Маршрут Мір-2 >
Кропкі маршрута Мір-2
На невялікім узвышшы недалёка ад рэчкі Міранка паміж прыватнай забудовай вул. Савецкай і Маскоўскай можна ўбачыць старадаўнія габрэйскія могілкі, магчыма, закладзеныя яшчэ ў сярэдзіне XVI ст. Захавалася толькі частка масіўнай агароджы, наверсе якой усталяванае металічнае падабенства вянка, разгорнутага па ўсёй даўжыні агароджы. У пачатку XXI ст. усталявана новая брама.
Гэта вышэйшая рэлігійная габрэйская навучальная ўстанова, асноўным прадметам вывучэння якой з'яўляецца Талмуд. Мірскі ешыбот і сёння застаецца адным з найбуйнейшых у свеце. Тут праходзілі навучанне будучыя рабіны з многіх краін Еўропы. Пабудаваны ешыбот з цэглы ў стылі класіцызму ў пачатку XIX ст. У 1939 г. савецкія ўлады настаялі на закрыцці ўстановы. Большасць навучэнцаў былі перапраўленыя ў Шанхай.
Кагал – гэта орган праўлення габрэйскай абшчыны. Ён быў пасярэднікам у вырашэнні разнастайных адміністрацыйных і юрыдычных спраў паміж членамі абшчыны і мясцовай уладай. У пачатку цяперашняй вул. Кірава ў самым канцы XIX ст. узведзены манументальны будынак кагала. Некаторыя даследчыкі лічаць, што гэтая пабудова ўзводзілася як банк, падпарадкаваны габрэйскай абшчыне, дзе праводзіў паседжанні і мясцовы кагал.
Драўляная каталіцкая капліца сёння знаходзіцца ў сярэдзіне прыватнага сектара пасёлка. Пабудаваная яна ў стылі народнага дойлідства з элементамі класіцызму ў 1861 г. Невялікая пабудова мае трохгранную апсіду, два вокны і ўваход, магчыма, першапачаткова аформлены невялікімі навесамі на слупах. Яшчэ адна капліца ў псеўдарускім стылі збудаваная на сродкі Францішкі Заслаўскай з цэглы ў 1909 г. і знаходзіцца на скрыжаванні недалёка ад замка.
Яшчэ адна старажытная пабудова, што губляецца сярод прыватнага сектара па вул. Кірава. Складзена гэта прысадзістая будыніна з часанага палявога каменю і цэглы. Захаваліся нават, магчыма, арыгінальныя жалезныя дзверы. Узведзены будынак у 60-я гг. XIX ст. і выкарыстоўвалася, хутчэй за ўсё, як кузня заможнага татарскага майстра, які абслугоўваў конны транспарт.
Яшчэ адна сінагога, якая ўваходзіць у пералік пабудоў сінагагальнага двара. Яна была ўзведзена ў другой палове XIX ст. і з'яўляецца адной з самых прыгожых пабудоў гэтага комплексу. Багаты вонкавы дэкор яе сцен з моманту пабудовы істотна не змяніўся.
Крыж знаходзіцца ля абочыны дарогі, якая вядзе праз раку Ушу на Ярэмічы. Магчыма, гэты крыж-абярэг, ці паклонны крыж, быў усталяваны падчас змены ўладальніка Мірскага маёнтка. Новай уладальніцай у пачатку 80-х гг. XIX ст. стала Марыя Гагенлое-Шылінгсфюрст. На крыжы выбітая напаўсцёртая дата: не тое 1883, не тое 1888 г. Крыж увесь пакрыты пісьмёнамі.
Упершыню Мір згадваецца ў 1395 г. з нагоды нападу крыжакоў. У 1579 г. мястэчка атрымала Магдэбургскае права. Старая частка сённяшняга пасёлка кампактна размешчана вакол яго цэнтральнай плошчы. Гэта былыя жылыя дамы і гандлёвыя крамы прадстаўнікоў татарскіх і габрэйскіх суполак мястэчка. Сёння пабудовы, якія прадстаўляюць архітэктурную каштоўнасць, адрэстаўраваныя і выкарыстоўваюцца ў розных гаспадарчых мэтах.
Гэты сінагагальны двор з'яўляецца адным з самых вялікіх двароў, якія захаваліся ў Беларусі. Нейкая частка пабудоў, збудаваных прыкладна ў 80-х гг. XIX ст., страчаная незваротна. У ліку тых, якія захаваліся, – ужо згаданы ешыбот, хедар, дом рабіна, сінагога, пансіён для дзяўчынак, будынак кагала. На вул. 1 Мая захавалася сінагога.
Першыя прадстаўнікі татарскага народа пачалі сяліцца на землях ВКЛ у часы вялікага князя Вітаўта, пачынаючы з канца XIV ст. Гэта былі ў тым ліку і татары, паланёныя ў бітве на Сініх Водах (1362 г.). Да заселеных татарамі населеных пунктаў належаў і Мір. Татарскія могілкі размешчаныя на невялікім пагорку за хрысціянскімі могілкамі. Пахаванні тут пачалі праводзіцца, хутчэй за ўсё, з сярэдзіны XVI ст.