Маршрут Крэва >
Кропкі маршрута Крэва
Тут некалі існавала велізарнае пахаванне салдатаў, якія загінулі ў Першай сусветнай вайне. Закладзена яно прыблізна ў сярэдзіне 1920-х гг. Сёння на месцы могілак луг. Захаваўся ў паўразбураным стане помнік загінулым нямецкім салдатам, увянчаны бюстам салдата ў касцы.
Былое мястэчка ВКЛ вядома з XVI ст. Пры кляштары базыльянаў у 1707 г. пабудаваны касцёл Св. Пятра і Паўла ў стылі віленскага барока. Пабудова цікавая адсутнасцю восевай сіметрыі. У комплекс уваходзяць карпусы кляштара, касцёл, брама і агароджа, званіца і капліца. У 1793 г. пры кляштары была адкрыта шасцікласная школа. Яе скончылі польскія пісьменнікі А. Адзінец, Ю. Корсак, І. Ходзька.
Сярод добра захаванага старажытнага парку цудам дажыў да нашых дзён драўляны сядзібны дом, пабудаваны ў стылі класіцызму з рысамі барока ў 1828 г. На магутным каменным цокальным паверсе спачываюць сцены з часанага бруса. Недалёка ад дома, ля зарослай сажалкі, руіны вадзянога млына. Гэта ўсё, што засталося ад некалі квітнеўшага маёнтка Скіндар.
У руінах будынак сінагогі (XIX ст.). Царква Св. А. Неўскага пабудавана ў 1854 г. У 1928 г. аднаўлялася. Крэўскі замак быў узведзены яшчэ да 1338 г. У 1385 г. у сценах замка была падпісана Крэўская унія аб аб'яднанні Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. Сцены з каменю больш за 2,5 метраў таўшчынёй, вышыня да 12 метраў. У 1929 г. праводзілася кансервацыя сцен замка. Сёння замак у жаласным стане.
У 1876 г. у гэтай вёсцы на месцы старажытнага драўлянага храма была ўзведзена цагляная царква Св. Іллі ў рэтраспектыўна-рускім стылі сінадальнага напрамку. Ад маёнтка Скіндараў, які быў закладзены ў гэтых месцах у пачатку XIX ст., у цудоўным стане захаваліся бровар і спіртасховішча. Цудоўная кладка сцен з колатага каменю і цэглы захапляе і сёння.
Недалёка ад вёскі, каля невялікага моста, добра захаваўся будынак вадзянога млына, пабудаваны ў 1886 г. Цокальны паверх складзены з палявога каменю, мае ўваходныя дзверы і невялікія нізкія вокны. Сам млын складзены з драўлянага бруса. На другім беразе ў руінах падмурак і ўваходная лесвіца сядзібнага дома.
Згадваюцца з пачатку XVI ст. як землі ВКЛ, якія належалі Сурвілам, затым Шорцам, Палубінскім. Ад сядзібы захаваліся ў руінах будынак спіртзавода і прыёмніка спірту. А на тэрыторыі старажытных могілак знаходзіцца магутны будынак званіцы з каменю і цэглы, пабудаванай ў 1878 г. пры касцёле, ад якога засталіся толькі камяні падмурка.
Паселішча вядома з XVI ст. як валоданні Трабскіх, Гаштольдаў, Радзівілаў, Нарбутаў. Ад мінуўшчыны маёнтка захаваліся дыхтоўныя каменныя свірны, якія захапляюць якасцю мура і маштабнасцю пабудоў. Насупраць стаіць драўляны свіран з тэрасай на ўсю даўжыню. У 1900 г. у цэнтры вёскі з цэглы ўзведзены касцёл Нараджэння Дзевы Марыі ў стылі неаготыкі. Царква Пятра і Паўла пабудавана з дрэва ў стылі народнага дойлідства ў 1784 г.
Прыкладна за паўкіламетра ад вёскі ўсталяваны гранітны знак, які адзначае пункт геадэзічнай дугі Струвэ «Тупішкі», які быў тут адзначаны ў 1825 г. У 2005 г. дуга Струвэ была ўключана ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.