Маршрут Іўе >
Кропкі маршрута Іўе
Млын ўзведзены з бутавага каменю і цэглы прыблізна ў 1920-я гг. і належаў заможнаму іўеўскаму габрэю. Першапачаткова ён быў аднапавярховы, пазней, магчыма, з павелічэннем колькасці збожжа, быў надбудаваны другі паверх і мансарда. Сёння ў пабудове працуе кафэ і некалькі гандлёвых кропак. Побач знаходзіцца, магчыма, жылы дом млынара.
На краі пасёлка, на старажытных каталіцкіх могілках, можна ўбачыць сціплую капліцу, якая была збудаваная з бутавага каменю ў 1861 г. у стылі позняга класіцызму і асвечаная ў гонар Св. Барбары. Прадаўгаватая капліца мае паўкруглую апсіду, накрытую агульным дахам. Галоўны фасад пабудовы вянчае трохкутны франтон, які абапіраецца на чатыры масіўныя калоны. Адзінае ўпрыгожанне каменных сцен – невялікія арачныя вокны.
Петрапаўлаўскі касцёл пабудаваны ў 1787 г. на месцы больш старога драўлянага храма і кляштара, якія былі спалены рускімі войскамі падчас вайны 1654-1667 гг. Выкананы касцёл з каменю ў стылі готыкі, рэнесансу і ракако. Асноўным упрыгожаннем святыні з'яўляюцца шэсць алтароў. Побач з касцёлам захаваліся жылыя карпусы бернардынскага манастыра. У 1858 г. манастыр быў зачынены.
Недалёка ад касцёла і вадзянога млына, на краі невялікага сквера, б'е гэтая даволі буйная крыніца, якая была прабітая ў 1914 г., магчыма, нямецкімі салдатамі. Нават труба, з якой б'е вада, належыць менавіта таму перыяду часу. У 2006 г. крыніца была ўнесеная ў спіс геалагічных помнікаў прыроды краіны, і вада з яе лічыцца адной з найчысцейшых сярод падобных крыніц.
Іўеўская мячэць у стылі народнага дойлідства з элементамі мадэрн пабудавана ў 1882 г. на сродкі уладальніцы мястэчка Эльвіры Замойскай і татарскай абшчыны з ЗША. Храм пазбег разбурэння ў Другую сусветную вайну, і мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што ён дзейнічаў нават пры савецкай уладзе і быў на той час адзіным адкрытым храмам такога тыпу ў Беларусі. Татараў у Іўі пасяліў у XV ст. вялікі князь Вітаўт у падзяку за гераічны ўдзел у Грунвальдскай бітве.
Паселішча згадваецца з XV ст. як уладанне вялікага князя Казіміра. З XVI ст. гэта ўжо мястэчка; уласнасць родаў Кішак, Слушак, Сапегаў. Цэнтральная гандлёвая плошча і сёння акружаная старадаўнімі каменнымі дамамі, якія належалі заможным жыхарам мястэчка. У асноўным гэта пабудовы ХIХ-ХХ стст., аднак, магчыма, ёсць і больш старыя.
Да Другой сусветнай вайны габрэйскае насельніцтва мястэчка складала каля 80% жыхароў. Нядаўна адрэстаўраваную сінагогу пабудавалі ў сярэдзіне ХIХ ст. Сёння ў ёй спартыўная ўстанова. Паблізу стаіць яшчэ адна сінагога, у якой сёння размешчаны гандлёвыя кропкі. Першая сінагога ў паселішчы з’явілася аж у пачатку XVIII ст. Іх было некалькі – для розных праслоек габрэйскай абшчыны.
У 2012 г. у пасёлку адбылася выключная для нашай краіны падзея: на цэнтральнай плошчы быў усталяваны манумент, прысвечаны чатыром асноўным канфесіям, якія на працягу многіх стагоддзяў суіснавалі ў гэтым мястэчку. Чатыры стэлы сімвалізуюць прадстаўнікоў чатырох суполак: праваслаўнай, каталіцкай, татарскай і габрэйскай.
На краі пасёлка захаваліся фрагменты старадаўняй шляхецкай сядзібы, пабудаванай, верагодна, у сярэдзіне XVIII ст. Даследчыкі мяркуюць, што гэта былое валоданне роду Агінскіх. Захавалася дыхтоўная пабудова, якая сёння выкарыстоўваецца пад жыллё, і руіны стайні з каменю і цэглы. Часткова захаваўся парк XVIII ст. і ліпавая алея.
На тэрыторыі ВКЛ некалі былі два буйныя цэнтры татарскай культуры – Трокі і Іўе. У апошнім сёння жыве каля тысячы прадстаўнікоў гэтага гордага народа. Татарскія могілкі пасёлка, мізар, знаходзяцца недалёка ад мячэці. Гэта вельмі стары пагост. Магчыма, землі пад яго адвялі яшчэ ў XVII ст. ці нават раней.