Маршрут Рубяжэвічы >
Кропкі маршрута Рубяжэвічы
У пісьмовых дакументах значыцца з XV ст. як валоданні С. Гедыголдавіча. У 1554 г. – мястэчка ў складзе ВКЛ. У 1590 г. пабудаваны кальвінісцкі храм у стылі готыкі з цэглы. У канцы XVII ст. гэта ўжо касцёл Ушэсця Дзевы Марыі, прыкладна тады да фасада была дабудавана вежа. У XVIII ст. – адрэстаўраваны.
З пачатку XIX ст. гэтая сядзіба належала шляхецкаму роду Свентаржэцкіх. У канцы стагоддзя тут стаў гаспадарыць род Крупскіх. Пасля вяртання з сібірскай ссылкі ў 1872 г. усяго год тут пражыў Караль Кастравіцкі, які, магчыма, у Засуллі быў і пахаваны. Ад колішняй невялікай гаспадаркі засталіся руіны бровара, які быў узведзены з апрацаванага палявога каменю. Побач захаваўся спіртапрыёмнік, таксама ў пашкоджаным стане. Гэтыя будынкі, узведзеныя ў 1892 г., і сёння ўяўляюць сабой яскравы прыклад эклектычнай прамысловай архітэктуры.
На ўзвышшы ляжыць камень, узрост якога складае, магчыма, некалькі тысячагоддзяў. Мясцовыя жыхары называюць яго «Чортаў Камень». Такая назва склалася пад уплывам новай хрысціянскай веры, якая спрабавала падобным чынам «перабіць» веру нашых продкаў-язычнікаў.
Маляўнічыя руіны сядзібнага дома з каланадай, збудаванага з цэглы ў канцы XVIII ст. У лепшым стане будынкі гаспадарчых пабудоў, якія эксплуатуюцца па прызначэнні і сёння. У 1847 г. на тэрыторыі былога маёнтка ўзведзена цагляная капліца Св. Юзэфа ў рэтраспектыўна-гатычным стылі.
Будаўніцтва касцёла Ушэсця Дзевы Марыі з цэглы ў стылі эклектыкі і мадэрн пачалося ў 1935 г. Нейкі час храм стаяў пад саламяным дахам. Скончана будаўніцтва святыні было толькі ў 1994 г. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што звярталіся з просьбай да М. Гарбачова аб садзейнічанні ў завяршэнні будоўлі. Пышнае ўнутранае ўбранне храма з вітражамі і роспісамі.
Рубяжэвічы вядомыя з 1483 г. З 1506 г. ім валодалі Гаштольды, Радзівілы. З канца XIX ст. – князі Гагенлоэ. У 1907 г. пачалося будаўніцтва касцёла Св. Юзэфа з часанага каменю ў стылі неаготыкі. Той жа матэрыял выкарыстаны пры ўзвядзенні брамы і агароджы. Побач з мостам праз раку Сулу – крыніца. На беразе возера дагледжаныя габрэйскія могілкі.
Узведзены млын з каменю і цэглы на рацэ Уса ў 1849 г. У будовы вельмі маляўнічая фактура, нягледзячы на тое, што гэта прамысловая пабудова. І тыя, хто будаваў гэты млын, і тыя, хто замаўляў яго будаўніцтва, пераследавалі яшчэ і немалаважную мэту гэтага будынка – радаваць вока чалавечае прыбранасцю сцен.
Царква Св. Георгія ўзведзена ў стылі мадэрн з дрэва ў 1887 г. Гэты драўляны цуд – сапраўды ўпрыгожанне наваколля. На краі вёскі стаіць мемарыяльная капліца з часанага каменю, збудаваная ў XVIII ст., а, магчыма, і пазней, у перыяд вайны 1812 г.
Ад сядзібы, якой у XIX ст. валодаў шляхецкі род Пенскіх, захаваліся выдатна складзеныя будынкі кароўніка, лядоўні, кузні і майстэрні па вытворчасці колаў. Сядзіба прыватызаваная, будынак адрэстаўраваны, тэрыторыя добраўпарадкаваная. У пачатку XIX ст. з цэглы пабудавана капліца-пахавальня ўладальнікаў сядзібы ў класічным стылі. Цяпер яна ў паўразбураным стане.
Да 1917 г. тутэйшай сядзібай валодалі Ленскія. Захавалася некалькі гаспадарчых пабудоў. У 1931 г. тут пабудаваны цагляны касцёл Сэрца Ісуса ў неараманскім стылі. У цагляным муры як аздобны матэрыял выкарыстаны часаны камень. Побач з храмам цудам захаваўся дыхтоўны будынак драўлянай плябаніі. Варты экспанат для музея драўлянай архітэктуры ў Строчыцах.