Маршрут Новы Свержань >
Кропкі маршрута Новы Свержань
Раней Вішнявец насіў назву Гавезна. Заснавана паселішча ў 1633 г. З XVII ст. – мястэчка. У 1742 г. з цэглы пабудаваная царква ў стылі барока. У 1850 г. перабудаваная як праваслаўная. Сёння тут ідуць аднаўленчыя работы, храм губляе свой першапачатковы выгляд. За апсідай храма захавалася цагляная капліца, узведзеная ў 1866 г.
Былы маёнтак Радзівілаў "Гародзій" у пачатку ХІХ ст. перайшоў ва ўладанне Адама Брахоцкага, прадстаўніка знатнага шляхецкага роду ВКЛ. Эмілія і Марыя Брахоцкія былі апошнімі гаспадынямі маёнтка. Да 1939 г. у маёнтку працавала польская школа. Захаваўся сядзібны дом, руіны дома аканома, гаспадарчыя пабудовы і вельмі рэдкі будынак – камера для сушкі льну. Менавіта Брахоцкія ў гэтым маёнтку вынайшлі знакаміты сычужны сыр.
Былы фальварак вядомы з 30-х гг. XVI ст. Гаспадарылі тут шляхецкія роды Пратасавічаў, Радзівілаў, Брахоцкіх. Захаваўся каталіцкі храм Св. Юзафа, пад які быў прыстасаваны будынак каменнай стайні. У савецкі час тут дзейнічала кафэ, а ў 1996 г. храм быў вернуты каталікам. Каля чыгуначнага пераезду стаіць каменная прыдарожная капліца (1874 г.), а ля сучаснага будынка гасцініцы ў 2012 г. ўсталяваны прыгожы, адзіны ў Беларусі помнік Грунвальдскай бітве (1410 г.). Каменная радавая забудова на сённяшні дзень часткова знішчана.
Гэтая невялікая каталіцкая святыня ўяўляе сабой прыклад вельмі простага, але гарманічнага і вытанчанага выканання неакласічнага стылю. Пабудавана капліца з цэглы ў 1934 г. Упрыгожаннем капліцы з'яўляюцца арачныя вокны, паўкруглая апсіда і трохвугольны франтон з невялікай чатырохграннай званіцай. Па баках ад уваходных дзвярэй на ўсю вышыню капліцы цягнуцца глухія нішы і арачнае акно.
Пабудаваная Дабравешчанская царква ў стылі народнага дойлідства з дрэва ў 1882 г. Старажылы кажуць, што храм заўсёды быў блакітным. Мясцовыя жыхары вераць, што храм перажыў перыяд атэізму і войны дзякуючы іх малітвам.
Вядомы з 1568 г. як мястэчка ВКЛ. Калісьці тут стаяў вялізны замак. Уладанні Слушкаў, Валовічаў, Радзівілаў. З 1742 па 1760 гг. тут працавала фаянсавая мануфактура, вядомая ва ўсёй Еўропе. Адсюль пачынаўся Нёманскі водны шлях. Касцёл Святых Пятра і Паўла ў стылі рэнесансу ўзведзены ў 1588 г. З 1864 па 1901 гг. быў закрыты. Успенская царква ў стылі барока была пабудаваная як касцёл у 1580 г. У 1833 г. пераасвечаны ў праваслаўны храм. Тут таксама захаваліся вадзяны млын, руіны сінагогі, габрэйскія могілкі ў добрым стане і магілы польскіх жаўнераў (1920 г.).
У гэтым храме спачывае той, хто яго ўзводзіў і асвячаў – ксёндз Трацкевіч. Пабудаваны касцёл у стылі барока з цэглы ў 1725 г. Пераасвечаны ў праваслаўны храм у 1867 г. Храму патрэбная кансервацыя.
Побач з галоўнай вуліцай вёскі ў 1894 г. узведзены невялікі драўляны касцёл Сэрца Ісуса ў рысах народнага дойлідства. Храм выдзяляецца пяціграннай апсідай і шатровай вежай з крыжам над галоўным франтонам. Магчыма, у 1920-я гг. капліцу адрэстаўравалі і абшылі вагонкай.
Вядомае паселішча з XVI ст. З XVII ст. - мястэчка ВКЛ. Належала Слушкам, Чартарыйскім. У 1729 г. Стоўбцы атрымалі магдэбургскае права. Горад быў адным з пачатковых пунктаў суднаходства на Нёмане. Каменная царква Св. Ганны ў стылі класіцызму ўзведзена ў 1825 г. як касцёл. Нашмат пазней былі пабудаваныя двух'ярусная брама і агароджа. Захаваўся будынак сінагогі (1880 г.), габрэйскія могілкі і капліца-надмагілле на каталіцкіх могілках.
У гэтай невялічкай вёсцы побач з дарогай, якая вядзе на Нясвіж, захавалася каталіцкая капліца, пабудаваная ў стылі рэнесансу, пабудаваная з цэглы ў 1580 г. У ХХ ст. яна была адбудаваная і крыху відазмененая. У выдатным стане захавалася ўзведзеная з якаснай цэглы канюшня. Гэта ўсё, што засталося ад былога маёнтка Радзівілаў, які квітнеў тут у XVIII ст. Тут таксама знаходзяцца польскія могілкі 1920-х гг.