Маршрут Каменка >
Кропкі маршрута Каменка
Перад намі рэшткі некалі неверагодна цікавай і даволі кампактнай сядзібы старадаўняга шляхецкага роду Незабытоўскіх. З сярэдзіны XIX ст. гэты род асталяваўся на ўрадлівых землях каля ракі Ельня. У той жа час быў закладзены сядзібны дом і неабходныя гаспадарчыя пабудовы, з якіх захаваліся толькі дзве, аднак і яны могуць расказаць нешта пра гэту сядзібу і яе гаспадароў. Гэта васьмігранная лядоўня і невялікі свіран у стылі готыкі. Пабудовы і сёння выкарыстоўваюцца ў гаспадарчых мэтах.
Тут знаходзілася яшчэ адзін невялікі шляхецкі маёнтак, закладзены ў сярэдзіне XIX ст. У тыя часы ён насіў назву «Забалоцце». Магчыма, да канца XIX ст. маёнтак быў выкуплены новымі гаспадарамі. Яны і пабудавалі тут дыхтоўныя каменныя будынкі, два з якіх захаваліся да нашых дзён: гэта вадзяны млын у руінах (1905 г.) і якасна складзеная пабудова свірна, якая захавалася ў ідэальным стане (1907 г.).
Адзін з класічных прыкладаў культавай пабудовы псеўдарускага стылю. Храм збудаваны ў 1881 г. на сродкі, выдаткаваныя маскоўскімі ўладамі. Збор і падвоз будаўнічых матэрыялаў былі ўскладзеныя на мясцовых жыхароў.
У гэтай вёсцы можна ўбачыць дзве культавыя пабудовы. Адна з іх – Траецкі касцёл, пабудаваны з цэглы ў стылі барока з элементамі класіцызму ў 1674 г. Вакол святыні – каменная агароджа з брамай. Другая пабудова – храм Св. Яна Багаслова, збудаваны з дрэва ў 1930-я гг. у суседняй вёсцы Завалкі, дзе ў савецкі час ён служыў складам. У 1993 г. ён быў перавезены ў Дэмбрава.
Упершыню Каменка згадваецца ў сярэдзіне XVI ст. у складзе ВКЛ. Належала паселішча Тызенгаўзам. У 1580 г. тут стаяў старажытны драўляны касцёл, у якім хрысцілі Элізу Ажэшка. Новы каменны каталіцкі храм у стылі неаготыкі збудаваны ў 1908 г. У 1910 г. ён быў абнесены маляўнічай цаглянай агароджай з гатычнай брамай. У 1923 г. з дрэва ўзведзены велізарны будынак адміністрацыі гміны з мансардным паверхам. Цікавасць уяўляе таксама радавая забудова (XIX-XX стст.).
У 1773 г. на вясковых могілках з дрэва ў стылі народнага дойлідства з элементамі барока манахамі ордэна езуітаў збудаваны каталіцкі храм, асвячоны ў гонар Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі. У 1962 г. савецкія ўлады зачынілі храм, і толькі ў канцы ХХ ст. ён быў вернуты вернікам. Захаваўся таксама драўляны сядзібны дом, пабудаваны ў стылі класіцызму ў 1886 г. у маёнтку апошніх уладальнікаў гэтага месца Блавдзевічаў.
Пакроўскі праваслаўны храм пабудаваны з цэглы ў рэтраспектыўна-рускім стылі ў 1908 г. У 1996 г. быў адноўлены. Таксама ў вёсцы ёсць музей знакамітай беларускай пісьменніцы Элізы Ажэшка, якая нарадзілася тут у радавым маёнтку Паўлоўскіх у 1841 г. Ад сядзібы Паўлоўскіх захавалася толькі студня, склеп у руінах і ліпавая алея. Пастаўлены крыж і памятная пліта, умураваная ў каменны абеліск.
У аддаленні ад населеных пунктаў, побач з прасёлкавай дарогай на спадзістым узвышшы захаваліся фамільныя могілкі роду Паўлоўскіх. Размешчаныя яны бліжэй да вёскі Пузынаўцы. Тут спачываюць бацька, дзядзька і сястра Элізы Ажэшка. Знакамітая пісьменніца напрыканцы свайго жыцця часта прыходзіла сюды і праводзіла тут шмат часу. У 1957 г. пры падтрымцы палякаў гэтыя нацыянальныя помнікі былі адрэстаўраваныя.
Каля прасёлкавай дарогі, якая вядзе ў вёску, знаходзяцца два архітэктурныя помнікі, адзін з якіх адносіцца да часоў паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Мемарыяльную калону некалі вянчала скульптура, да яе вяла шырокая сцежка. Успенская царква пабудавана трохі бліжэй да вёскі па тыпавым праекце ў 1873 г. У савецкі час яна была адведзена пад складское памяшканне. У 1996 г. адноўлена.