Маршрут Свір >
Кропкі маршрута Свір
Сядзібны дом Хамінскіх пабудаваны ў класічным стылі з рысамі стылю мадэрн у 1784 г. Калісьці дом намагаліся аднавіць, але спроба, мяркуючы па стане дома сёння, не ўдалася. Вакол дома раскінуўся вялізны пейзажны парк з унікальнай разнастайнасцю дрэў і кустоў. Захаваліся дабротныя будынкі каменных канюшань, якія выкарыстоўваюцца і сёння, і лядоўня з палявога каменю (1887 г.) для захоўвання вінных вырабаў.
Ад маёнтка шляхецкага роду Бычэўскіх, які некалі квітнеў тут, да нашых дзён дайшлі некалькі гаспадарчых і прамысловых пабудоў: двухпавярховы будынак бровара з мансардай, побач – пабудова спіртасховішча. На краі парку, які захаваўся толькі часткова, стаіць дабротна складзеная з якаснай цэглы невялікая канюшня. Пры разумным выкарыстанні ўсе будынкі маглі б праслужыць яшчэ доўгія гады.
У 1713 г. уладары маёнтка Зяновічы пабудавалі з цэглы кляштар кармелітаў на 19 манахаў. У 1863 г. кляштар закрылі, касцёл пры ім ператварылі ў царкву. Толькі ў 1919 г. яго вярнулі каталікам. Сёння келлі манахаў у руінах, затое выдатна захаваліся Троіцкі касцёл, брама і капліца-костніца. Побач з пасёлкам знаходзіцца драўляны сядзібны дом сядзібы “Алешкі”, узведзены ў 1869 г.
Ад маёнтка Старжынскіх захаваліся сядзібны дом і два флігелі, вялізная колькасць гаспадарчых пабудоў, дом садоўніка. Можна ўбачыць браму, перавезеную сюды з Альшэва, і польскую школу (1935 г.). Тэрыторыя маёнтка выдатна добраўпарадкаваная, адрэстаўраваны сядзібны дом і флігелі. Відаць, што маёнтак даглядаюць сапраўдныя гаспадары – людзі, якія ў гэтым разбіраюцца.
Былое мястэчка належала шляхецкаму рожу Старжынскіх. На каталіцкіх могілках стаіць капліца з каменю і цэглы, агароджа і дзве брамы. Цікавы будынак драўлянай плябаніі ў стылі народнага дойлідства. Упрыгожанне гэтай вёскі – касцёл Узнясення Дзевы Марыі, пабудаваны з каменю і цэглы ў стылі гістарызму з рысамі рэнесансу ў 1896 г. У вялізных вокнах касцёла – мастацкія вітражы.
Побач з дарогай, якая вядзе з Любані на Шэметава, на краі лесу захаваўся помнік загінулым салдатам Першай сусветнай вайны ў выглядзе невялікай стэлы. Зроблены ён з часанага палявога каменю і ўсталяваны тут прыкладна пасля 1915 г. Непадалёк у лесе знаходзяцца могілкі, агароджаныя бетоннымі слупкамі з ланцугамі. Відаць, што тэрыторыю могілак і стэлы даглядаюць.
У атачэнні старажытнага парку красуецца сядзібны дом Ахраноўскіх, пабудаваны з цэглы ў стылі мадэрн у 1884 г. Цераз ставок перакінуты каменны мост. У добрым стане захавалася некалькі цагляных гаспадарчых пабудоў. Сёння тэрыторыя належыць медыцынскай ўстанове, і прайсці на яе можна толькі цераз пост аховы з дазволу адміністрацыі аб’екта.
На краі вёскі стаіць некалькі гаспадарчых пабудоў з часанага палявога каменю, якія захаваліся ад былой сядзібы. Да нядаўняга часу іх актыўна выкарыстоўваў для разнастайных гаспадарчых мэт мясцовы калгас. Нават сёння ў самай вялікай гаспадарчай пабудове трымаюць табун коней.
Заснаванае паселішча ў ХІІІ ст. князем Даўмонтам. З 1527 г. – валоданні Свірскіх, Радзівілаў. Захавалася стараверская Успенская царква (ХІХ ст.). Разнастайныя будынкі радавой забудовы (XVIII ст.). У 1903 г. узведзены цагляны касцёл Св. Мікалая ў стылі барока. Прыкладна ў сярэдзіне пасёлка высіцца пагорак, з якога адкрываецца такі прыгожы від на ваколіцу і возера Свір, што дух займае.
Фамільныя валоданні шляхецкага роду Скірмунтаў. Яшчэ ў 1900 г. тут працавалі бровар, млын, цагляны завод. Захаваліся руіны кузні, свірна, бровара, цаглянай плябаніі (XVIII ст.). У 1815 г. пабудаваны цагляны касцёл Дзевы Марыі ў неакласічным стылі. Першапачаткова гэта была капліца-пахавальня роду Сулістроўскіх. Храм упрыгожваюць цудоўныя мастацкія вітражы. Побач можна ўбачыць помнік народнага дойлідства – драўляную званіцу (ХІХ ст.).