Маршрут Наваспаск >
Кропкі маршрута Наваспаск
Тэрыторыя вакол гэтага знакамітага ў акрузе валуна, які носіць назву «Нявесцін камень», доўгі час была запушчана, аднак параўнальна нядаўна яе добраўпарадкавалі: высеклі хмызнякі, праклалі сцяжынкі, уладкавалі надзейную драўляную лесвіцу, што вядзе да каменя. Ля падножжа каменя таксама маецца брукаваная дарожка.
Ля вёскі, на старых хрысціянскіх могілках, прыкладна ў 1858 г. з бутавага каменю і цэглы ўзведзена каталіцкая капліца ў стылі эклектыкі. Паводле легенды, гэтая культавая пабудова ўзводзілася як капліца-пахавальня ўладальнікаў бліжэйшага маёнтка. Пазней капліца была асвечана, хутчэй за ўсё, у гонар Дзевы Марыі.
Як маёнтак згадваецца з 1782 г. у складзе Віленскага ваяводства ВКЛ. Уласнасць шляхецкага роду Квятоўскіх, затым роду Падзінскіх. Захаваліся велічныя руіны бровара, складзенага з палявога каменю і цэглы. Таксама ў руінах вадзяны млын з каменю, рэшткі невялікіх гаспадарчых пабудоў. Сёння былы маёнтак, хутчэй за ўсё, прыватызаваны, вядуцца аднаўленчыя работы.
Уласнасць вядомага шляхецкага роду Чапскіх. Ад маёнтка Двор-Навасёлкі, ці проста Навасёлкі, захаваліся ў руінах некалькі гаспадарчых пабудоў, а таксама ў цудоўным стане будынкі стайняў, брама, частка канала, старадаўні парк і сажалкі.
Царква Іконы Божай Маці «Усіх Тужлівых Радасць» узведзена з палявога каменю і цэглы ў стылі позняга класіцызму ў 1862 г. Улічваючы, што будоўля пачалася ў 1859 г., можна выказаць здагадку, што святыня закладвалася як касцёл або ўніяцкі храм, а пазней стала праваслаўнай.
Храм, які сёння ляжыць у руінах, збудаваны, як мяркуецца, у пачатку XIX ст. Маштабная будоўля вялася больш за 35 гадоў. Акрамя каштоўных абразоў і ўбрання, сцены святыні былі аздобленыя бурштынавай мазаікай. Пасля таго, як храм пераасвяцілі ў праваслаўны, усё ўбранне з яго было вывезена ў Расію. Захаваўся драўляны будынак польскай школы (1921 г.).
Ад самой вёскі з такой назвай засталося ўсяго некалькі пабудоў. Тут можна ўбачыць могілкі часоў Другой сусветнай вайны, размешчаныя паміж вёскамі Панаркі і Войневічы. Пахаванні дагледжаныя. На могілках стаіць помнік – арол з распасцёртымі крыламі на высокім каменным пастаменце. Захаваліся ў руінах пілоны брамы могілак.
Яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. паселішча насіла іншую, магчыма, першапачатковую назву, – Шалуцкі. Побач з вёскай, у маладым сасновым лесе, захаваліся абарончыя збудаванні з трывалага бетону, пабудаваныя нямецкімі салдатамі падчас Першай сусветнай вайны.
Ад былой сядзібы, закладзенай тут, магчыма, у канцы XVIII ст., захавалася некалькі каменных гаспадарчых пабудоў і да непазнавальнасці перабудаваны сядзібны дом, а таксама фрагменты пейзажнага парку з алеямі.