Маршрут Мсціслаў-1 >
Кропкі маршрута Мсціслаў-1
На працягу 500 гадоў Мсціслаўскі замак пераносіў шматлікія асады. У выніку замак быў канчаткова знішчаны Маскоўскай дзяржавай. Пачынаючы з 1386 г., замак неаднаразова вытрымліваў асады маскоўскіх войскаў. Падчас вайны 1654-1667 г. ён быў спалены, але яго тут жа аднавілі жыхары горада. У 1660 і 1708 гг. замак быў разбураны дашчэнту па загадзе маскоўскага цара. Цвярдыня зноў была адноўленая і праіснавала да 1772 г.
Зусім побач з Замкавай гарой знаходзіцца ўнікальны прыродны помнік – крыніца крыштальна чыстай і, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, лекавай вады. Некалі гэты калодзеж належаў даволі вялікай габрэйскай абшчыне Мсціслава. Сёння над крыніцай узведзена драўляная праваслаўная капліца.
Кляштар быў заснаваны ў 1690 г. Ад кляштара захаваўся цагляны касцёл у стылі барока, узведзены ў 1730 г. Пасля паўстання 1830-1831 гг. касцёл быў перададзены праваслаўнай царкве і да непазнавальнасці перабудаваны. Таксама былі змененыя будынкі калегіума, кляштарная аптэка і некаторыя іншыя пабудовы. Часткова захавалася вытанчаная агароджа кляштара з невялікімі капліцамі па вуглах.
Заснаваны кляштар у самым пачатку XVII ст. Касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі ў стылі віленскага барока пабудаваны з цэглы ў 1637 г. У касцёле захоўваюцца ўнікальныя фрэскі. Часткова захаваліся службовыя памяшканні кляштара і старажытная брама побач з касцёлам. Магчыма, яны былі ўзведзеныя нашмат раней за храм.
Магчыма, на гэтым месцы некалі стаяла драўляная ўніяцкая царква. Пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. храм часткова перабудавалі. Пры перабудове відазменена вежа-званіца над прытворам і дабудаваны высокі ганак на чатырох тонкіх драўляных калонах. Сёння святыня мае рысы народнага дойлідства. Храм знаходзіцца на гарадскіх могілках.
У Мсціславе захавалася некалькі сінагог. Некаторыя з іх былі значна перабудаваныя, іншыя стаяць у руінах. Непадалёк ад Царквы Тупічэўскай іконы Божай Маці, на вул. Кірава, яшчэ можна ўбачыць сінагогі ХІХ ст.
Паводле гісторыкаў, манастыр быў заснаваны ў сярэдзіне XVII ст. Калісьці на тэрыторыі манастыра ўзвышаліся чатыры праваслаўныя храмы. Асноўныя пабудовы былі знішчаныя падчас Другой сусветнай вайны. Частка пабудоў была разбураная ў 1950-я гг., калі на тэрыторыі манастыра пабудавалі малаказавод. Часткова захавалася агароджа манастыра, брама і капліца.
У 1727 г. на гэтым месцы стаяў касцёл ордэна бернардзінцаў. Прыкладна ў сярэдзіне ХІХ ст. ён быў разбураны. Магчыма, пры будоўлі царквы былі выкарыстаныя фундаменты ці нават сцены старога касцёла. Сёння гэта праваслаўная святыня ў гонар А. Неўскага.
Раней царква называлася Крыжаўзвіжанская. Узведзена святыня з цэглы ў 1871 г. Царква ўяўляе сабой класічны прыклад рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудова пацярпела падчас Другой сусветнай вайны. Пры аднаўленні святыні былі змененыя вежа-званіца над прытворам і купалы храма.