Маршрут Нясвіж-1 >
Кропкі маршрута Нясвіж-1
Адначасова з атрыманнем Нясвіжам Магдэбургскага права і ўзвядзеннем гарадской ратушы (прыблізна канец XVI ст.) побач з ратушай з цэглы пабудаваныя гандлёвыя рады ў стылі рэнесансу. П-падобная аднапавярховая пабудова першапачаткова мела крыху больш за пяцьдзясят гандлёвых лавак. Маецца памяшканне для захоўвання гарадскіх вагаў, некалькі складскіх памяшканняў.
Сродкі на пабудову вежы вылучыў тагачасны ўладальнік найбагацейшай Нясвіжскай эканоміі, горада Нясвіжа і, канешне, самога замка, у адзіны комплекс якога ўваходзіла і гэтае абарончае збудаванне. Вежа пабудавана па праекце архітэктара Бернардоні з цэглы ў стылі рэнесансу ў другой палове XVI ст. Сёння вежа, якая стаіць побач з касцёлам, выконвае функцыю званіцы. Каменная абарончая сцяна, якая злучае вежу з замкам, была разбурана рускімі войскамі падчас Паўночнай вайны.
Пабудаваны манастыр па праекце архітэктара Бернардоні на сродкі Яўфіміі Радзівіл ў стылі барока ў 1591 г. Пры манастыры быў касцёл Св. Яўфіміі. Захавалася званіца, частка касцёла і жылыя карпусы. Тут працавала музычная школа, мелася велізарная бібліятэка. Пасля паўстання 1863-1864 гг. царскія ўлады зачынілі касцёл і манастыр, а ўсю нерухомасць перадалі праваслаўнай царкве. У 1939 г. савецкія ўлады зачынілі святыню паўторна. Сёння ў былым манастыры знаходзіцца навучальная ўстанова.
Велізарны комплекс манастыра, які ўключае жылыя карпусы і касцёл, пабудаваны на ахвяраванні Радзівіла Сіроткі ў 1603 г. Пры манастыры дзейнічала школа філасофіі. За ўдзел у паўстанні 1863-1864 гг. царскія ўлады зачынілі манастыр, касцёл быў пазней пераасвечаны пад царкву, а склеп з пахаваннямі замуравалі. З прыходам савецкай улады тут размясцілася вайсковая частка. Пасля Другой сусветнай вайны частку пабудоў манастыра, у тым ліку і былы касцёл, разабралі. Тое, што засталося ад манастыра, сёння выстаўлена на продаж.
На месцы старога драўлянага палаца ў 1583 г. Радзівілам Сіроткам па праекце архітэктара Бернардоні пабудаваны новы замак у стылі барока, які быў акружаны бастыёнамі, землянымі валамі і равамі з вадой. Архітэктурны шэдэўр адразу ж быў прызнаны самай дасканалай і надзейнай абарончай пабудовай таго часу. Цэнтральны жылы корпус неаднаразова перабудоўваўся з часам. У замак можна было трапіць толькі праз шырокі мост і арачную браму. У 2005 г. замак быў уключаны ЮНЕСКА ў пералік помнікаў сусветнай спадчыны.
Будынак плябаніі з цэглы ў стылі класіцызму з элементамі барока быў закладзены ў сярэдзіне XVI ст. Да канца XIX ст. ён неаднаразова перабудоўваўся. З сярэдзіны XVIII ст. і на працягу прыкладна паўстагоддзя ў пабудове працавала знакамітая нясвіжская друкарня, у якой, магчыма, нашмат раней (1562-1571 гг.) вёў сваю дзейнасць славуты царкоўны рэфарматар і кнігадрукар Сымон Будны. Сёння тут вядуцца рэстаўрацыйныя працы.
Непрыкметная на першы погляд пабудова захоўвае ў сабе памяць аб знакавай рэлігійнай падзеі. Пабудавана капліца ў 1825 г. у стылі народнага дойлідства з элементамі класіцызму з цэглы ў гонар Нікейскага сабора, які быў скліканы імператарам Канстанцінам у 325 г. і на якім адбылося канчатковае аддзяленне хрысціянства ад іўдаізму, а таксама вызначаны святочны дзень – нядзеля – і час святкавання Вялікадня.
Узвядзенне гэтага неад'емнага сімвала гарадскога самакіравання было арганізавана пасля таго, як Нясвіж атрымаў Магдэбургскае права, герб і сцяг з рук вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя ў 1586 г. Даследчыкі гісторыі беларускай архітэктуры сцвярджаюць, што аўтарам праекта быў знакаміты італьянскі архітэктар Бернардоні. У 1596 г. ратуша ўжо ўзвышалася над гарадскімі пабудовамі.
Брама пабудавана ў стылі барока з цэглы прыблізна ў сярэдзіне XVI ст. Толькі яна і захавалася ад маштабных абарончых збудаванняў, якія некалі атачалі горад з усіх бакоў. Яны былі разбураныя ў час вайны з Масковіяй 1654-1667 гг. У 1690-я гг. брама была адноўлена жыхарамі горада. Некалькі перабудоў яна зведала ў першай палове XVIII ст. Сучаснае аблічча брама набыла пасля капітальнай рэканструкцыі ў 1970-я гг.
Перад падарожнікам ва ўсёй сваёй красе паўстае першы езуіцкі храм на землях Вялікага княства Літоўскага. Пабудавана святыня па праекце архітэктара Бернардоні ў стылі барока ў 1593 г. Фрэскі касцёла непаўторнай прыгажосці і мастацкай каштоўнасці былі выкананы ў 50-70-я гг. XVIII ст. Частка фрэсак была абноўлена польскімі мастакамі-рэстаўратарамі ў пачатку XX ст. У крыпце, якая лічыцца адзінай ва Усходняй Еўропе, знаходзіцца 72 пахаванні роду Радзівілаў.