
Частка першая. Альбіна
Дубовыя, бярозавыя, ліпавыя гаі цягнуліся, наколькі хапала зроку. Сасновыя і яловыя пушчы бяжалі да гарызонту быццам навыперадкі з малымі ручаямі ды ляснымі рачулкамі. Што засталося ад бяскрайняга ляснога мора сёння? Ды амаль нічога. Толькі назвы вёсак, такіх як Хвоева, Ліпа, Падлессе, Арэхаўка, Заельня ды Падлясейкі, нагадваюць, што некалі тут былі лясы велічэзныя. А яшчэ з сівой старажытнасці дайшлі да сённяшняга дня розныя прыгожыя легенды. Вось адна з іх.
У бярозавым гаі на беразе ляснога ручая стаяла дабротліва збудаваная хата. Дастаткова было хуткага позірка, каб зразумець: гэтае месца незвычайнае, чараўнічае. Паўсюль на прагаліне каля хаты стаялі выразаныя з дрэва ідалы і пакрытыя таямнічымі знакамі валуны. Яны быццам вартавалі гэтае месца, абараняючы і хату, і яе жыхароў. Зрэдку бачылі людзі ля хаты двух ваўкоў. Не баяліся іх людзі, бо ніколі не здаралася, каб тыя некага пакрыўдзілі. Легенда распавядае, што ваўкі гэтыя былі зялёныя. Такім колерам адлівала іх поўсць на сонцы і нават у пахмурнае надвор’е.
Была ў вядзьмаркі Альбы, Альбіны, дзяўчынка гадоў пятнаццаці. Адны казалі, што гэта яе ўнучка, пакінутая на Альбіну дачкой, якая сама збегла з заезджым гандляром. Іншыя сцвярджалі, што гэта сірата, выратаваная вядзьмаркай ад хваробы невылечнай.
Так, у гэтай хаце жыла вядзьмарка. Добрая вядзьмарка, ніколі і нікому благога не зрабіўшая. Яна заўсёды дапамагала людзям у немачы і няшчасці. Асабліва ахвотна бралася яна за лячэнне малых дзяцей ды падлеткаў. За бескарыслівасць і безадмоўнасць людзі паважалі яе, за дапамогу былі ўдзячныя. Але знаходзіліся і такія, хто ненавідзеў яе зацята. Адмаўляла яна ў дапамозе тым, хто меў чорную душу і збіраўся па злоснай задуме сабе на карысць абрады нядобрыя рабіць за кошт гора бліжняга. Адмаўляла ім беспярэчна, нягледзячы на падаянні багатыя, а часам і на пагрозы подлыя.
І вось аднойчы выпала вясна без дажджэй і спякотнае лета: ні колас не адкаласаваўся, ні плод не выспеў – усё пасохла. Пайшоў паморак скаціны галоднай, страшныя хваробы і на людзей хлынулі. Многія вёскі запуставалі, а могілкі значна пабольшыліся. Надышоў час для помсты доўгачаканай. Кінуліся людзішкі з душой чорнай чуткі распаўсюджваць нядобрыя, што ўсе няшчасці ад вядзьмаркі.
– Пеўня пусціць праклятушчай! Хай у агні і дыме згіне гняздо яе шатанскае! – крычалі яны.
Хату падпалілі на світанні. Абкладзены сухім сенам і саломай будынак заняўся адразу ўвесь. Калі полымя адбушавала, на вогнішчы сталі шукаць, што засталося ад нянавіснай жанчыны. Адшукалі яе ў невялікім пограбе пад падлогай – затыхнулася. Але ўнучкі нідзе не было. Затое знайшлі вузкі падкоп з боку лесу. З таго боку, які не быў бачны падчас пажара. Меркавалі, што гэта ваўкі намагаліся выратаваць сваю гаспадыню. Але падкоп быў недастаткова шырокі – выратавацца здолела толькі дзяўчынка. Сталі таксама гаварыць, што чакаць зараз расплаты тым, хто злачынства гэтае ўчыніў. Так яно і адбылося. Да восені ўсе тыя, хто прымаў удзел у падпале, пачалі паміраць адзін за адным. Каго на раллі знойдуць з разарванымі грудзьмі, каго ў рацэ захлынуўшагася, каго ў ямах лоўчых на калах… І заўсёды ля цел нежывых заўважалі зялёных ваўкоў, якія вярталіся ў лясны гушчар. А па начах лямант стаяў жудасны: “Альбі-і-іна-а-а, Альбі-і-іна-а-а”. Рэхам адгукваўся лес глухі, і далятаў да вуха людскога пачатак і канец гэтага ляманту ў начы: “Альба-а-а”.
Да зімы ўсё супакоілася, скончылася. Спыніўся і воўчы лямант. Сышлі зялёныя ваўкі. Ніхто больш не бачыў у гэтых краях і ўнучку вядзьмаркі. Сышлі яны, выявілася, назаўжды.
Частка другая. Сустрэча
Дамашнія ніколі не бачылі яго такім спужаным. З бледным тварам, неяк, быццам крадучыся, ён увайшоў у хату і павольна апусціўся на лаўку ля дзвярэй. Потым моўчкі ўзяў карэц, папіў вады з дубовай кадкі і стаў усё так жа моўчкі вадзіць рукамі ў паветры, намагаючыся растлумачыць, што з ім надоечы здарылася.
Паляванне не задалося. Дзень, чапляючыся за верхвавіны соснаў, спяшаўся на спачынак. Мужчына павярнуў дадому, калі раптам ён не тое што нешта пачуў – хаця слых яго быў натрэніраваны за доўгія годы палявання ў лясах – хутчэй адчуў нейкі рух непадалёк злева. Ён адразу насцярожыўся, бо ніякая жывёла з тых, хто жыў у гэтых краях, не была настолькі непрыкметнай і лоўкай у рухах. Гэта быў нехта невядомы яму, які славіўся лепшым следапытам і здабытчыкам. Схаваўшыся за ствалом паваленай пасля ўрагану лістоўніцы, ён стаў чакаць. Першымі з’явіліся ваўкі. Следам за ім ішла нейкая істота: ці то чалавек, ці то… ён не мог вызначыць, кім была гэтая істота, якая ішла на дзвюх нагах. Аднак у бясшумных рухах, у постаці і манеры пазбягаць вецця ўгадваліся звычкі жывелы.
Але што ўразіла яго яшчэ больш – гэта тое, што ваўкі, якія ішлі наперадзе гэтай істоты, былі зялёныя. Ён страціў самакантроль, і пад нагой здрадліва хруснула ветка. Час быццам спыніўся. Ваўкі замерлі. Спынілася істота. І паляўнічы чамусьці падняўся на ўвесь рост, без ружжа, анямеўшы ад невядомага, нязвыклага жаху. Нават, здавалася, замер вечар ў кронах дрэў, і дзень спыніўся, каб паглядзець на гэтую сустрэчу.
Першая зварухнулася істота. Яна павольна выпрасталася і адкінула з галавы капялюш з травы ці нейкай пачарнелай матэрыі. Гэта была дзяўчына. Светлыя валасы былі рэдкага колеру – сівымі ці амаль белымі. І вочы. Вялікія тёмныя вочы глядзелі проста ў душу, проста ў яго трапяткое сэрца. Колькі яны так стаялі насупраць адзін аднаго, сказаць складана. Але праз некаторы час ваўкі ашчэрыліся і марудна пайшлі на паляўнічага. Узмахам рукі дзяўчына спыніла іх. Потым ледзь заўважна паківала галавой і ціха звярнулася да паляўнічага:
– Не рабі ім нічога благога. Калі хочаш, сустрэнемся там, дзе сустракаюцца рэкі.
Ён адразу зразумеў, дзе тое месца. Яна ізноў ускінула капялюш на галаву і першая зрабіла крок. Яны зніклі так жа раптоўна, як і з’явіліся.
Навіна абляцела бліжэйшыя вёскі імгненна: у лесе зялёныя ваўкі. Адразу ўспомнілі, што некалі адзін з мясцовых хлопцаў, паехаўшы на заработкі, вярнуўся здалёк з маладой жонкай. І яна распавядала, што ў яе на радзіме жыла легенда пра зялёных ваўкоў, як аднойчы іх гаспадыню спалілі ў хаце, а ўнучку яе ваўкі выратавалі.
Больш за ўсіх зацікавіўся гэтым здарэннем мясцовы абшарнік, вельмі ахвочы да розных рэдкіх трафеяў. Паклікалі сведку ляснога здарэння. Пасля гутаркі з ім абшарнік аб’явіў, што добра ўзнагародзіць таго, хто здабудзе яму жывымі ці мёртвымі ваўкоў з такой незвычайнай поўсцю. Адбылося некалькі маштабных аблаў. Ў лесе паставілі неверагодную колькасць пастак і зашмаргаў. Але ўсё дарэмна.
Тады гаспадар маёнтка прапанаваў паляўнічаму заняцца пошукамі зялёных ваўкоў на такіх умовах: калі не здабудзе трафей – яму прыйдзецца вярнуць дзялянку, якую падарылі яго бацьку за гераізм, праяўлены ў змаганні з французамі. Згодна легендзе, пасля гэтага падзеі разгортваліся імгненна. Да наступнай ночы паляўнічы знік з вёскі. Але яго пільнавалі слугі абшарніка, якія і перадалі таму, куды падаўся ўцякач.
Неўзабаве арганізавалі новую аблаву. На месца здарэння прыбыў нават сам гаспадар маёнтка. На ўскрайку балота ў акружэнне ўзялі старую хату, у якой хаваліся, як высветлілася потым, дзяўчына, паляўнічы і зялёныя ваўкі. Ім прапанавалі здацца – у адказ з хаты грымнулі стрэлы. Абшарнік распарадзіўся спаліць прыстанак уцекачоў. Пад ясным і чыстым небам над бяскрайнім лясным морам ізноў узняўся чорны смуродны слуп дыму. Агнём чалавек ізноў намагаўся наталаць глупства і хцівасць!
Ніхто не выйшаў з хаты…
На вогнішчы знайшлі толькі два целы – дзяўчыны і паляўнічага. У куце – падкоп, напоўнены вадой. У жаху і няверы прысутныя шапталіся:
– Патанулі. Дакладна патанулі…
За поўнач. А ў маёнтку светла, як днём. Сталы трашчаць пад дарагімі стравамі, музыка, танцы – і раптам усё знерухомела, сцішылася. І толькі раздзіраючы душу воўчы лямант данасіўся з парка. Блізка, літаральна за сценамі сядзібы.
Частка трэцяя. Помста
У начны дазор хлапчукі хадзілі ахвотна. Асабліва тыя, хто любіў паслухаць ля вогнішча розныя легенды ды гісторыі. Шмат хто з апавядальнікаў быў ужо сталага ўзросту. Але такога, як дзед Сазон, трэба было пашукаць. Бліжэй да паўночы разводзілі шырокае вогнішча, каб усе маглі змясціцца у вялікім коле вакол яго. На пруціках смажылі пахучае сала з хатнім хлебам і пёрамі зялёнай цыбулі. З’ядалі ўсё з вялікім смакам. Потым на тыя ж пруцікі насаджвалі рэшты хлеба і нават хрусткія гуркі. Што дома так сабе, ля вогнішча – пальчыкі абліжаш.
Пад луной коні хадзілі ў тумане, быццам па вадзе. Яны быццам плавалі, не дакранаючыся да зямлі, непадалёк ад агню, ад прыціхлай дзятвы, якая ўважліва слухала чарговую легенду пра зялёных ваўкоў.
Дзед сядзеў, абапёршыся на сядло, і курыў моцны самасад. Сваё апавяданне ён пачаў так:
– Упэўнены быў абшарнік і ўсе яго прыхвасні, што з зялёнымі ваўкамі скончана раз і назаўсёды. Таму і наладзіў званы абед у маёнтку. Дваровыя людзі яго былі ўсе пры справе: хто гатаваў, хто падаваў стравы на стол, хто прыбіраў за знатнымі гасцямі. Было шумна, горача, шмат музыкі і святла. На падворку расклалі некалькі вогнішчаў. Смажылі хатнюю і дзікую жывёлу, на вялікіх бляхах пад рознымі соусамі тушылі гародніну.
Ваўкі з’явіліся раптоўна. Іх выццё пачулі не толькі ў маёнтку, але і ў бліжэйшых вёсках – і ўсё адразу зразумелі, што прыйшлі звяры помсціць за юную гаспадыню сваю ды за паляўнічага, зусім нядаўна бязвінна загубленых ў агні. У маёнтку схапіліся за ружжы – і давай паліць у цемру ночы. А выццё не спынялася – толькі ўзмацнялася то збоку, то ззаду дома абшарніка-згубіцеля. І пачалі госці паціху пакідаць урачыстасць. Гаспадар кідаў ім услед лаянку ды праклёны. Ён разумеў, што зялёныя мсціўцы прыйшлі толькі за ім. Ён хапаў гасцей за каўнеры, штурхаў назад у хату. Але тыя супраціўляліся, усё роўна ў брычкі ды карэты заскоквалі ды тут жа ад’язджалі. І відаць было, што ваўкі іх не чапалі. Пачаў гаспадар бегаць па хаце, сам дзверы ды вокны зачыняць, бо людзі, якія былі ў яго на службе, таксама разбяжаліся хто куды.
І выйшлі зялёныя ваўкі з цемры, і пачалі звяры зубамі браць галавешкі з вогнішчаў у двары ды пад сцены хаты насіць. Хутка пабег агонь па зрубу з бярвенняў, запалымнеў маёнтак… Хто з вокнаў выскокваў – таго не чапалі ваўкі. А сам абшарнік намагаўся выратавацца, ды з навеса пападалі бярвенні і перагарадзілі яму выхад з полымя. Так ён ва ўласным гняздзе і згарэў.
На нейкі час ля былога маёнтка панавала цішыня, толькі раз-пораз чуваць было трэск драўніны з вогнішча, ды мірнае пырханне коней, ды ледзь чутны свіст паветра пад крыламі нізка пралятаючых лясных птушак…
– А яшчэ ваўкі дзяўчынку з агню выратавалі, – ціха прамовіў нехта з малых.
– Так, – падцвердзіў дзед Сазон, крыху памаўчаўшы. – Было такое. Замарудзіла жанчына з дзіцяці. Яна баялася параніць сваю кроху. Полымя ўжо бушавала за яе спінай, калі адзін з ваўкоў скочыў у памяшканне, схапіў малышку зубамі за адзенне і вынес з хаты. За імі выратавалася і маці.
Жыла гэтая жанчына на хутары непадалёк нашай вёскі. Падрасла дзяўчынка, стала часта ў лес хадзіць, ды ўсё больш адна. А калі не стала яе маці, яна зусім з дома знікла. Некаторыя сцвярджалі, што яна да сваіх ратаўнікоў пайшла, што так зялёныя ваўкі знайшлі сабе новую гаспадыню.
– Усё, – строга сказаў апавядальнік. – Усем спаць. А тыя, хто ў дазоры – глядзіце ва ўсе вочы.
… У нізенькай хацінке маладая прыгожая жанчына пяе калыханку сваім малышам:
– Баю-баюшкі-баю… Прыйдзе шэранькі ваўчок…
– Прыйдзе зялёны ваўчок? – сонна пытаецца старэйшы хлопчык.
– Не, мой мілы. Зялёныя ваўкі прыходзяць толькі за злымі людзьмі. А вы ў мяне дзеці добрыя.