Аўтарскі праект Уладзіміра Цвіркі
250 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі

< ПАРОГ З ЗАСЕЧКАМІ >

ПАРОГ З ЗАСЕЧКАМІ

Трохі ад'ехаўшы, я спыніўся і выйшаў з машыны. Унізе пад спадзістай гарой, у прасторнай лагчыне, у тумане ляжала вёска. Справа пад высокімі дрэвамі – стары пагост. Недалёка – на даляглядзе – чорная паласа лесу. Раптам – вый. Ледзь чутны, далёкі, з высокай ноткай разліўся і растаў у сонным свеце. Прыслухаўся... Не, гэта, магчыма, завыў сабака ў вёсцы ці проста вецер ...

Суседзі гэтай сядзібы былі страшна зайздроснымі людзьмі. А яшчэ на руку нячыстымі: усё да іх ліпла. І пры пабудове новага гумна для прадуктаў, фуражу і інструмента хатняга па парадзе старэнькай маці гаспадар гэтага маёнтка нанёс абярэг на парог будынка – тры засечкі сякерай. Позна ўвечары, калі заходзіла сонца, бабулька прамовіла словы заклёну, стоячы на каленях і асяняючы дзверы знакамі рознымі, акрапляючы парог і сцены вадою з бутэлькі цёмнай, перавязанай скуранымі папружкамі і ніткамі рознакаляровымі.

І праўда, злодзеяў як адрэзала. Можа, самі яны праз плот убачылі бабуліна чарадзейства, а можа, і праўда сіла, створаная заклёнам, стала дзейнічаць ды на маёмасць гаспадарскую забарону наклала.

А жыццё ішло. Пасталеўшы, два сыны дзевак добрых у жонкі ўзялі, на другім канцы вуліцы дамы паставілі дужыя. Кожны сваёй гаспадаркай абзавёўся – не горш за бацькоўскую. Бацькоў не забываючы, дапамагалі ў працах у полі сілай маладзецкай ды на пірагі заязджалі па святах, па сямейных розных нагодах.

Так прайшло некалькі гадоў... Паміраючы, маці гаспадара сказала наконт заклёну наступнае: мала таго, што ён абараняе будынак і ўсю гаспадарку ў цэлым ад крадзяжу, ад няшчасцяў і пошасцяў, у яго ёсць яшчэ адна, нашмат страшнейшая сіла: калі хто паквапіцца на дабро нажытае, пераступіўшы гэты парог, ператворыцца ў ваўкалака. І здарыцца гэта толькі тады, калі чалавек, выходзячы з гумна, пераступіць парог задам, то-бок будзе адыходзіць спінай. І яшчэ сказала яна, што чары яе не дзейнічаюць на ўсіх членаў сям'і, якія цяпер жывуць. Яна ціхенька стала пералічваць пайменна і сына з нявесткай, і ўнукаў з жонкамі, і дзяцей іхніх малых. Пасля таго як вусны яе вымавілі імя апошняга праўнука, гаспадар сядзібы пачуў словы перадсмяротныя. Гаварыла старая, што калі яна пойдзе ў лепшы свет, калі на тое будзе жаданне ці страх перад заклёнам, лепш парог выразаць і спаліць яго на трэці дзень пасля Радаўніцы на скрыжаванні трох дарог, на першай зорцы.

Што перашкодзіла гаспадару выканаць апошняе настаўленне паміраючай маці – даведацца зараз пра гэта ніяк нельга. Магчыма, справы гаспадарскія і клопаты паўсядзённыя адсунулі на першы погляд, справу другарадную, не такую значную. А тут яшчэ і радасць светлая ў дом прыйшла – жонка гаспадара ашчаслівіла, нарадзіла яму дзіця позняе, трэцяга сына...

Дзіця расло кемлівым, гарэзлівым. Душа – бяры ды радуйся! І так здарылася, што сын цягнуўся ўсё да бацькі. Маці хоць і была добрай жанчынай, але сыночак больш часу на бацькавых каленях сядзеў, за рукамі сачыў бацькавымі, калі той па гаспадарцы нешта рабіў. Адно сказаць абавязкова трэба, што быў гэты свавольнік для бацькоў старых ну проста дарам неба светлага.

Нічога з раніцы не прадвяшчала, што вось-вось усё жыццё ў гэтым мірным, шчаслівым доме так рэзка зменіцца, павернецца ў такое страшнае рэчышча... Як гаворыцца, летні дзень год корміць, таму ранкам усе дарослыя ўжо былі на нагах, кожны ведаў, чым і дзе ён будзе займацца на працягу дня.

Малы прачнуўся нашмат пазней, па звычцы выбег на ганак і гучна паклікаў бацьку. І, не пачуўшы бацькавага голасу, пабег яго шукаць. Усюды заглядваў. Прасторнае гумно было самым далёкім з пабудоў, дзіця накіравалася да яго. У гэты час з другога канца двара з’явіўся бацька... Усё здарылася імгненна! Нешта нядобрае, страшнае варухнулася ў яго грудзях, ён паклікаў сына, але ўжо было позна. Малы пераступіў парог з засечкамі, і з цёмнага праёму адкрытых дзвярэй гумна над яго галавой праляцела велізарная сава, якая выпадкова заляцела сюды, калі палявала на мышэй. Менавіта яе дзіця спалохалася, хлопчык зрабіў некалькі крокаў назад і ўпаў спінай на вуліцу. Цяжка ўявіць, а апісаць яшчэ складаней, што здарылася ў гэты момант, сведкамі якога былі і бацька, і маці, якая выпадкова апынулася на ганку дома. Нейкае імгненне было проста зацьменне ў вачах, заслона, у тумане ўсё. А калі сталі адрозныя прадметы, па двары кідалася і жаласна вішчала зусім невялікае ваўчаня. Патыкаўшыся ў розныя куты мордачкай, яно шмыгнула ў адкрытую брамку і праз поле, часта азіраючыся, патрухала да бліжэйшага лесу. Відаць, не было абярэга ад прабабулінага закляцця на гэтага малога, імя якога яна не вымавіла, паміраючы.

Бацька толькі тады ачуняў, калі жонка, ціха войкнуўшы, асунулася на прыступкі ганка і тут жа памерла з адкрытымі вачыма, гледзячы застылым позіркам услед сыну.

І пахаванне жонкі, і пошукі сына-ваўкалака ў лесе ўсёй вёскай падарвалі сілы гаспадара канчаткова: ён злёг, перастаў есці. Нішто і ніхто так і не змаглі б вярнуць яго да жыцця, калі б аднойчы да яго слыху не даляцелі далёкія, ледзь адрозныя скуголенні ваўчаняці. Пакінуўшы гаспадарку на старэйшага сына, бацька выкупіў на хутары стары дом, які быў размешчаны блізка ля лесу, і зажыў замкнёна. Праз нейкі час людзі заўважылі ў двары пустэльніка – самога гаспадара – і побач з ім маладога ваўка.

Колькі так пражыў стары – невядома, але аднойчы дзеці, якія зайшлі да яго, знайшлі бацьку мёртвага каля дзвярэй дома, а каля яго ног ляжаў вялізны, незвычайнай прыгажосці воўк. Звер устаў і, нікога не чапаючы, сышоў у лес.

Пасля пахавання няшчаснага бацькі нейкі час уся акруга чула на могілках воўчы вой, больш падобны на чалавечае галашэнне. Людзі не сталі паляваць і забіваць звера, здагадваліся...