Маршрут Воўчын >
Кропкі маршрута Воўчын
У гэтай вёсцы да нашых дзён захавалася ўніяцкая святыня, пабудаваная з дрэва ў 1730 г. Пасля падаўлення паўстання 1863–1864 гг. храм быў перададзены царскімі ўладамі праваслаўнай царкве і асвячоны ў гонар Св. Ануфрыя. Да апсіды рызніцы быў прыбудаваны прытвор з трох’яруснай званіцай. Нягледзячы на ўсе перабудовы, храм захаваў у сваёй архітэктуры традыцыйныя рысы ўніяцкага культавага дойлідства.
Тут часткова захаваліся асобныя каменныя пабудовы, узведзеныя ў некалі квітнеўшым маёнтку «Александрыя». Дакументальна пацверджана, што ў канцы XIX ст. гэта была ўласнасць Марыі Патоцкай і Паўла Сапегі. У руінах пабудовы бровара, стайні. У некалькі лепшым стане захавалася пабудова свірна, якая і сёння выкарыстоўваецца як складское памяшканне.
Гэтая вёска знаходзіцца недалёка ад дарогі Р16, якая вядзе з Брэста на Высокае. Яшчэ ў пачатку XV ст. згадваецца як уласнасць Астрамечаўскіх, Ільінічаў. На месцы старадаўняй драўлянай культавай пабудовы ў 1846 г. пабудавана праваслаўная святыня ў стылі позняга класіцызму з элементамі эклектыкі, асвячоная ў гонар Св. Міхала. Усе тры асноўныя аб'ёмы храма складаюць адну кампазіцыю.
Паселішча з сярэдзіны XVI ст. з'яўлялася дзяржаўнай уласнасцю ў складзе ВКЛ. У 1631 г. у вёсцы збудаваны ўніяцкі храм. Адразу пасля паўстання 1863–1864 гг. на яго месцы з цэглы пабудавана праваслаўная Свята-Успенская царква ў псеўдарускім стылі. Пасля Другой сусветнай вайны яна доўгія гады знаходзілася ў запусценні і толькі ў 1990-я гг. была адноўленая.
Згадваецца з XV ст. як мястэчка. Галоўнай славутасцю вёскі з'яўляецца Траецкі касцёл, пабудаваны ў стылі позняга барока ў 1733 г. Некаторы час у храме спачывалі астанкі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1866 г. касцёл перабудаваны пад праваслаўны храм. У 2007 г. вернуты каталікам. Спаса-Мікалаеўская царква, магчыма, перабудавана з каталіцкай святыні. Захаваліся будынкі сінагогі (XIX ст.) і адміністрацыі гміны (1920 г.).
Сядзібны дом у класічным стылі пабудаваны прыкладна ў сярэдзіне XIX ст. Адольфам Марцінам. Пасля яго і дом, і мноства гаспадарчых пабудоў сядзібы перайшлі ва ўласнасць Пузынаў. Пасля Другой сусветнай вайны пры савецкай уладзе тэрыторыя сядзібы была адведзена пад піянерскі лагер. Сёння дом у стадыі рэстаўрацыі. Цудоўна захаваўся пейзажны парк.
З пачатку XV ст. уваходзяць у склад ВКЛ. З XVI ст. ўласнасць шляхецкага роду Гарнастаяў, затым Гасеўскіх, Сапегаў, Панятоўскіх, Чартарыйскіх. У 1742 г. пабудаваны мураваны касцёл, які пасля паўстання 1863-1864 гг. быў перабудаваны ў праваслаўны Пакроўскі храм. Ад сядзібы захаваўся парк, алея і карэтная. Побач, у маёнтку Лышчыцы, нарадзіўся беларускі Джардана Бруна – Казімір Лышчынскі (1634 г.). Ля царквы стаіць мемарыяльны камень у яго гонар.
Тут знаходзіцца самы заходні храм Беларусі. Пабудавана гэтая праваслаўная святыня, асвечаная ў гонар Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы, у 1791 г. Хутчэй за ўсё, храм перабудоўваўся двойчы: пасля 1864 г. i ў 1912 г. Калі з'явіліся прыбудаваныя да галоўнага фасаду бабінец са званіцай, невядома.
У пісьмовых крыніцах паселішча згадваецца з сярэдзіны XVI ст. у складзе ВКЛ. З пачатку XIX ст. уласнасць роду Высоцкіх. У 1822 г. Высоцкія фінансавалі пабудову каменнага храма. Невядома, да якой канфесіі ён адносіўся. Аднак вядома, што ў 1881 г. ён быў дабудаваны, з'явіўся кубападобны аб'ём бабінца з двух'яруснай званіцай. Стыль пабудовы класічны з элементамі барока.
Вядома пасяленне з пачатку XIX ст. як уласнасць родаў Ваўкавіцкіх, Такаржэўскіх і Залескіх. Да пачатку XVIII ст. на месцы цяперашняй царквы Св. Міхала існавала драўляная ўніяцкая святыня. У 1816 г. быў узведзены храм у стылі народнага дойлідства, які можна ўбачыць і сёння. Калі менавіта ён перабудоўваўся, пакуль невядома. Хутчэй за ўсё, ад папярэдняга храма захаваліся абразы XVII ст.