Маршрут Нясвіж-2 >
Кропкі маршрута Нясвіж-2
Ад загараднай рэзідэнцыі Радзівілаў, якая была закладзена яшчэ ў XVI ст., захаваліся будынкі спіртзавода, спіртасховішча і драўлянага свірана. У 1758 г. у Альбе закладзены вялізны пейзажны парк з мноствам каналаў і сажалак. Нават сёння можна ўбачыць былую веліч і маштаб парку.
Засяленне горада Нясвіжа адбылося прыкладна ў другой палове XVI ст. Яшчэ ў канцы XIX ст. у горадзе дзейнічала каля дзесяці сінагог, а габрэйская абшчына складала прыкладна палову насельніцтва мястэчка. Старадаўнія габрэйскія могілкі размешчаны па вул. Дзяржынскага. Здалёку яны нагадваюць невялікі дагледжаны сквер, але без лавак і ліхтароў. З дзясятак мацэваў ляжыць у шэраг ля самага краю вуліцы.
Захавалася яшчэ адна назва будынка – «дом на рынку». Пабудаваны ён у 1721 г. Магчыма, з таго часу вонкавае аблічча пабудовы істотна не змянілася, а вось пра інтэр'ер гэтага сказаць нельга. Барочны франтон дома – рыса, якая вылучае яго сярод суседніх пабудоў. Першапачаткова першы каменны паверх быў майстэрняй, а, магчыма, адначасова і крамай. Частка была адведзена пад складское памяшканне. Верхні, больш цёплы паверх быў адведзены пад жыллё гаспадара-майстравога.
Калісьці тут размяшчаўся велізарны комплекс жылых і гаспадарчых пабудоў езуіцкага калегіума, трэцяга па велічыні на землях ВКЛ (1584 г.). У 1826 г. маскоўскія ўлады разбурылі калегіум і ўзвялі на яго месцы казармы для расійскіх войскаў. У 1920-я гг. тут размяшчаўся польскі полк, а пасля Другой сусветнай вайны – савецкая ваенная частка. Сёння ўсе пабудовы знаходзяцца на балансе гарадскіх уладаў, а ў невялікім будынку былой кузні размяшчаюцца білетныя касы і выставачная зала.
Комплекс польскага лясніцтва пабудаваны тут у першым дзесяцігоддзі XX ст. Нават невялікія гаспадарчыя пабудовы тут здзіўляюць палётам архітэктурнай думкі. Казачныя домікі, падобныя да сядзібных, раскіданыя сярод соснаў і газонаў. Ландшафтнае асяроддзе прыцягвае погляд. Убачыць комплекс можна па вул. Сыракомлі, 29.
Зялёна-блакітныя каралі Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу з'яўляюцца ўнікальнымі і непаўторнымі. Час і людзі, на жаль, беззваротна сцерлі з твару зямлі некаторыя архітэктурныя помнікі гэтага дзівоснага горада. Парк і сажалкі таксама моцна пацярпелі. Аднак нават тая частка, што захавалася да нашых дзён, выклікае захапленне.
Даследчыкі сцвярджаюць, што годам заснавання паселішча можна лічыць 1446 г. Першым уладальнікам гэтых зямель быў М. Немяровіч. Затым нязменнымі гаспадарамі Нясвіжа аж да 1939 г. стаў знакаміты магнацкі род Радзівілаў. Самыя старыя вуліцы горада – сучасныя вул. Ленінская, Савецкая і інш. – маюць мноства дамоў радавой забудовы, у асноўным каменных, якія захаваліся яшчэ з XVIII ст.
Скульптуры ў Нясвіжы можна сустрэць на кожным кроку: у паркавай зоне, ля сажалак, на тэрыторыі палаца, на вуліцах і ў скверах горада. Статуі лаканічныя, выкананыя з густам і нясуць глыбокі гістарычны сэнс. Усе скульптуры – ад мемарыяльнага каменя, пастаўленага ў гонар закладкі паркаў, да асобных скульптур, прысвечаных Чорнай панне і Сымону Буднаму, – з'яўляюцца неад'емнай часткай гэтай турыстычнай Мекі Беларусі.
Паселішча згадваецца ў пісьмовых крыніцах пачынаючы з 1584 г. Тут прыкладна ў 1900 г. закладзены невялікі дыхтоўны маёнтак шляхціца сярэдняй рукі. Захаваўся каменны сядзібны дом, нядаўна капітальна адноўлены, а таксама фрагменты невялікага парку і сажалка, якая з часам змяніла свае абрысы. Падобных невялікіх сядзібаў вакол Нясвіжа існавала мноства, аднак захавалася, на жаль, толькі Рудаўка.
Пагост размешчаны па вул. Кутузава. У недалёкім мінулым гэтыя могілкі, закладзеныя, верагодна, вельмі даўно, былі чыста каталіцкімі. З часам, асабліва пасля 1939 г., на яго тэрыторыі сталі рабіць пахаванні і праваслаўныя вернікі.