Маршрут Квасоўка >
Кропкі маршрута Квасоўка
Адно з самых улюбёных паселішчаў Элізы Ажэшка на Гарадзеншчыне. Ад старадаўняга маёнтка, апошнім уладальнікам якога быў блізкі сябар пісьменніцы Браніслаў Багатырэвіч, засталося некалькі каменных пабудоў. А побач з вёскай знаходзяцца магілы Яна і Цэцыліі, герояў прыгожай легенды пра каханне і адданасць, якую Ажэшка апісала ў сваім рамане «Над Нёманам». На магіле – разьбяная драўляная скульптура.
Дом пабудаваны ў пачатку ці ў 40-я гг. XX ст. і мае незвычайную архітэктуру. У такім доме мог бы жыць мастак або чараўнік, пісаць свае творы пісьменнік-фантаст або казачнік. Можна было б зладзіць у доме дзіцячы або лялечны тэатр. Ёсць прапанова ўнесці дом у спіс архітэктурных помнікаў Беларусі
Вядома пасяленне яшчэ з канца XV ст. як уласнасць Забярэзінскіх, Ільінічаў. У 1872 г. у стылі позняга класіцызму пабудавана невялікая трохнефная каталіцкая базіліка. Стаіць яна ў самым цэнтры вёскі і з'яўляецца яе архітэктурным упрыгожаннем. Пры савецкай уладзе касцёл быў зачынены ў 1961 г. і выкарыстоўваўся ў розных гаспадарчых мэтах. У 1989 г. адноўлены і вернуты вернікам.
Першая згадка пра гэтае селішча датуецца 1558 г. У XIX ст. гэта была ўласнасць Веймернаў, Балоціных. Сядзібны дом у стылі класіцызму закладзены апошнімі ўладальнікамі маёнтка Пцічкінамі ў 1900 г. Дом абступае часткова захаваны пейзажны парк з алеямі. У самой вёсцы стаіць паўразбураная пабудова рэдкага прызначэння – былая карчма, якую сёння выкарыстоўваюць як гаспадарчую пабудову.
Гэты храм аднесены да вёскі Заневічы, хаця ён размешчаны бліжэй да вёскі пад назвай Літвінкі. Стаіць ён на могілках паміж двума гэтымі паселішчамі. Пабудаваны касцёл, асвячоны ў гонар Сэрца Ісуса і Св. Юзэфа, з цэглы ў стылі класіцызму ў 1917 г. У савецкі час касцёл быў закінуты, і толькі ў 1989 г. святыня была адноўлена і вернута вернікам.
Недалёка ад Багатырэвічаў раскінулася ўздоўж берага Нёмана гэтая вёска. Гасцінныя жыхары абавязкова пакажуць вам галоўную славутасць – пахаванне паўстанцаў 1863-1864 гг. Ідэальна дагледжанае журботнае месца патанае ў кветках, сцягах розных краін і запаленых лампадках.
Пакроўская царква ўзведзена ў самым канцы XIX ст. Дакладная дата яе пабудовы невядомая, і ёсць нават здагадка, што царква будавалася ўжо ў 1930-я гг. Стаіць яна на высокім беразе Нёмана, і калі спусціцца па вузкай сцежцы ўніз, то перад падарожнікам адкрыецца цудоўны выгляд на гэтую знакамітую раку.
Праваслаўны храм Нараджэння Параскевы Пятніцы быў пабудаваны ў рэтраспектыўна-рускім стылі побач з вёскай у 1867 г. Ён абнесены нізкай каменнай агароджай. Праз дарогу ад храма можна ўбачыць цудам захаваную ўязную браму былой сядзібы шляхецкага роду Друцкіх-Любецкіх, пабудаваную з цэглы ў стылі готыкі ў 1886 г. Ахоўнай шыльды на гэтай унікальнай пабудове няма.
Уласнасць караля Жыгімонта I Старога з пачатку XVI ст. Валодалі маёнткам роды Тарлаў, Рамэраў, Пуслоўскіх. Велічны сядзібны дом у стылі мадэрн пабудаваны Красінскімі ў канцы XIX ст. Цудоўны пейзажны парк на рацэ Свіслач. Захавалася некалькі гаспадарчых пабудоў. Крыжаўзвіжанская царква пабудавана ў 1852 г. як касцёл у стылі неарэнесансу. Недалёка ад пасёлка знаходзіцца старажытная сядзіба «Бракава».