Маршрут Высокае >
Кропкі маршрута Высокае
Ад старадаўняй сядзібы Хлюсціных, закладзенай папярэднімі гаспадарамі яшчэ ў сярэдзіне XIX ст., захавалася некалькі дыхтоўных каменных гаспадарчых пабудоў, якія і сёння выкарыстоўваюцца па прызначэнні. Драўляная Траецкая царква ў стылі позняга класіцызму ўзведзена ў 1838 г. на месцы больш старога драўлянага храма, які, магчыма, быў уніяцкім. Побач захавалася драўляная званіца, збудаваная прыкладна ў той жа час, што і сама царква.
У наваколлі ўздоўж аўтадарогі М8 ляжыць каля дзясятка вялікіх і маленькіх азёр, самае вялікае з якіх – Вялікае Арэхаўскае возера. Але нас у рамках гэтага маршруту ў першую чаргу цікавіць трохі меншае лясное возера, якое ляжыць зусім недалёка ад дарогі, – возера Святое. За ім з глыбіні стагоддзяў цягнецца шлейф старадаўніх павер'яў і легенд. Адна з іх сцвярджае, што некалі даўно на цяпер зніклым востраве было паганскае капішча з велізарным каменным ідалам, які, магчыма, і сёння спачывае на дне возера.
Маляўнічыя руіны каменнай праваслаўнай царквы Св. Іллі дзівяць разнастайным вонкавым дэкорам. Пабудаваны храм быў у 1913 г. Ад сядзібы Макрыцкіх захаваўся пейзажны парк, закладзены ў пачатку XIX ст., і двухпавярховая цэнтральная частка сядзібнага дома, пабудаванага з цэглы ў стылі неакласіцызму ў 1903 г. Побач з храмам захаваўся флігель.
Дыхтоўны будынак паштовай станцыі ўзведзены з цэглы ў класічным стылі з элементамі готыкі ў 1844 г. па адным з тыпавых праектаў таго часу. У добрым стане захавалася частка цаглянай агароджы па абодва бакі станцыі. У двары застаўся невялікі будынак, які, магчыма, некалі служыў жыллём для паштальёнаў, рамізнікаў і проста праезных падарожнікаў.
Вялізныя ўладанні маёнтка роду Дышлеўскіх, які некалі квітнеў тут, сёння занятыя прыватнай забудовай, сучаснымі дарогамі і палямі, якія належаць прыватным і дзяржаўным гаспадаркам. Захаваліся фрагменты пейзажнага парку, сядзібны дом да нашых дзён не дайшоў. Ад маёнтка засталася таксама дыхтоўная гаспадарчая пабудова, збудаваная ў самым пачатку ХХ ст. Сёння яна капітальна адноўленая і выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак.
Захаваўся дыхтоўны каменны дом роду Дзярожынскіх, збудаваны ў стылі мадэрн у другой палове XIX ст. Вакол знаходзіцца пейзажны парк з ліпавымі алеямі. Каля дома нядаўна ўсталяваны старажытны каменны крыж. У занядбаным стане пабудовы бровара. У руінах Пакроўская царква, збудаваная ў псеўдарускім стылі з цэглы ў 1886 г. На падлозе храма таксама можна ўбачыць старажытны каменны крыж, перанесены сюды мясцовымі жыхарамі.
На краі невялікай вёскі, ля прасёлкавай дарогі, побач з адзінокім хутарам у зарасніках бяроз ужо шмат гадоў стаіць у руінах храм, некалі асвечаны як Пакроўскі. Пабудаваны ён з цэглы ў псеўдарускім стылі ў самым пачатку 80-х гг. XIX ст. Падобныя культавыя пабудовы варта кансерваваць для нашых нашчадкаў, якія здолелі б імі распарадзіцца.
У гэтай вёсцы цудоўна захавалася і дзейнічае чыгуначная станцыя, збудаваная па тыпавым праекце з цэглы ў класічным стылі ў самым пачатку ХХ ст. – магчыма, у 1902 г. Побач стаіць жылы дом станцыйнага наглядчыка і цагляная лядоўня.
Цудоўна захаваўся сядзібны дом княжацкага роду Любамірскіх, пабудаваны з цэглы ў сярэдзіне XIX ст. (прыблізна ў 1846 г.) у стылі сярэднявечнага замка. Доўгі час пабудова выкарыстоўвалася як жаночая турма, затым як лячэбная ўстанова. Вакол раскінуўся сядзібны парк з сажалкамі, на беразе якіх некалі размяшчаўся велізарны гаспадарчы двор. Захавалася некалькі гаспадарчых пабудоў з цэглы і дрэва. Флігель з цэглы з часам быў значна перабудаваны.