Маршрут Івянец >
Кропкі маршрута Івянец
У гэтай зацішнай мясціне на вельмі маляўнічым невялічкім пагорку з 1746 г. стаяў драўляны касцёл Св. Пятра і Паўла. У 1961 г. савецкая ўлада яго знішчыла. Засталіся руіны і ад колішняй сядзібы «Набароўшчына». Гэта руіны дастаткова вялікага бровара, пабудаванага з неапрацаванага каменю. З такога ж матэрыялу ўзведзены і вадзяны млын на беразе ракі Волка. Сёння на пагорку, дзе стаяла каталіцкая святыня, стаіць сціплы крыжык, а руіны бровара добрыя людзі нядаўна вызвалілі ад дрэў і кустоў. Праз нейкі час, можа, і млынок дачакаецца руплівых рук неабыякавых нашых суайчыннікаў.
Па дарозе з Івянца на Валожын, побач з вёскай Рудня, у прасторным сасновым бары, на беразе маляўнічай ракі Іслач знаходзіцца яшчэ адно валоданне Тышкевічаў – малавядомае, маланаведвальнае, малавывучанае «Вялае». Тут захаваўся яшчэ адзін палац. Сёння ён у руінах. Адсутнічае нават шыльда, што гэта ўнікальны помнік нашай нацыянальнай спадчыны. Палацу патрабуецца тэрміновая кансервацыя.
Адны даследчыкі нашай мінуўшчыны сцвярждаюць, што гэта каменныя магілы, а гэта значыць, што яны адносяцца да Сярэднявечча, другія сцвярджаюць, што гэта надмагільныя камяні старажытнага каталіцкага пагоста сярэдзіны XVIII ст. Нам жа як звычайным вандроўнікам у любым выпадку будзе цікава дакрануцца да такіх старажытных помнікаў нашай беларускай даўніны. А калі пашанцуе, то і нам давядзецца нешта незвычайнае разгледзець у сімвалах на паверхні гэтых камянеў.
У 1869 г. па аднаму з тыпавых праектаў пабудаваная Спаса-Праабражэнская царква ў рэтраспектыўна-рускім стылі з бутавога каменю і цэглы. У 30-я гг. ХХ ст. храм быў закрыты савецкімі ўладамі. У гады Другой сусветнай вайны ён быў часткова разбураны. У асноўным пацярпелі дах і купалы храма. У 1998 г. святыня была адбудаваная і адкрытая для вернікаў.
Вядомы з XIV ст. Уласнасць Вітаўта, Альгердавіча, Салагубаў. З 1522 г. – мястэчка. Ад Плевакоўскай сядзібы засталіся руіны сядзібнага дома, свіран, стайня. Касцёл Св. М. Арханёла збудаваны ў стылі віленскага барока ў 1741 г. Пры касцёле знаходзіцца корпус манастыра францысканцаў. З 1948 па 1990 гг. ён не дзейнічаў. У 1905 г. пабудаваны касцёл Св. Аляксея ў стылі неаготыкі. З 1976 г. ён працаваў як сховішча дзяржаўнай бібліятэкі. У 1990 г. вернуты каталікам. Таксама варта паглядзець музей у купецкім доме і адну з трох драўляных сінагог Беларусі на вул. Школьная, 1.
Калі прайсці ў канец вёскі і, узяўшы трошкі правей, спусціцца да невялікай безназоўнай рачулцы, якая ўпадае ў Іслач, можна ўбачыць камень, падобны да велізарнага крэсла. Існуе нават прыгожая легенда «Крэсла для Параскі». Побач, на беразе гэтай рачулкі, размясціліся, магчыма, рэшткі паганскага капішча, якія складаюцца таксама з вялікіх і малых валуноў.
А зараз мы паедзем у мясціну, дзе нараджалася нацыянальная наша літаратура. У Люцінцы з 1840 па 1884 гг. жыў і працаваў пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Менавіта ў Люцінцы ён нарадзіў свае самыя таленавітыя працы. У хатняй школе, якая была адчынена яго дзецьмі, у свой час вучыўся другі знакаміты пісьменнік, Ядзвігін Ш. Тут гасцявалі такія беларускія славутыя асобы, як браты Ельскія, Сыракомля, Манюшка. Ад былой сядзібы захаваліся толькі каменныя прыступкі ды падмуркі сядзібнага дома. У 1986 г. у Люцінцы пастаўлены помнік Дуніну-Марцінкевічу.
Недалёка ад вёскі на абочыне лясной дарогі можна пабачыць надмагільныя камяні. Пахаванні, частка якіх была знішчаная ў 1968 г. падчас будоўлі дарогі, захаваліся тут з часоў Паўночнай вайны (1700–1721 гг). Вядома, што частка насельніцтва Рэчы Паспалітай была на баку Швецыі, а частка падтрымлівала Масковію. Толькі дасканалае даследаванне археолагаў дасць канчатковы і грунтоўны адказ на пытанне аб тым, ваяры з якога боку ляжаць пад гэтымі камянямі. А пакуль проста будзем удзячныя тым неабыякавым жыхарам нашай краіны, якія настойліва імкнуліся захаваць і такія помнікі нашай вялікай гісторыі.
У 1933 г. на сродкі ўладальніка гэтых зямель графа Тышкевіча са светлай цэглы ўзведзены касцёл Св. Юрыя ў неараманскім стылі. Пасля Другой сусветнай вайны святыня была прыстасаваная савецкімі ўладамі пад кінатэатр. У 1990-я гг. храм аднавілі і вярнулі вернікам. Ад сядзібы «Раманы» захаваўся драўляны сядзібны дом і каменная лядоўня. Тут прайшлі дзіцячыя гады беларускага пісьменніка Ядвігіна Ш (Антона Лявіцкага).
Ад старажытнага маёнтка, які быў заснаваны тут у канцы XVIII ст., захаваўся сядзібны дом, узведзены з драўлянага брусу на моцным каменным фундаменце са скляпеністымі сутарэннямі. Побач у 1930 г. пабудаваны жылы драўляны дом з тэрасай па ўсёй даўжыні будынка. Можна ўбачыць некалькі арыгінальных гаспадарчых пабудоў, браму маёнтка, рэшткі пейзажнага парку.