Маршрут Навагрудак-1 >
Кропкі маршрута Навагрудак-1
Гэтая навучальная ўстанова была адкрыта ў 1919 г. як навагрудская беларуская гімназія. У 1934 г. польскія ўлады закрылі гімназію, а ў 1939 г. яна была зноў адкрыта па ініцыятыве будучага беларускага навукоўца, прафесара Барыса Кіта, які стаў дырэктарам гэтай навучальнай установы. Таксама ў гімназіі некалькі гадоў працаваў настаўнікам малявання мастак Язэп Драздовіч. Убачыць будынак гімназіі, пабудаваны ў класічным стылі, можна па вул. Сячко, 1. Сёння там таксама размешчана навучальная ўстанова.
Пабудаваны дом у 1807 г. У 1881 г. ён быў знішчаны пажарам, але неўзабаве адноўлены. У 1920 г. на падставе ўказа ўладаў Навагрудскага павета ў доме быў створаны музей і бібліятэка імя Міцкевіча. Падчас Другой сусветнай вайны будынак быў разбураны падчас авіяналёту. Зноў музей быў адноўлены і адкрыты ў 1955 г. У 1990-я гг. дзякуючы польскім рэстаўратарам музей набыў той выгляд, які мы бачым сёння.
Драўляны замак ужо стаяў на гэтым месцы ў пачатку XI ст. Каменнымі вежамі ён абзавёўся ў пачатку XIV ст. У XVI ст. гэта была ўжо самая магутная цытадэль, у якой налічвалася цэлых сем каменных вежаў. Падчас вайны з Масковіяй (1654-1667 гг.) замак тройчы разбураўся, а тыя руіны, што засталіся, узарвалі шведы ў 1706 г. У пачатку XIX ст. сцены замка нават разбіралі на будаўнічыя матэрыялы. Захаваўся падмурак царквы, у якой адбылося абвяшчэнне незалежнай праваслаўнай мітраполіі ВКЛ. З 1920-х гг. польскія археолагі праводзяць рэстаўрацыйныя работы і кансервацыю руін замка.
На месцы паганскага капішча прыкладна ў 1395 г. князем Вітаўтам была закладзена мураваная святыня ў стылі готыкі і барока. Храм некалькі разоў перабудоўваўся і дабудоўваўся. У 1799 г. у касцёле хрысцілі Адама Міцкевіча. Пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. храм быў зачынены царскімі ўладамі, а ў 1922 г. адноўлены. Асабліва добры агляд на святыню адкрываецца з Замкавай гары.
Цагляны касцёл у стылі барока пабудаваны ў 1724 г. на сродкі віленскага ваяводы К. Хадкевіча. Пацярпеў ад пажараў у 1751 і 1831 гг., але быў адноўлены. Да паўстання 1830-1831 гг. пры касцёле дзейнічала дамініканская школа, якую скончылі А. Міцкевіч і Я. Чачот. Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады прыстасавалі будынак храма пад краму. Адноўлены і вернуты вернікам касцёл ў 1993 г. Сёння тут вядуцца рэстаўрацыйныя працы.
Заснаваны манастыр быў у 1929 г. Праз некалькі гадоў пры ім была адкрыта агульнаадукацыйная школа, у якую прымаліся дзеці не толькі з Навагрудка, але і з навакольных вёсак. Пабудовы манастыра ўзведзены ў стылі канструктывізму з элементамі класіцызму, маюць асноўны двухпавярховы корпус з прыбудаванымі аднапавярховымі крыламі і каменны службовы корпус з высокімі скляпамі. У 1943 г. адзінаццаць назарацянак аддалі свае жыцці ў абмен на вызваленне 120 жыхароў горада, арыштаваных фашыстамі. Манастыр дзейнічае і сёння.
Магчыма, на месцы гэтай святыні ў мінулым стаяла некалькі драўляных мячэцяў, апошняя з якіх праіснавала да сярэдзіны XIX ст. У 1855 г. яе знеслі і ўзвялі новую драўляную мячэць. У 1930-я гг. яна аднаўлялася. Пасля Другой сусветнай вайны храм быў зачынены савецкімі ўладамі і прыстасаваны пад жыллё, і толькі ў 1994 г. мячэць была адрэстаўраваная і зноў адкрыта для вернікаў.
Храм, які першапачаткова быў каталіцкім, пабудаваны з цэглы ў стылі позняга барока ў 1780 г. пры кляштары францысканцаў. Пасля падаўлення паўстання 1830-1831 гг. царскія ўлады зачынілі кляштар і перадалі касцёл праваслаўнай царкве. У 1851 г. касцёл быў значна перабудаваны. Цудоўна захаваўся і адзін з карпусоў манастыра, хоць на сённяшні дзень ён шматразова перабудаваны.
Хоць ні ў Навагрудку, ні ў яго ваколіцах ніякай чыгункі няма, будынак чыгуначнай станцыі там маецца. Сёння гэта аўтобусная станцыя. Тлумачыцца гэта тым, што падчас Першай сусветнай вайны нямецкімі салдатамі была пракладзена чыгуначная галіна з Наваельні да Любчы праз Навагрудак. Дзейнічала гэтая галіна аж да 1965 г., пасля чаго была разабраная, а вось нязначна відазменены будынак вакзала захавалася.