыма, пасля падаўлення царскімі войскамі паўстання 1863-1864 гг. на месцы пахавання загінулых ваяроў. Дакладная дата яе ўстаноўкі і прызначэнне невядомыя. Калона моцна пацярпела з часам.
Сядзіба шляхецкага роду Грабоўскіх закладзена ў сярэдзіне XIX ст. Яшчэ ў 1998 г. сядзібны дом знаходзіўся ў ідэальным стане і выкарыстоўваўся як адміністрацыйная ўстанова, аднак пазней моцна пацярпеў ад рук вандалаў і сёння не падлягае аднаўленню. Таксама запушчаны пейзажны парк.