Маршрут Узда >
Кропкі маршрута Узда
Яшчэ адна сядзіба Наркевічаў-Ёдкаў. Захаваўся велізарны будынак бровара, складзены з часанага палявога каменю ў 1901 г. Праз дарогу – каменны склад ці спіртасховішча. Вядомая сядзіба з 1582 г. як валоданне шляхецкага роду Маліноўскіх, затым яна была набытая Радзівіламі. Апошнія ўладальнікі Наркевічы-Ёдкі абнавілі фруктовы сад і ўзвялі новыя пабудовы.
Дзесьці побач з гэтай паміраючай вёскай пачынаецца наш «бацька Нёман». Наша знакамітая рака, наша легенда, адна з галоўных водных артэрый Беларусі. Ля краю неглыбокай рукатворнай канавы ўсталяваны валун з тэкстам, які абвяшчае, што дзесьці зусім побач бярэ пачатак рака Нёман, выток з назвай Нёманец.
Абавязкова варта зазірнуць у гэтую маленькую вёску, каб убачыць вялізныя валуны, якія ляжаць за ваколіцай. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што камяні заўсёды цёплыя. Побач і на валунах дары ў выглядзе цукерак, печыва, часам прыносяць грошы. Паводле легенды, раней валуны былі нашмат вышэй над зямлёй, але яны паступова сыходзяць пад зямлю.
З XVI ст. – валодання Радзівілаў. З 1823 г. – Наркевічаў-Ёдкаў. Якуб Антонавіч Ёдка ў 1888 г. арганізаваў тут метэаралагічную станцыю і адкрыў санаторый для хворых на сухоты. Дзейнічала прыстань, тут сплаўляўся лес. Захаваліся маштабныя руіны палаца (1820 г.). Брама ў стылі неаготыкі, гаспадарчыя пабудовы. Побач з маёнткам зліваюцца рэкі Уса, Лоша, Тур’я і Нёманец і пачынаецца Вялікі Нёман.
З XVI ст. гэтымі землямі валодалі Кавячынскія, Радзівілы, Красінскія. З 1690 г. – Завішы. Ад былой сядзібы «Кухцічы» захаваліся два флігелі, млын, гаспадарчыя пабудовы. У 1560 г. пабудаваны кальвінісцкі сабор з рысамі храма-крэпасці. У XVII ст. – касцёл. У XVIII ст. – капліца-пахавальня. Узведзена пабудова ў стылі рэнесансу. І флігелі, і капліца тэрмінова патрабуюць рэстаўрацыі.
У вёску Пратасаўшчына вядзе дарога, якая праходзіць праз сасновы бор. Не даязджаючы да краю лесу, з левага боку дарогі знаходзяцца старажытныя каталіцкія могілкі. Тут можна знайсці руіны капліцы-пахавальні роду Шастоўскіх, якія валодалі некалі квітнеючым тут маёнткам. Узведзена капліца ў 1865 г. з палявога каменю ў стылі народнага дойлідства. Перад капліцай стаяць руіны пілонаў брамы, збудаванай, магчыма, у той жа час. Нядаўна тут ўсталявалі крыж.
Вядомы маёнтак з 1580 г. Належаў Грабоўскім, Радзівілам, Бохвіцам. У цудоўным стане захаваўся свіран, пабудаваны з цэглы і буйных валуноў ў 1783 г. Аднаўлялася пабудова ў 1913 г. і сёння з’яўляецца адным з яркіх прыкладаў гаспадарчай архітэктуры. На трох паверхах свірна захоўваўся каштоўны насенны фонд маёнтка. У цярпімым стане парк і сажалкі. Крыніца каля свірна, на жаль, была знішчана.
Вядома паселішча з XV ст. На каталіцкіх могілках на краі горада захаваўся ўнікальны будынак у выглядзе піраміды – капліца-пахавальня Завішаў. Пабудаваная яна з каменю і цэглы ў 1800 г. У 1798 г. К. Завішам пабудаваны драўляны Крыжаўзвіжанскі касцёл у стылі класіцызму. У 1930 г. ён рэстаўраваўся. Недалёка знаходзіцца прыгожы цагляны будынак старой аптэкі XIX ст. У 1905 г. з цэглы ўзведзена царква Св. Пятра і Паўла ў неарускім стылі.
Драўляная Траецкая царква пабудавана тут як уніяцкі храм у 1792 г. на сродкі нясвіжскага жаночага кляштара бенедыкцінак. Тады гэтыя землі належалі манастыру. У 1868 г. касцёл перабудаваны пад царкву. У 1910 г. рэстаўраваўся і быў абабіты дошкай. Храм выкананы ў неарускім стылі.
Паселішча вядома з пачатку XVI ст. У сярэдзіне XVIII ст. – мястэчка. Землі належалі Радзівілам, Гарцінгам. Магчыма, апошнімі ўладальнікамі гэтага невялікага фальварка быў шляхецкі род Грабоўскіх. Да нашых дзён захаваўся толькі свіран, складзены з часанага палявога каменю ў сярэдзіне XIX ст. Сёння ён выкарыстоўваецца ў гаспадарчых мэтах.